Як паведаміла прэс-служба Бундэстагу, на гэты пункт парадку дня адведзена 45 хвілін, пасьля чаго дакумэнт будзе адпраўлены для далейшай прапрацоўкі ў парлямэнцкі камітэт па замежных справах, піша BPN.
Як паведамляў BPN, у той жа дзень камітэт Бундэстагу па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе заслухае справаздачу ўраду Нямеччыны аб становішчы палітвязьняў і нацыянальных меншасьцяў у Беларусі.
20 студзеня нямецкі парлямэнт на працягу 40 хвілін абмяркоўваў справаздачу ўраду аб палітыцы ў сфэры правоў чалавека. Дакумэнт рыхтуецца па рашэньні Бундэстагу кожныя два гады, пачынаючы з 1991-га. Цяперашняя справаздача ахоплівае пэрыяд з 1 кастрычніка 2020 па 30 верасьня 2022 году.
У частцы справаздачы, датычнай Беларусі, гаворыцца, што, «нягледзячы на шматразова пацьверджаныя абвінавачаньні ў катаваньнях і жорсткім абыходжаньні, сярод супрацоўнікаў сіл бясьпекі пануе культура беспакаранасьці».
Падкрэсьліваецца, што беларускія ўлады праводзяць сыстэмную кампанію супраць праваабарончых арганізацый, незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасьці і апазыцыйных груп. Хвалям рэпрэсій, перасьледам і прыгнёту садзейнічае сыстэматычнае ўзмацненьне жорсткасьці закону. Свабода меркаваньняў, СМІ, абʼяднаньняў масава парушаецца. Колькасьць палітвязьняў, паводле зьвестак праваабаронцаў, на момант падрыхтоўкі дакладу перавысіла 1200 (цяпер 1438— РС). «Лічбавыя каналы сувязі падлягаюць дзяржаўнаму нагляду і цэнзуры», — канстатуецца ў дакумэнце.
Акрамя таго, «беларускі рэжым нясе адказнасьць за мэтанакіраваную эксплюатацыю і незаконнае перакіданьне бежанцаў і мігрантаў празь зьнешнія межы ЭЗ».
Урад Нямеччыны нагадвае, што Беларусь застаецца апошняй краінай у Эўропе, дзе прымяняецца сьмяротнае пакараньне. Рашэньні Рады ААН па правах чалавека ўладамі ў Менску не прымаюцца, рэкамэндацыі ўпаўнаважанага па правах чалавека не выконваюцца, мандат спэцыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі не прызнаецца.