Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка пужае народ будучыняй. Піша Валер Карбалевіч


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ва ўладаў няма ніякага наратыву будучыні. Ад слова «зусім». Таму даводзіцца зьвяртацца да гісторыі.

Сьцісла:

  • Беларускія ўлады ўзьнімаюць чарговую хвалю ўвагі да гістарычнай памяці.
  • Лукашэнка прапануе грамадзтву ня сьветлую будучыню, яе няма, на гарызонце адны пагрозы. Ён заклікае захаваць тое, што ёсьць.
  • Цяпер Беларусь у вачах сьвету — гэта жорсткая тыранія з эканомікай, якая падае, з сумнеўным сувэрэнітэтам.
  • І вось тут псыхалягічнай апорай і павінна стаць гістарычнае мінулае. Бо іншых наратываў проста няма.

Беларускія ўлады ўзьнімаюць чарговую хвалю ўвагі да гістарычнай памяці. 1 лютага прайшло сёмае пасяджэньне Рэспубліканскай рады па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі прэзыдэнта. Яго ўзначаліў сам кіраўнік Адміністрацыі Ігар Сергеенка. Прайшло яно на базе Нацыянальнай акадэміі навук. За год сем паседжаньняў. Мінулы 2022 год быў абвешчаны годам гістарычнай памяці. Падкрэсьлівалася, што ў дзяржаўных СМІ «чырвонай ніткай праходзіла гістарычная памяць», што дазволіла «пасьлядоўна сфармаваць у нашых грамадзян цікавасьць да зададзеных падзей айчыннай гісторыі». То бок вакол гэтай тэмы разгорнута шумная палітыка-прапагандысцкая кампанія.

Звонку ўсё гэта выглядае дзіўнавата, як сюррэалістычная бюракратычная цягамоціна, нібы гэтыя людзі жывуць у нейкім сваім паралельным сьвеце. Зь якой прычыны ўлады ўпэўнены, што калі расказаць насельніцтву «праўду» пра гістарычнае мінулае, найперш пра «Вялікую Айчынную вайну», то народ палюбіць Лукашэнку?

Аднак зь іншага гледзішча ў такой увазе да гісторыі ёсьць пэўная палітычная лёгіка. Справа ў тым, што акрамя тэрору і нагнятаньня страху, грамадзтву трэба прапанаваць нейкую калі не ідэалёгію, то хоць бы яе сурагат. А прапанаваць асабліва няма чаго. Ва ўладаў няма ніякага наратыву будучыні. Ад слова «зусім».

Расейскі праўладны палітоляг Фёдар Лук’янаў, ацэньваючы сэнсы дзяржаўнай прапаганды, пісаў: «Атрымліваецца, што „вобраз будучыні“ беларусаў зводзіцца да вобраза нязьменнага прэзыдэнта, які клянецца ніколі не аддаць уладу „мярзотнікам“».

Увогуле, калі ўважліва слухаць, што кажа Лукашэнка сваім чыноўнікам, то яго мэсыдж даволі немудрагелісты. Ён цьвердзіць, што сытуацыя ў краіне хісткая, усё няпэўна, незалежнасьць пад пагрозай, нас могуць зьмяць, затаптаць, задушыць вонкавыя і ўнутраныя ворагі, таму нам трэба аб’яднацца, згуртавацца, мацаваць дысцыпліну, каб выжыць. То бок на парадку дня пытаньне выжываньня, тут не да разьвіцьця. Гэта тое «дасягненьне», да якога прыйшла краіна ў выніку 29-гадовага кіраваньня аднаго чалавека.

Лукашэнка прапануе грамадзтву ня сьветлую будучыню, яе няма, на гарызонце адны пагрозы. Апошні год ён увесь час пужае народ вайной. Лукашэнка заклікае захаваць тое, што ёсьць. Бо калі яго самога ня будзе, то стане горш. Замест пазытыўнай матывацыі прапануецца нэгатыўная.

То бок сам Лукашэнка, магчыма, нават не ўсьведамляючы, пужае народ будучыняй, там наперадзе ўсё страшна. А як жа жыць без надзеі, чым сэрца супакоіць? Трэба нечым запоўніць ідэалягічную пустэчу, стварыць нейкі пазытыўны кантэнт, нельга ўсё зводзіць да барацьбы з ворагамі.

І вось тут псыхалягічнай апорай і павінна стаць гістарычнае мінулае: перамога ў вайне з фашызмам, генацыд беларускага народу, савецкія наратывы, агульны гістарычны лёс з Расеяй. Мінуўшчына павінна замяніць будучыню. То бок прапануецца ісьці ў будучыню, павярнуўшы галаву назад. Так і рухацца задам наперад.

А як усё пачыналася? На пачатку свайго кіраваньня Лукашэнка адрынуў шлях дэмакратычнай трансфармацыі камуністычнай сыстэмы, па якім пайшлі іншыя сацыялістычныя краіны, прапанаваў альтэрнатыўны праект. Ён быў названы «беларуская мадэль разьвіцьця».

Гэты праект быў заснаваны на ілюзіі, што можна забясьпечыць разьвіцьцё без дэмакратычнай трансфармацыі, кансэрвуючы асноўныя элемэнты савецкага мінулага. Дзяржаўныя прапагандысты прэзэнтавалі Беларусь як «эканамічнага тыгра Ўсходняй Эўропы». На гэты праект так ці інакш арыентаваліся ўсе левыя і антызаходнія сілы на постсавецкай прасторы, у рэгіёне Ўсходняй Эўропы. Быў створаны міт, што Лукашэнка пабудаваў грамадзтва без багатых.

Сам ён быў вялікім энтузіястам сваёй мадэлі, што спрычынілася да зьяўленьня ў яго мэсіянскага комплексу. Вось што ён тады казаў:

  • «Часам, лёсам, сытуацыяй Беларусь вылучылася на, напэўна, вялікую ролю духоўнага лідэра ўсходнеэўрапейскай цывілізацыі» (2003 г.);
  • «Нам зайздросьцяць усе людзі, нават у далёкім Таджыкістане моляцца на Беларусь» (2000 г.);
  • «Мадэль разьвіцьця Беларусі ўхваляюць сёньня і ў ЗША, і многія бяруць яе на ўзбраеньне» (2009 г.).

І куды гэта ўсё падзелася? Крызіс пачаўся з эканомікі. З 2010 году тэмпы росту эканомікі складалі каля 1% у год. У перакладзе на зразумелую мову — рост спыніўся, пачалася доўгая стагнацыя. Калгас «10 гадоў без ураджаю».

Пратэставы выбух 2020 году разбурыў міт пра шчасьлівы беларускі народ, які жыве і не нарадуецца са свайго «народнага прэзыдэнта». Увесь гэты ідэалягічны пухір лопнуў.

Цяпер Беларусь у вачах сьвету — гэта жорсткая тыранія з эканомікай, якая падае, з сумнеўным сувэрэнітэтам, з дыктатарам, які 29 гадоў трымаецца за ўладнае крэсла «пасінелымі пальцамі». Гэта краіна, зь якой у масавым парадку ўцякаюць людзі. Краіна, якая стала дэстабілізатарам рэгіянальнай бясьпекі, стварае суседзям розныя пагрозы — ваенную, міграцыйную, гуманітарную.

Таму ўсё, што застаецца, — гэта ганарыцца мінулым, спрабаваць пераключаць грамадзтва на гістарычны парадак дня. А наколькі гэта працуе, дае эфэкт, — такое пытаньне нават не стаіць. Бо іншых варыянтаў проста няма.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG