Лукашэнка ўзнагародзіў на прыёме сваіх прыхільнікаў і прапагандыстаў са СМІ, спорту, культуры і іншых сфэраў.
Ён заявіў, што хоча, каб 2023 год стаў годам міра і стварэньня. «І ня толькі на сваёй зямлі», — дадаў ён. Лукашэнка заявіў, што сёньня гэта разумеюць нават тыя, «хто яшчэ ўчора супрацьпастаўляў сябе дзяржаве, выступаў супраць рэжыму».
Аўтарытэтная праваабарончая ініцыятыва Human Rights Watch падвяла вынікі 2022 для Беларусі. Выснова — нягледзячы на пастановы і рэзалюцыі аўтарытэтных міжнародных арганізацый, улады дзяржавы на чале з Аляксандрам Лукашэнкам сыстэматычна ігнаруюць міжнароднае права і звароты да сябе.
Некаторыя высновы справаздачы:
- У 2022 годзе працягвалі зачышчаць незалежныя галасы, у тым ліку шляхам сфабрыкаваных судовых спраў і перасьледу праваабаронцаў, журналістаў, адвакатаў, апазыцыйных палітыкаў і актывістаў. На момант напісаньня справаздачы за кратамі па палітычна матываваных абвінавачаньнях знаходзіліся ня менш за 1340 чалавек (на 12 студзеня ў Беларусі 1440 палітычных зьняволеных, паводле «Вясны». — РС), і ніводная праваабарончая арганізацыя не магла легальна дзейнічаць у Беларусі.
- З 24 лютага ўрад Беларусі дазваляе расейскім войскам выкарыстоўваць тэрыторыю краіны для поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Улады перасьледавалі крытыкаў расейска-ўкраінскай вайны і жорстка разганялі антываенныя пратэсты.
- Улады не змаглі правесьці эфэктыўнага расьсьледаваньня шырока распаўсюджаных сьцьвярджэньняў аб катаваньнях і іншых відах жорсткага абыходжаньня зь мірнымі дэманстрантамі з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў у жніўні 2020 году пасьля маніпуляцый на прэзыдэнцкіх выбарах.