Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі мяне хочуць пакараць, я прыму гэта з гонарам». Як прайшоў суд над Дар’яй Лосік


Дар’я Лосік
Дар’я Лосік

У Берасьцейскім абласным судзе 19 студзеня будзе вынесены прысуд Дар’і Лосік. Пракурорка папрасіла 2 гады калёніі. Дар’я віну прызнала, але прасіла вынесьці пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі.

Працэс вядзе судзьдзя Мікалай Грыгаровіч. Судовае паседжаньне 18 студзеня доўжылася каля дзьвюх гадзін.

Судзяць за камэнтар тэлеканалу «Белсат»

Дар’ю абвінавачваюць у тым, што яна дала камэнтар тэлеканалу «Белсат», які быў абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваньнем». У судзе прадэманстравалі гэтае відэа. У сваім камэнтары для «Белсата» Дар’я расказвала пра зьняволеньне мужа, журналіста Свабоды Ігара Лосіка, якога пакаралі 15 гадамі пазбаўленьня волі.

«Зьмест і характар інтэрвію сьведчаць пра тое, што ў Дар’і Лосік быў прамы намер у аказаньні садзейнічаньня экстрэмісцкай дзейнасьці», — заявіла пракурорка.

Яна адзначыла, што артыкул не адносіцца да цяжкіх, зьмякчальнымі абставінамі назвала наяўнасьць у Дар’і непаўналетняй дачкі.

Падчас допыту Дар’я сваю віну прызнала.

Пракурорка запрасіла 2 гады калёніі агульнага рэжыму

На думку пракуроркі, пакараньне павінна быць зьвязанае з пазбаўленьнем волі — з улікам высокай ступені грамадзкай небясьпекі экстрэмісцкай дзейнасьці:

«Мяркую, што мэты крымінальнай адказнасьці ў дачыненьні да абвінавачанай, яе выпраўленьня і папярэджаньня ўчыненьня новых злачынстваў, як зь яе боку, так і з боку іншых асоб, будуць дасягнутыя толькі пры прызначэньні абвінавачанай Лосік пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі», — цытуе абвінаваўцу БелТА.

Пракурорка запрасіла для Дар’і 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Падчас допыту Дар’я сваю віну прызнала.

Адвакатка Дар’і зьвярнула ўвагу на чыстасардэчнае раскаяньне сваёй падабароннай, адсутнасьць намеру і ўсялякае садзейнічаньне сьледзтву. І выказала меркаваньне, што справядлівым для Дарʼі Лосік будзе пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі.

«Асабіста я ніякай шкоды нікому не нанесла»

У апошнім слове Дар’я Лосік сказала:

«Калі мяне хацелі пакараць, я прыму гэта з гонарам. Але разам са мной пакаралі маю сямʼю, у тым ліку маю малую дачку», — паведамляе тэлеграм-канал праваабарончага цэнтру «Вясна».

У сям’і Ігара і Дарʼі Лосікаў расьце чатырохгадовая дачка Паўліна, якую цяпер гадуюць бабулі і дзядулі.

Даша не адмаўляе таго, у чым яе абвінавачваюць. Але просіць зразумець і яе стан пасьля затрыманьня мужа — Ігара Лосіка.

«Апошнія два гады былі вельмі цяжкімі ў маім жыцьці. І цяпер мне балюча ўсьведамляць, што мая дачка ідзе ў сад або на шпацыр не са мной, дзеліцца сваімі перажываньнямі таксама не са мной. Асабіста я ніякай шкоды нікому не нанесла. Вельмі прашу суд улічыць гэты факт пры вынясеньні прысуду.

Гатовая панесьці пакараньне, калі я заслугоўваю яго. Але мне б вельмі хацелася, каб яно не перашкодзіла маёй дачцэ ў бліжэйшы час убачыць мяне і сказаць: «Мама, ты сьмешная, я цябе вельмі люблю», — сказала Дарʼя.

Прысуд Дар’і Лосік абвесьцяць 19 студзеня, а 12-й гадзіне.

Увесь час папярэдняга зьняволеньня свайго мужа і пасьля прысуду яму Дарʼя рэгулярна езьдзіла ў турму, дзе ўтрымлівалі Ігара, вазіла яму перадачы, праяжджаючы дзеля гэтага сотні кілямэтраў штотыднёва.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG