Мікалай Статкевіч зноў у ШЫЗА
Пра гэта ў Facebook паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч. Днямі яна атрымала новы ліст ад Мікалая:
«Ужо некалькі разоў пасьля выпіскі з мэдчасткі бралі кроў з пальца на аналіз. Як я разумею, застаецца завышанай СОЭ. Сёньня рабілі «кантрольную» флюараграфію, у тым ліку асобны здымак правага лёгкага.
Звычайная тут сытуацыя — адна «рука» неўзабаве пасьля хваробы саджае ў ШЫЗА, а потым у камэру з мокрым ад столі да нізу кутам, а другая лекуе ад наступстваў. І піша даведкі, што магу быць у ШЫЗА — зь ліста Мікалая ад 05.01.23.
А я гадала, навошта было яго пасьля хваробы пераводзіць у іншую камэру? Верагодна, старая не адпавядала высокім стандартам гэтай установы. Дый сем сантымэтраў нечага вартыя ж.
P. S. Цяпер Мікалай ізноў у ШЫЗА».
Блогер са Слуцку Ўладзімер Няронскі выйшаў на волю
Палітзьняволенага аўтара YouTube-канала «Слуцк для жизни» Ўладзімера Няронскага затрымалі 8 траўня 2020 году. Ён быў за кратамі 2 гады 8 месяцаў і 6 дзён.
Суд Лагойскага раёну 2 лютага 2021 году асудзіў палітвязьня на 3 гады калёніі. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 369 і ч. 1 арт. 342.
Палітвязьня абвінавацілі, што ў сваіх роліках на канале «Слуцк для жизни» ён заклікаў да дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак у Слуцку, Мазыры, Берасьці, Бабруйску, Магілёве. Паводле суду, Няронскі рабіў гэта ў змове з блогерам Сяргеем Ціханоўскім і палітыкам Мікалаем Статкевічам. Таксама Няронскага абвінавацілі ў публічнай абразе ў ягоным роліку на ютуб-канале старшыні Слуцкага райвыканкаму Андрэя Янчэўскага.
Уладзімер адбываў тэрмін у магілёўскай калёніі № 15, адкуль выйшаў на волю 14 студзеня, паведамляе «Вясна».
Да палітзьняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк не пусьцілі адваката, ужо месяц пра яе няма ніякай інфармацыі
«Адвакат Паліны адмыслова прыехаў зь Берасьця ў калёнію ў Гомельскую вобласьць, каб сустрэцца зь ёю, але атрымаў адмову. Быццам бы Паліна мусіла напісаць заяву, што хоча сустрэцца з адвакатам, і гэта стандартная адгаворка. Паліна адказна падыходзіць да такіх момантаў, і ўсе заявы напісаныя загадзя.
Вядома, што на Новы год Паліну зьмясьцілі ў ШЫЗА, і час знаходжаньня там не залічваецца ў час знаходжаньня ў ПКТ. І фактычна Паліна можа знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу значна болей, чым тыя паўгода, што ёй выпісалі», — сказаў у размове зь «Белсатам» муж Паліны Андрэй Шарэнда.
Паліна Шарэнда-Панасюк — актывістка зь Берасьця. Агулам ёй прысудзілі 3 гады калёніі. Са звычайнай жаночай калёніі яе перавялі ў больш жорсткую, а там — у ПКТ. Муж Паліны Андрэй выехаў зь Беларусі ад перасьледу разам зь дзецьмі.