Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’ю журналістаў Інанец і Лычаўкі пакаралі «хатняй хіміяй»


Сьняжана Інанец і Аляксандар Лычаўка
Сьняжана Інанец і Аляксандар Лычаўка

Суд Першамайскага раёну Менску 13 студзеня агучыў вырак у дачыненьні да журналістаў Сьняжаны Інанец і Аляксандра Лычаўкі.

Як паведамляе БАЖ, абаім прысудзілі абмежаваньне волі паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах). Да таго яны больш за тры месяцы правялі за кратамі ў СІЗА.

Згодна з рашэньнем суду, Сьняжана Інанец мусіць адбыць 2,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову (так званая «хатняя хімія»), Аляксандар Лычаўка — 3 гады паводле аналягічнай санкцыі. Такія ж тэрміны пакараньня патрабаваў бок дзяржаўнага абвінавачаньня.

Пасьля абвяшчэньня судовага рашэньня мужа і жонку вызвалілі з-пад варты ў залі суду, паведамляе БАЖ.

Прысуд не набыў законнай сілы і можа быць абскарджаны, да таго часу асуджаныя будуць абмежаваныя падпіскамі аб нявыезьдзе.

Сувязь з Аляксандрам Лычаўкам і Сьняжанай Інанец зьнікла 6 кастрычніка 2022 году. А ўжо на наступны дзень у адным з тэлеграм-каналаў, блізкім да ГУБАЗіК, зьявілася «пакаяльнае» відэа.

У кадры муж і жонка вымушана «прызнаваліся», што былі падпісаныя на «дэструктыўныя каналы», а ў жніўні 2020-га ўдзельнічалі ў некалькіх акцыях пратэсту.

Пасьля гэтага абое апынуліся ў менскім СІЗА № 1 паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).

Праваабарончая супольнасьць прызнала зьняволеных сужэнцаў палітычнымі вязьнямі.

Да арышту Аляксандар Лычаўка супрацоўнічаў з выданьнем The Village, спэцыялізаваўся на краязнаўчай журналістыцы. Сьняжана Інанец раней была ў камандзе інфармацыйнага парталу Tut.by, а пасьля яго разгрому ўладамі працавала ў рэдакцыі інтэрнэт-рэсурсу Onliner.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG