Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Аднаму з хлопцаў — 21 год, другому — 24. Іх абвінавацілі паводле арт. 341 («Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці») і ч. 2 арт. 361-3 («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асобаў да такога ўдзелу»).
Паводле матэрыялаў сьледзтва адзін зь іх неаднаразова разьмяшчаў у адной з сацсетак публікацыі з заклікам да ўдзелу ў батальёне Кастуся Каліноўскага, «Азове» і іншых фармаваньнях украінскага войска. А яшчэ перавёў 21 эўра для батальёна Кастуся Каліноўскага.
Таксама абодвух хлопцаў абвінавацілі ў тым, што яны наносілі «цынічныя» надпісы і малюнкі на сьцены будынкаў у Гомлі. Суд ацаніў шкоду ў 130 рублёў.
Судовы працэс пачаўся яшчэ 29 лістапада і доўжыўся паўтары месяцы зь перапынкамі, справу разглядаў суддзя Мікалай Доля.
Праваабаронцам пакуль не вядома, хто менавіта з хлопцаў «заклікаў далучыцца да батальёна Каліноўскага», а хто «наносіў надпісы». За першае «злачынства» аднаго з гамельчукоў пакаралі пяцьцю гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, а другі атрымаў за «надпісы» паўтара года пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.