6,5 гадоў па трох артыкулах
Стала вядомай інфармацыя аб судовым рашэньні ў крымінальнай справе палітвязьня з Магілёву Дзьмітрыя Каханоўскага, піша Mayday.
Разглядалі справу ў рамках некалькіх крымінальных артыкулаў:
- арт.352 ч.3 — неправамернае завалоданьне кампутарнай інфармацыяй;
- арт.130 ч.3 — распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варажнечы або варожасьці.
- арт.203 заўв. 1 ч.3 — незаконныя дзеяньні ў адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных.
Судовы працэс адбываўся ў Віцебскім абласным судзе. Судзьдзя — Яўген Буруноў, вядомы сваімі прысудамі ў палітычна матываваных справах.
Суд адбываўся ў закрытым рэжыме. Прысуд — 6,5 гадоў калёніі агульнага рэжыму. На гэты момант Дзьмітрыя этапавалі ў ПК-1. Адрас для лістоў: ПК № 1. 211440, г. Наваполацак, вул. Тэхнічная, 8.
Затрымліваюць менскіх бармэнаў?
Паводле папярэдняй інфармацыі, якую публікуе «Вясна», сілавікі ў Менску затрымалі як мінімум трох бармэнаў. Сярод іх, верагодна, бар-мэнэджар Яўген Кузьняцоў — інфармацыя пра яго затрыманьне зьявілася днямі ў сацсетках.
Затрыманьні бармэнаў могуць быць зьвязаныя з адным з унутраных чатаў — сілавікі нібыта прыходзяць да ўсіх яго ўдзельнікаў.
Паважаныя чытачы Свабоды, калі вам нешта вядома пра гэтыя падзеі, як і пра іншыя, просім вас зьвязацца з рэдакцыяй з дапамогай формы бясьпечнай сувязі.