Раман Пратасевіч, які праходзіць па адной справе зь імі і афіцыйна знаходзіцца ў Беларусі пад хатнім арыштам, у рэлізе ня згадваецца.
30 сьнежня Генэральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу аўтараў тэлеграм-канала Nexta Пратасевіча, Пуцілы і Рудзіка. У ліку абвінавачваньняў:
- Распальваньне сацыяльнай варожасьці і варажнечы;
- арганізацыя масавых беспарадкаў, навучаньне і іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў іх;
- публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, акту тэрарызму, іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім;
- паклёп і публічная абраза прэзыдэнта.
Таксама Пуцілу і Рудзіку ў розным спалучэньні залічалі ўчыненьне наступных злачынстваў:
- змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;
- фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці;
- дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь.
Пуцілу таксама інкрымінавалі арганізацыю дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі.
Пры накіраваньні крымінальнай справы ў суд Генпракуратура «ў інтарэсах дзяржавы» заявіла пазоў аб пакрыцьці абвінавачанымі маёмаснай шкоды на агульную суму больш за 30 млн рублёў.
Паведамляецца, што ў дачыненьні да Пуцілы і Рудзіка, якія знаходзяцца за мяжой, праведзена «спэцыяльнае вядзеньне». Пратасевіч, затрыманы пасьля прымусовай пасадкі ў Менску 23 траўня 2021 году самалёта, які накіроўваўся з Афінаў у Вільню, цалкам выканаў умовы заключанага зь ім дасудовага пагадненьня аб супрацоўніцтве і знаходзіцца пад хатнім арыштам.
На паведамленьне Генпракуратуры іранічна адрэагаваў Рудзік у сваім тэлеграм-канале: «Віну цалкам прызнаю і выплачваю 15 мільёнаў баксаў (завочна). За сябе і за дзецюкоў. Зьніміце, пажалкін, абвінавачаньні. Стаміўся завочна сядзець».
Што трэба ведаць пра завочныя суды ў Беларусі
- Як тлумачаць улады, «спэцыяльнае вядзеньне — гэта вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
- Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, бо выехалі з краіны, асьцерагаючыся катаваньняў і крымінальнага перасьледу з палітычных прычын.
- 27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- 12 сьнежня ў Беларусі пачаўся першы завочны суд: пяцёх абвінавачаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі» выклікалі ў Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня на 10:00.
- У першы сьпіс на завочны суд уваходзілі рэдактарка прызнанага «экстрэмісцкім» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Улады лічаць іх адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- Падобныя справы пачалі таксама супраць Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз, а таксама ўдзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, праваабарончага цэнтру «Вясна», тэлеграм-каналу Nexta, Каардынацыйнай рады, Валера Цапкалы.
- Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі супраць вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна. 26 сьнежня 2022 году ім прысудзілі 12 гадоў турэмнага зьняволеньня за заклікі да пераносу спартовых турніраў.
- 18 студзеня 2023 году вынесьлі выракі ў «справе ЧКБ». Сазановіч, Багдановічу, Навошу, Высоцкай і Занямонскай прысудзілі па 12 гадоў турмы. Кожнаму зь фігурантаў таксама прысудзілі штрафы ў памеры 500 базавых велічынь. КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.