У Савецкім судзе Менску прайшоў суд над палітзьняволенай дасьледчыцай Валерыяй Чарнаморцавай. Справу вяла судзьдзя Вольга Емяльянчанка, паведамляе «Вясна».
Як стала вядома Свабодзе, пракурор запрасіў для Чарнаморцавай пакараньне ў выглядзе 2,5 года «хатняй хіміі». У 16:30 судзьдзя вынесла такі самы вырак: 2,5 года «хатняй хіміі», але паколькі падсудная адбыла ў сьледчым ізалятары 3 месяцы, ёй застаецца 2 гады «хатняй хіміі».
Валерыю затрымалі летась 18 кастрычніка ў Менску пасьля ператрусу ў кватэры. Спачатку яе арыштавалі на 10 дзён, пасьля перавялі ў СІЗА-1 і завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Валерыя Чарнаморцава — дасьледчыца беларускіх вязьняў ГУЛАГу, актывістка БХД, гід. Яна спрычынілася да стварэньня Віртуальнага музэю савецкіх рэпрэсій у Беларусі.
Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах