Чаму Свабода ня будзе цытаваць інтэрвію Надзеі Астапчук
Генэральны дырэктар тэлеканалу АНТ Марат Маркаў узяў інтэрвію ў славутай лёгкаатлеткі, штурхальніцы ядра Надзеі Астапчук. 15 сьнежня Астапчук была затрыманая супрацоўнікамі сілавых структур.
Па зьвестках Свабоды, цяпер спартоўка пад хатнім арыштам. У 2020 годзе Надзея Астапчук падтрымала рух за справядлівыя выбары.
Маркаў вядомы тым, што браў інтэрвію ў зьняволеных на той момант Юрыя Васкрасенскага і Рамана Пратасевіча. Цяпер дадалася яшчэ адна перадача.
Заснавальнік Фонду спартыўнай салідарнасьці Аляксандар Апейкін у камэнтары Свабодзе патлумачыў сваю пазыцыю, чаму ня трэба ніяк рэагаваць на падобныя «інтэрвію».
«Паліттэхнолягі і прапагандысты рэжыму выдатна разумеюць, як працуе інфармацыйнае ўзьдзеяньне. Калі мы назіраем гэтак званыя „пакаяльныя відэа“, то гэта ня што іншае, як інфармацыйныя апэрацыі. Задача такіх кампаній, вядома, ня проста паказаць чалавека, які „пакаяўся“, а ўзьдзейнічаць на грамадзтва, на сьвядомасьць. Гэта тэхналёгіі інфармацыйнай вайны».
На думку Аляксандра Апейкіна, адна справа, калі гэта відэа з рандомным і мала каму вядомым чалавекам, а зусім іншая, калі пра асобу ведае вялікае мноства людзей. У такую катэгорыю якраз трапляюць спартоўцы.
«Ад спартоўцаў шмат чаканьняў, бо яны атаясамліваюцца з моцнымі, валявымі людзьмі, таму да іх часта апэлююць. На спартоўцаў шмат у чым раўняюцца, і прапаганда гэта выдатна разумее. Зрабіць „пакаяльнае відэа“ са спартоўцам — гэта ўдалая апэрацыя. Варта помніць, што відэа запісваецца з тымі людзьмі, якіх фактычна ўзялі ў закладнікі. У тых умовах, у якіх утрымліваюць затрыманых, зламаць чалавека вельмі проста. І нельга думаць, што вось я такі валявы і моцны, я б не зламаўся. Гэта ня так. Там працуе сыстэма, людзі дзесяцігодзьдзямі ламаюць арыштаваных. Іншы момант — чалавек, які трапляе ў палон, не павінен праходзіць праз такія выпрабаваньні. Ён не павінен губляць здароўе, жыцьцё».
Прадстаўнік Фонду спартовай салідарнасьці кажа, што яны ня маюць прэтэнзій ні да кога з атлетаў, хто быў вымушаны зьняцца ў падобных перадачах.
«Усё зразумела, што чалавек гэта кажа, будучы ў палоне. Мы ня маем права кагосьці асуджаць, нават камэнтаваць мы нічога ня можам. Я ведаю, што існуюць людзі, якія шукаюць у падобных інтэрвію нейкія сэнсы, аналізуюць, спрачаюцца. Гэта глупства. Сьпікер кажа тое, чаго ад яго патрабуюць. Нельга праяўляць ніякіх эмоцый, можна толькі ігнараваць з разуменьнем, што гэта інфармацыйная вайна», — лічыць Апейкін.
Суразмоўца Свабоды падкрэсьлівае, што такая тэхналёгія была выдатна адпрацаваная на прыкладзе Рамана Пратасевіча.
«Калі ён даў інтэрвію, то яго абмяркоўвалі, мабыць, месяц: паспаў, паеў, жаніўся, разьвёўся. А ў гэты час рэальных людзей білі і катавалі. Цяпер ёсьць спроба такія рэчы паўтараць. Я заклікаю людзей быць разумнымі і ня весьціся на ўсё гэта».
Па словах Аляксандра Апейкіна, многія беларускія спартоўцы, якія выступілі супраць улады, альбо ўжо зьехалі зь Беларусі, альбо рыхтуюцца гэта зрабіць.
«Я асабіста ня ведаю ніводнага чалавека, які б пасьля 2020 году зьмяніў свае погляды. А тое, што мы бачым цяпер, — проста спробы чалавека выжыць у нечалавечых умовах».
Свабода ня будзе цытаваць інтэрвію Надзеі Астапчук.
Перасьлед Надзеі Астапчук
Расейская журналістка Кацярына Яньшына была на Акрэсьціна з 5 па 20 студзеня і расказала «Нашай ніве» , што чула ад сваіх сукамэрніц пра ўмовы, у якіх тады сядзела Надзея Астапчук.
Калі Кацярына была ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), ёй расказвалі, што Надзея Астапчук на Акрэсьціна. У ЦІП вельмі горача, а на Акрэсьціна, наадварот, вельмі холадна. Паводле сукамэрніц Кацярыны, спартоўка захварэла падчас зьняволеньня, але нават у такім стане, лежачы на падлозе, закрывала сабой людзей ад скразьняку.
Раней Надзея Астапчук падпісала ліст беларускіх спартоўцаў «За сумленныя выбары і супраць гвалту» і адкрыта асуджала вайну ва Ўкраіне.
Астапчук прадала з аўкцыёну за 11 100 даляраў залаты мэдаль чэмпіянату Эўропы 2005 году. Грошы накіравала на падтрымку іншых спартоўцаў і палітвязьняў, якія пацярпелі пасьля выбараў-2020.
Гэта ня першы выпадак, калі зьняволеныя беларусы выступаюць па дзяржаўнай тэлевізіі
Былы галоўны рэдактар тэлеграм-каналу NEXTA Раман Пратасевіч таксама даваў інтэрвію кіраўніку беларускага дзяржаўнага тэлеканалу ОНТ, былому вайскоўцу і экс-супрацоўніку адміністрацыі Лукашэнкі Марату Маркаву.
На камэру Пратасевіч заявіў, што «прызнае» віну ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 КК Беларусі). Журналісты падчас інтэрвію зьвярнулі ўвагу на сьляды катаваньняў на ягоных руках. Дзе цяпер Раман Пратасевіч і ў якім ён стане, мала што вядома.
14 чэрвеня Пратасевіч зьявіўся на брыфінгу МЗС. Свабода тады таксама не цытавала ягоныя словы, паколькі ён быў зьняволены.
- Блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў», быў затрыманы 23 траўня 2021 году ў Менску.
- У гэты дзень самалёт Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню, быў прымусова пасаджаны ў Менску нібыта праз паведамленьне аб выбуховай прыладзе на борце. Пратасевіч быў пасажырам гэтага рэйсу. Празь яго, на думку ICAO, самалёт і пасадзілі.
Хто такая Надзея Астапчук
Надзея Астапчук — беларуская лёгкаатлетка, рэкардсмэнка Беларусі ў штурханьні ядра. Чэмпіёнка Эўропы 2005 году (у закрытых памяшканьнях), срэбная прызэрка чэмпіянатаў сьвету 2001, 2003 (у закрытых памяшканьнях) і 2003 (на паветры). Атрымала перамогу ў чэмпіянаце сьвету 2005 году і Алімпійскіх гульнях 2012 году, але пазьней яе пазбавілі залатых мэдалёў з прычыны допінгавай дыскваліфікацыі.
У 2012 годзе атрымала Ордэн Айчыны III ступені.
У 2020 годзе Астапчук падпісала ліст беларускіх спартоўцаў «За сумленныя выбары і супраць гвалту», адкрыта асуджала рэжым Лукашэнкі і вайну ва Ўкраіне.
Астапчук прадала з аўкцыёну залаты мэдаль чэмпіянату Эўропы 2005 году за 11 100 даляраў. Грошы накіравала ў падтрымку спартоўцаў і палітвязьняў, якія пацярпелі пасьля выбараў-2020.
15 сьнежня Астапчук была затрыманая супрацоўнікамі сілавых структур.