Яны зьяўляюцца бюстамі, усталяванымі на пастамэнтах вышынёй у чалавечы рост ля музэя-панарамы «Сталінградзкая бітва», паведамляе «Кавказ.Реалии».
Кіраўнік Валгаградзкай абласной думы Аляксандр Блошкін у сваім выступе назваў Сталіна, Жукава і Васілеўскага «архітэктарамі Сталінградзкай перамогі».
«Сёньня ў недружалюбных краінах бураць нашыя помнікі, бураць помнікі ўсе, зьвязаныя зь імем савецкага салдата. У нашай краіне ўзяты іншы курс — на захаваньне памяці аб Вялікай Айчыннай вайне», — сказаў Блошкін.
Аб намеры ўладаў Валгаграду ўсталяваць бюсты савецкаму правадыру і военачальнікам часоў Другой сусьветнай вайны стала вядома ў канцы студзеня. Пры гэтым помнік Сталіну стаў другім у горадзе — у сьнежні 2019 г. мясцовыя камуністы паставілі бэтонную скульптуру на тэрыторыі абласнога камітэту КПРФ.
2 лютага Валгаград мае намер наведаць прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Перад ягоным прыездам мясцовыя ўлады прынялі захады бясьпекі, якія жыхары горада назвалі беспрэцэдэнтнымі.
У 2013 годзе дэпутаты Валгаграду прынялі рашэньне паставіць на ўездах і выездах з горада таблічкіі «Сталінград» у памятныя даты, але на гэты раз таблічкі зьмянілі за два дні да ўрачыстасьцяў, ужо 30 студзеня.
Сучасную назву Валгаград атрымаў у 1961 годзе, пасьля выкрыцьця часткі злачынстваў сталінскага пэрыяду кіраваньня. Да гэтага 36 гадоў ён зваўся Сталінградам. Гістарычная назва горада — Царыцын, па імені ракі Царыцы. У гонар Сталіна горад быў перайменаваны, таму што падчас грамадзянскай вайны ў Расеі ён кіраваў абаронай населенага пункту. У час Другой сусьветнай вайны Сталін зьяўляўся Вярхоўным галоўнакамандуючым.