Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітзьняволены жыхар Магілёва Валадар Цурпанаў выйшаў на волю


Валадар Цурпанаў у судзе, архіўнае фота
Валадар Цурпанаў у судзе, архіўнае фота

Валадара Цурпанава двойчы каралі карцарам за беларускую мову.

Паводле інфармацыі праваабарончага тэлеграм-каналу Mayday.Team, магілёўскі актывіст Валадар Цурпанаў 19 студзеня вызваліўся пасьля двух гадоў зьняволеньня. Ён адбыў увесь тэрмін да канца.

За што асудзілі Цурпанава

Валадара Цурпанава суд Круглянскага раёну за «парушэньне ўмоваў адбываньня пакараньня ва ўстанове адкрытага тыпу» адправіў на 2 гады ў калёнію агульнага рэжыму. Падставай для крымінальнага перасьледу актывіста, асуджанага на тры гады «хіміі» за зьнявагу двух магілёўскіх судзьдзяў, сталі дысцыплінарныя спагнаньні за парушэньне ўнутранага распарадку.

Вінаватым сябе Цурпанаў не прызнаў і заявіў, што яго незаконна і несправядліва ўзялі пад варту. Інкрымінаваны яму 415 артыкул ён лічыць «рудымэнтам гулагаўскай сыстэмы пакараньня», які мае быць скасаваны. Зьняволеньне, на ягоную думку, — помста за тое, што ён дамогся сустрэчы з кіраўнікамі гораду і вобласьці, на якой агучыў патрабаваньні пратэстоўцаў.

Двойчы ў карцары за беларускую мову

У карцар Валадар Цурпанаў трапляў двойчы. Жонцы ён паведамляў, што прычынай для пакараньня яго штрафным ізалятарам была беларуская мова. Актывіст прасіў ахоўнікаў, каб зь ім гаварылі па-беларуску, а гэта ўспрымалася імі як парушэньне ўнутранага распарадку.

17 чэрвеня старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім накіравала ва ўстановы МУС лісты, у якіх заявіла пра ўціск зьняволеных сяброў арганізацыі ТБМ, якія гавораць па-беларуску. Яна прапанавала «правесьці тлумачальную працу ў сыстэме МУС аб недапушчальнасьці перасьледу зьняволеных за карыстаньне дзяржаўнай беларускай мовай» і нагадала, што гэта парушэньне дзейнай Канстытуцыі.

Пасьля звароту Алены Анісім ад Цурпанава стала вядома, што зь ім сустракаўся прадстаўнік абласнога ўпраўленьня Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў ды высьвятляў, ці сапраўды парушаюцца яго правы. На аповед зьняволенага службовец адказаў, што будзе разьбірацца.

Хто такі Цурпанаў

Валадар Цурпанаў — актывіст апазыцыі з канца 1980-х гадоў. Кіраваў абласной арганізацыяй Партыі БНФ. У 1997-м галадаў 10 дзён у ізалятары. У жніўні 2020-га дамогся сустрэчы пратэстоўцаў з кіраўнікамі гарадзкой і абласной выканаўчай улады Магілёва. Першага верасьня 2020-га прыйшоў на ўрачыстую лінейку ў 43-ю магілёўскую школу і заклікаў пэдагогаў, якія працавалі ва ўчастковых камісіях, пакаяцца за фальсыфікацыю выбараў. Яго затрымалі і асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту. Агулам за чатыры месяцы пратэстаў правёў у няволі 43 дні. 10 дзён трымаў сухую галадоўку, пратэстуючы супраць незаконнага зьняволеньня. Быў шпіталізаваны. Да зьняволеньня працаваў мантажнікам у прыватнай арганізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG