Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнат Чэхіі прыняў пастанову пра «тэрарыстаў» зь беларускіх КДБ і ГУБАЗіКу


Праскі град. Ілюстрацыйнае фота
Праскі град. Ілюстрацыйнае фота

15 лютага Сэнат Чэскай Рэспублікі прыняў пастанову адносна рэпрэсій у Беларусі супраць грамадзянскай супольнасьці і заклікаў прызнаць КДБ і ГУБАЗіК арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм.

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская мае сустрэцца з абраным прэзыдэнтам Чэхіі Пэтрам Паўлам на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, якая пройдзе з 17 па 19 лютага.

Чаму важная пастанова Сэнату Чэхіі пра Беларусь

Пастанова па Беларусі ўзьнікла і разглядалася асобна ад пастановы наконт расейскай агрэсіі супраць Украіны, прычым у праграме сёньняшняга пасяджэньня пленума Сэнату яна папярэднічае апошняй, адзначыла кіраўніца Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі Крысьціна Шыянок.

У рэзалюцыі Сэнату даецца ацэнка сытуацыі ў Беларусі:

  • З тэрыторыі Беларусі зь лютага 2022 узброеныя сілы Расейскай Фэдэрацыі ажыцьцяўляюць атакі на Ўкраіну, што робіць вышэйшых прадстаўнікоў беларускага рэжыму саўдзельнікамі злачынства агрэсіі, зьдзяйсьненьнем якога яны надзвычай груба парушаюць Хартыю ААН.
  • Нязгода з ваеннай агрэсіяй Расеі супраць Украіны сёньня ў Беларусі лічыцца крымінальным злачынствам.
  • У Беларусі сёньня дзейнічае сьмяротнае пакараньне, прычым да шэрагу пратэстоўцаў рэжым ставіцца як да тэрарыстаў, каб прызначыць ім вышэйшую меру пакараньня.
  • У Беларусі сёньня налічваецца пад 1450 палітычных вязьняў, і іх колькасьць павялічваецца, прычым доступу да іх ня маюць ні сямейнікі, ні чальцы дыпляматычнага корпусу альбо назіральнікі.
  • Працягваюцца маштабныя рэпрэсіі з боку ўладных структур рэжыму, прычым КДБ і паліцэйскім падразьдзяленьнем ГУБАЗіК злоўжываюць для перасьледу палітычнай апазыцыі і запужваньня грамадзянскай супольнасьці.
  • Менскі рэжым, які прымусова пасадзіў самалёт кампаніі [Ryanair] у траўні 2021 году толькі дзеля таго, каб затрымаць журналіста Рамана Пратасевіча і Сафію Сапегу, учыніў тым самым акт дзяржаўнага тэрарызму і напад на дэмакратыю, свабоду слова і эўрапейскі сувэрэнітэт.

З улікам вышэйназванага, сэнацкая камісія рэкамэндавала ўраду накласьці санкцыі на супрацоўнікаў карных структураў КДБ і ГУБАЗіК і з улікам іх мэтадаў абвясьціць гэтыя структуры арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм.

Пастановай прапанавана:

  • забясьпечыць працяг візавай праграмы «Грамадзянская супольнасьць» на наступны пэрыяд;
  • даваць новыя ўрадавыя стыпэндыі для абраных беларускіх студэнтаў;
  • выкарыстаць усе іншыя інструмэнты, каб аказваць эфэктыўную дапамогу грамадзянскай супольнасьці, незалежным СМІ і журналістам, якія працуюць у Беларусі, а таксама тым, якія перанесьлі сваю дзейнасьць за мяжу.

Як узьнікла рэзалюцыя і хто яе ініцыяваў

Гэтая пастанова ўзьнікла ў сэнацкім камітэце замежных спраў, абароны і бясьпекі, які ўзначальвае сэнатар Павел Фішар. Менавіта зь яго ініцыятывы ў парадак дня першага пасяджэньня камітэту ў новым 2023 годзе быў унесены пункт пра Беларусь, які меў назву «Палітыка Чэскай Рэспублікі ў дачыненьні да Беларусі — абмежаваньні і магчымасьці». Разгляд пункту адбываўся ў два пасяджэньні — 10 студзеня (абмеркаваньне праблематыкі) і 8 лютага (абмеркаваньне праекту пастановы).

