Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падмацаваў праімпэрскую тэорыю». Чаму Зяленскі не згадаў пра беларусаў у кантэксьце паўстаньня 1863 году


Уладзімер Зяленскі, 23 студзеня 2023
Уладзімер Зяленскі, 23 студзеня 2023

У віншавальным лісьце, зачытаным у Варшаве на цырымоніі з нагоды 160-годзьдзя пачатку паўстаньня 1863 году, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі не згадаў беларусаў. Чаму?

Зразумела, што такія «фігуры замоўчваньня» ня могуць быць вынікам выпадковасьці альбо недастатковай прафэсійнай кваліфікацыі сьпічрайтэраў кіраўніка дзяржавы, якія ў любы момант могуць пракансультавацца з гісторыкамі (акадэмічная гістарычная навука ва Ўкраіне даўно пазбаўленая ўплыву «русского мира» і ўсяляк падтрымліваецца дзяржавай).

Але заявы палітыкаў з рэтраспэкцыямі ў мінуўшчыну рэдка калі маюць акадэмічны характар. Часам кажуць, што гісторыя — гэта палітыка, зьвернутая ў мінулае, і падаецца, што цяпер мы бачым менавіта такі выпадак. Прычым у яго максымальна канцэнтраваным выглядзе.

Прычына — саўдзел цяперашняга кіраўніцтва Беларусі ў агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Аднак у такім кантэксьце заява Зяленскага можа сьведчыць пра некалькі сумнеўных пазыцый, на якіх, магчыма, базуюцца адносіны кіраўніцтва ўкраінскай дзяржавы да Беларусі.

Найперш гэта атаясамліваньне беларускага народу з Лукашэнкам, прызнаньне яго легітымным выразьнікам волі беларусаў, што ўжо асудзіла ў сваёй заяве Рада БНР. Такое стаўленьне супярэчыць пазыцыі заходніх саюзьнікаў Украіны, якія не прызналі сапраўднымі выбары 2020 году (а калі паглыбіцца ў гісторыю, яшчэ ў 1996 годзе назвалі дзеяньні Лукашэнкі, накіраваныя на зьмену Асноўнага закону, «антыканстытуцыйным пераваротам»).

Па-другое, гэта ігнараваньне ўкраінскім кіраўніцтвам найбольш актыўнай патрыятычнай (і, дадам, адначасна праўкраінскай) часткі беларускага грамадзтва, якая змагаецца за незалежнасьць і дэмакратычную пэрспэктыву Беларусі. А некалькі сотняў — і за незалежнасьць Украіны ў складзе фармаваньняў УСУ, у тым ліку і ў складзе палку імя Кастуся Каліноўскага.

Нельга не прыгадаць і асуджаных на вялізныя турэмныя тэрміны «рэйкавых партызанаў», і тых, каго катавалі ў ГУБАЗіКу і на Акрэсьціна за асуджэньне вайны супраць Украіны.

Дзеля гістарычнай справядлівасьці трэба прызнаць, што спадар Зяленскі ўсяго толькі працягвае традыцыю сваіх папярэднікаў: ніводзін з прэзыдэнтаў Украіны на працягу мінулых дзесяцігодзьдзяў не сустракаўся зь лідэрамі беларускай апазыцыі альбо грамадзянскай супольнасьці (не бяру да ўвагі сэлфі ў кулюарах міжнародных самітаў).

Найбольш простае тлумачэньне — афіцыйны Кіеў заўсёды пралічваў рэальныя шанцы апазыцыі ў барацьбе за ўладу і не жадаў псаваць адносіны з тым, хто гэтую ўладу трымаў — ці то маладой жалезнай хваткай, ці то «пасінелымі пальцамі».

Ну ня ўсім жа быць Вацлавамі Гавэламі.

У сытуацыі, калі які заўгодна крок супраць Лукашэнкі можа справакаваць (ці быць нагодай) для непасрэднага ўступленьня Ўзброеных сілаў Беларусі ў вайну, такая асьцярожнасьць можа ўспрымацца як прагматызм, прадбачлівасьць.

Realpolitik, спадарыні і спадары.

Аднак такая пазыцыя, чым бы яна ні тлумачылася, у ідэалягічным сэнсе падмацоўвае таго, каго Кіеў справядліва лічыць сваім галоўным ворагам — Крэмль зь яго «русским миром».

Заўважце: Лукашэнка ня згадвае антырасейскае паўстаньне 1863 году, як і ўсе іншыя факты змаганьня беларускага народу супраць акупацыі Расейскай імпэрыяй (у тым ліку і зь яе рэінкарнацыяй — СССР).

У гэтым сэнсе камуністычныя ідэолягі часоў БССР былі значна больш прагрэсіўнымі за сучасных лукашэнкаўскіх: яны нават прапагандавалі барацьбу беларускага народу з «расейскім царызмам».

У інтэрпрэтацыі ж лукашэнкавых ідэолягаў беларускі народ змагаўся выключна з акупацыяй панскай Польшчы, нацысцкай Нямеччыны, а цяпер (ясна, пад чыім непахісным кіраўніцтвам) супрацьстаіць націску NATО.

І гэта цалкам упісваецца ў ідэалягічны канцэпт «русскомирских» ідэолягаў, якія заяўляюць, што Кастусь Каліноўскі — гэта не беларускі дзеяч, і ягоныя памкненьні супярэчылі «русским чаяньям исконноправославного населения Северо-Западного края».

Жадаў таго Зяленскі ці не жадаў, але сваёй заявай-ігнараваньнем ён падмацаваў гэтую сумнеўную антынавуковую праімпэрскую тэорыю.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG