Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плюс поўная і безумоўная капітуляцыя. Чаго хоча дамагчыся Лукашэнка, робячы прапанову «зьбеглым»


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Лукашэнку патрэбна адчуваньне перамогі, якое ніяк не настае, — нягледзячы на тое, што, здавалася б, пратэст цалкам здушаны. Няма карціны зламанага ворага, а таму няма і трыюмфу.

Сьцісла:

  • Палітычная кампанія ў справе вяртаньня «зьбеглых» не акрэсьленая нейкімі юрыдычнымі рамкамі.
  • Усе гарантыі камісіі грамадзянам, якія захочуць вярнуцца, могуць быць перакрэсьленыя генэральным пракурорам.
  • Палітычныя рэпрэсіі і эміграцыя закранулі даволі шырокі пласт грамадзтва, што выклікае пэўны розгалас, робіць дрэннае ўражаньне ў асяродзьдзі абывацеляў і дзяржапарату.
  • Пачатая кампанія — гэта хутчэй імітацыя рашэньня праблемы, чым сапраўднае рашэньне.
  • Галоўная прычына, дзеля якой Лукашэнка пагадзіўся пайсьці на гэтую кампанію, палягае ў жаданьні ўбачыць маральна зламаных, добраахвотна ўкрыжаваных праціўнікаў.

Такім чынам, у Беларусі стартавала палітычная кампанія ў справе вяртаньня «зьбеглых». Дакладней, нават палітыка-прапагандысцкая. Яна не акрэсьленая нейкімі юрыдычнымі рамкамі. Зьвярніце ўвагу: няма ніякага прававога дакумэнта, кшталту ўказа Лукашэнкі, дзе былі б пералічаны артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія б не распаўсюджваліся на тых, хто пагодзіцца прыняць умовы, прапанаваныя ўладамі. Праект указу нібыта яшчэ толькі распрацоўваецца. Адносна гэтых людзей не абвешчана амністыя. Няма нават складу адпаведнай міжведамаснай камісіі. Пакуль толькі прызначаны яе старшыня — генэральны пракурор Андрэй Швед.

Паводле Шведа, кожная кандыдатура «зьбеглага» будзе абмяркоўвацца асобна, прычым абсалютна суб’ектыўна. Бо ніякіх правілаў і прававых рамак няма. Яшчэ вельмі важная акалічнасьць: нават калі чалавек атрымае ад гэтай камісіі адказ, што да яго няма ніякіх прэтэнзій, ён можа спакойна вяртацца, але пасьля прыезду яго ўсё роўна могуць прыцягнуць да адказнасьці — у адпаведнасьці з аднаасобным рашэньнем старшыні камісіі! То бок усе гарантыі камісіі могуць быць перакрэсьленыя генэральным пракурорам. Такім чынам, улады не гатовыя на літасьць і дараваньне нават на ўзроўні абяцаньняў. І гэтага не хаваюць.

Лукашэнка падчас нарады 24 студзеня, на якой абмяркоўвалася гэтае пытаньне, сказаў: «Вы, напэўна, заўважылі ў СМІ, калі я заявіў пра тое, што мы гатовыя размаўляць з тымі, хто ўсьвядоміў сваю віну і гатовы жыць на радзіме, вы бачылі, як захлынуліся ўсе гэтыя тэлеграм-каналы, чаты і іншыя: „Ах, тут хапаюць сілавікі тых, што паспрабавалі прыехаць, саджаюць, ці ледзь не забіваюць!“ Абсалютная лухта. Ніхто нікога не хапае».

Між тым незалежныя мэдыя (тыя самыя «тэлеграм-каналы, чаты») шмат паведамлялі пра шматлікія выпадкі арыштаў тых, хто вярнуўся. Днямі кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Беларусі Анатоль Лапо заявіў, што пры ўезьдзе ў Беларусь летась за «экстрэмізм» затрымалі звыш 50 чалавек. Дык хто кажа лухту?

Але галоўнае пытаньне палягае ў тым, навошта ўсё гэта спатрэбілася Лукашэнку. Здавалася б, зьяжджаюць ягоныя праціўнікі — то і добра. Няхай застаюцца толькі «ябацькі».

Частковае тлумачэньне патрэбы ў гэтай кампаніі дае сам Лукашэнка: «У асобнай частцы нашага грамадзтва зьявіўся запыт на дадзеную тэму... Нам ня трэба ствараць дадатковыя нейкія пункты напружаньня ў нашым грамадзтве».

Справа ў тым, што палітычныя рэпрэсіі і эміграцыя закранулі даволі шырокі пласт грамадзтва. Згодна з сацыялягічным онлайн-апытаньнем нямецкага Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх і міжнародных дасьледаваньняў, праведзеным у цяпер ужо далёкім сьнежні 2020 году, гвалтам сілавікоў былі закранутыя, самі або празь сям’ю ці знаёмых, да 20% грамадзянаў. За мінулыя два гады маштаб гвалту моцна павялічыўся. Да яго дадалася масавая эміграцыя. Ад тэрору ўладаў пацярпелі нават дзеці высокіх лукашэнкаўскіх чыноўнікаў, пра што рэгулярна паведамляюць мэдыя. Гэта выклікае пэўны розгалас, робіць дрэннае ўражаньне ў асяродзьдзі абывацеляў і дзяржапарату, што заўважыла і палітычнае кіраўніцтва. Да таго ж палітычны тэрор адмоўна ўплывае на эканоміку, сацыяльную сфэру (ІТ-сэктар, мэдыцына, культура, спорт і інш.) Што пачынаюць заўважаць людзі, напрыклад, празь недахоп дактароў.

І Лукашэнка нібыта зрэагаваў на гэты запыт. Але тыя ўмовы, якія выстаўленыя для вяртаньня «зьбеглых», робяць практычна немагчымым гэты працэс у больш-менш масавым парадку. Таму пачатая кампанія — гэта хутчэй імітацыя рашэньня праблемы, чым сапраўднае рашэньне.

Але, падаецца, галоўная прычына, дзеля якой Лукашэнка пагадзіўся пайсьці на гэтую кампанію, ляжыць у іншым рэчышчы. Калі паслухаць, што казаў Лукашэнка на нарадзе 24 студзеня, то гэта фактычна прапанова палітычным апанэнтам падпісаць акт аб безумоўнай капітуляцыі. Дараваць ён гатовы тым, «хто спатыкнуўся, усьвядоміў гэта», хто гатовы ператварыцца ў «„ябацек“ яшчэ большых, чым тыя, хто сёньня нас атачае», «хто стаў на шлях выпраўленьня і хоча загладзіць сваю віну». «Тыя, хто ўсьвядоміў, хто раскаяўся, зрабіў публічную заяву. Гэта абавязкова. А затым разам зь людзьмі, грамадзкасьцю — журналістамі, блогерамі, хто быў на перадавой, — мы будзем вырашаць, што зь імі зрабіць», — кажа Лукашэнка.

Яму патрэбна адчуваньне перамогі, якое ніяк не прыходзіць, нягледзячы на тое, што, здавалася б, пратэст цалкам здушаны. Няма карціны зламанага ворага. Яму патрэбен белы сьцяг, падняты на тым баку барыкад. А яго няма. Пакаяльныя відэа з турмы ўжо мала кранаюць душу. Бо ўсё гэта пад ціскам турэмшчыкаў. А яму хочацца пабачыць, што людзі робяць гэта добраахвотна, дзеля таго каб вярнуцца. Убачыць маральна зламаных, добраахвотна ўкрыжаваных былых апанэнтаў, якія сьлёзна просяць літасьці — вось тады, можа, і зьявіцца адчуваньне перамогі. Дзеля гэтага — і «сталінскія» прысуды, і законы аб завочных судах, пазбаўленьні грамадзянства, канфіскацыі маёмасьці. А ўжо праяўляць літасьць ці не — пытаньне другаснае.

Мяркую, ніякага іншага сэнсу ў гэтай кампаніі няма.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG