Цікава тое, што заклікаюць яны розных адмыслоўцаў па-рознаму, і прыярытэты ў дзяржавы ня тое каб нечаканыя, але ўсё адно сумныя.
Вайскоўцы, якія адслужылі 25 гадоў, змогуць бясплатна атрымаць арэнднае жытло ва ўласнасьць. У бліжэйшыя два гады ім плянуюць пабудаваць каля 700 тысяч квадратных мэтраў такога жытла. Адразу бачна: вайскоўцы дзяржаве патрэбныя, і яна гатовая падвышаць стаўкі, абы прыводзіць людзей у сфэру і потым замінаць ім сысьці.
І зусім іншая сытуацыя з мэдыкамі. Іх у Беларусі не хапае каля васьмі тысяч, але максымум, на які пагаджаецца дзяржава, — прадаваць ім арэнднае жытло пасьля 15 гадоў працы. А яшчэ ім пабудуюць у Менску вялікі інтэрнат.
Так, вы ўсё правільна зразумелі. Высокакваліфікаваным спэцыялістам, якія літаральна ратуюць жыцьці, пабудуюць новы інтэрнат блёчнага тыпу. У кожным блёку — два пакоі. У кожным пакоі — ад трох да чатырох мэдыкаў. І гэта — дзяржаўная падтрымка, накіраваная на тое, каб зьменшыць у Менску дэфіцыт мэдпэрсаналу. У інтэрнаце змогуць жыць адначасова да 1202 чалавек, а гэта значыць, што сталічная мэдыцына вось-вось зайграе новымі фарбамі.
Але не, давайце ня будзем рабіць выгляд, што гэта нармальна. Дактары ў эўрапейскай сталіцы ў дваццаць першым стагодзьдзі не павінны жыць у інтэрнаце па чатыры чалавекі ў пакоі! Гэта ж нейкі абсурд!
Але як добра гэты абсурд дэманструе, за каго цяперашнія ўлады гатовыя змагацца па-сапраўднаму, а каму толькі прапаноўваюць прыніжальныя ўмовы з поўнай упэўненасьцю, што мэдыкі будуць рады койка-месцу ў інтэрнаце. І ведаеце, што самае жахлівае? Пэўная колькасьць і праўда будзе яму рада, бо інтэрнат — гэта ўсё, на што часта можна разьлічваць, працуючы ў беларускай мэдыцыне.
Калі я думаю пра гэты інтэрнат, узгадваю гісторыі, як вэтэранаў Другой сусьветнай віншавалі з 9 траўня печывам, скумбрыяй і манкай. Гэта проста па-чалавечы ненармальна — гаварыць на словах, якія людзі важныя, як моцна дзяржава сацыяльна арыентаваная, а на практыцы паводзіцца так, быццам мы на машыне часу перамясьціліся ў галодныя часы, калі і манка, і інтэрнат былі вялікім шчасьцем.
А на дзяржканалах працягваюць расказваць, як у Беларусі добра жыць і як людзі з ЭЗ проста мараць пераехаць на гэтую выспу багацьця, радасьці і свабоды. Вось толькі ў рэальнасьці тыя ж мэдыкі едуць не ў Беларусь, а зь Беларусі. Бо будучы інтэрнат — гэта, канечне, цікава, але за мяжой мэдыкам так прыніжацца няма патрэбы.
Яшчэ ў 2020 годзе Лукашэнка казаў, што калі ня будзе праблем з жытлом, ня будзе і адтоку кадраў. Праз тры гады, пасьля пандэміі каранавірусу і масавых рэпрэсій (якія працягваюцца), гэта гучыць ці то сьмешна, ці то агідна. Праблема далёка ня толькі ў жытле. Але нават калі б яна была толькі ў ім, інтэрнат з койка-месцамі для дактароў і доктарак нельга назваць годным рашэньнем. Яны вартыя большага.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.