На першае пасяджэньне ў якасьці гасьцей з правам слова былі запрошаныя Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі (прадстаўляла яго кіраўніца Крысьціна Шыянок), няўрадавая арганізацыя Civic Belarus/Občanské Bělorusko, а таксама прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства замежных спраў.

Як расказала Свабодзе Крысьціна Шыянок, Офіс дэмакратычных сілаў агучваў наступныя тэмы:

  • візавыя абмежаваньні ў дачыненьні да беларускага студэнцтва і дапамога зь легалізацыяй канкрэтнай групе студэнтак і студэнтаў, якія былі залічаныя на вучобу ў 2022/2023 годзе;
  • кароткачасовыя візы з мэтай наведваньня сям’і для сваякоў тых, у каго міжнародная абарона, дадатковая абарона, віза талерантнасьці і хто «неўязны» ў Беларусь;
  • гуманітарныя праграмы і ўрадавыя стыпэндыі для былых палітвязьняў зь ліку беларускага студэнцтва.

Тэму тэрарыстычнага характару дзеяньняў КДБ і ГУБАЗіК уздымалі раней падчас сваіх афіцыйных візытаў у Чэхію Сьвятлана Ціханоўская і прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінэту па транзыце ўлады Павал Латушка.

«Амбасадар Томаш Пэрніцкі ў новай функцыі будзе спрыяць таму, каб беларускаму парадку дня аддавалася належная ўвага»

15 лютага стала вядома, што амбасадар Чэхіі ў Беларусі Томаш Пэрніцкі пакідае пасаду і вяртаецца ў Прагу. Томаш Пэрніцкі павінен заняць пасаду начальніка пратаколу ў канцылярыі новаабранага прэзыдэнта Пэтра Павэла. Кіраўніца Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі Крысьціна Шыянок вельмі ўсьцешаная гэтым рашэньнем.

Крысьціна Шыянок
Крысьціна Шыянок

— Перадусім гэта вельмі дасьведчаны дыплямат, які амаль тры гады ўзначальваў дыпляматычны пратакол у МЗС Чэхіі, быў амбасадарам у Грузіі, а яшчэ раней намесьнікам амбасадара ва Ўкраіне. Але што найбольш істотна, ён стаў сьведкам рэвалюцыйных падзей у Беларусі ў 2020 годзе і потым на ўласныя вочы бачыў сьпіраль рэпрэсій. Варта згадаць, што ён быў сярод дыпляматаў — абаронцаў Сьвятланы Алексіевіч, калі яе хацелі арыштаваць. Менавіта Томаш Пэрніцкі падтрымліваў жонку палітзьняволенага і цяпер палітзьняволеную Дар’ю Лосік. Спадар дыплямат увесь гэты час стаяў на баку беларускай грамадзянскай супольнасьці: ён наведваў «палітычныя судзілішчы», дасылаў лісты і тэлеграмы палітзьняволеным, сустракаўся зь сямейнікамі палітвязьняў, браў удзел у акцыях памяці ў Курапатах і шмат іншага. Я перакананая, што ў новай функцыі ён будзе спрыяць таму, каб беларускаму парадку дня аддавалася належная ўвага.

Што цяпер зьменіцца ў дачыненьнях Чэхіі і ўладаў Беларусі, а таксама Чэхіі і дэмакратычных сілаў Беларусі? Адказвае Крысьціна Шыянок.

— Чэскі бок, наколькі нам вядома, не плянуе высылаць у Менск новага амбасадара. Спадара Пэрніцкага заменіць chargé d’affaires ad interim, што ў сьвеце дыпляматыі азначае фактычнае паніжэньне ўзроўню дачыненьняў. Мы ж павінны будзем засяродзіць увагу на ўсталяваньні стасункаў з новым галавой Чэхіі. Магу падзяліцца інфармацыяй, што абраныя прэзыдэнт Чэхіі і прэзыдэнтка Беларусі сустрэнуцца на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, якая пройдзе з 17 па 19 лютага. Дадам, што яны ўжо асабіста знаёмыя. Іх першая сустрэча адбылася ў знакавы для чэскага народу дзень 17 лістапада мінулага году ў Нацыянальным тэатры ў Празе, дзе праходзіла цырымонія ўручэньня ўзнагародаў «Памяці народу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG