Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выратаваць палітвязьняў? Хто мае рацыю — Ціханоўская ці сваякі палітзьняволеных?


Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч у судзе Ленінскага раёну Менску. 5 сьнежня 2022
Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч у судзе Ленінскага раёну Менску. 5 сьнежня 2022

29 сваякоў беларускіх палітвязьняў выступілі з супольным зваротам да беларускіх і замежных палітыкаў, у якім заклікалі зрабіць больш рашучыя высілкі дзеля вызваленьня палітычных зьняволеных у Беларусі.

Гэты ліст — пачатак важнай грамадзка-палітычнай дыскусіі, новы этап асэнсаваньня сытуацыі, у якой апынулася краіна.

Сьцісла

  • Ліст сваякоў палітвязьняў абазначыў падыход, альтэрнатыўны падыходу дэмакратычных сілаў на чале зь Ціханоўскай.
  • Захад у абмен на вызваленьне палітвязьняў можа прапанаваць толькі палягчэньне санкцый і прызнаньне рэжыму ў той ці іншай форме.
  • Беларускаму грамадзтву варта вызначыць, ці прымальная для яго такая цана.
  • Неўключэньне Беларусі ў апошнія пакеты санкцый ЭЗ, зробленае меркавана на просьбу Ўкраіны, паказвае, што Захад у стасунках з Лукашэнкам зыходзіць са сваіх стратэгічных інтарэсаў.
  • Гэтыя інтарэсы не супярэчаць інтарэсам беларускага грамадзтва, але і не супадаюць зь імі.

Колькі каштуюць палітвязьні?

Варта зьвярнуць увагу на некалькі ключавых тэзаў ліста. У ім адзначаецца, што абмен палітвязьняў на нейкія крокі насустрач рэжыму не зьяўляецца амаральным дзеяньнем, праводзіцца аналёгія з абменам палоннымі паміж Украінай і Расеяй. Калі гэтыя абмены маральна дапушчальныя, то і гіпатэтычныя абмены беларускіх палітвязьняў на нешта — таксама.

І гэта сапраўды так. Ёсьць шмат прыкладаў падобных абменаў і ў сусьветнай, і ў найноўшай беларускай гісторыі. Пацяпленьні адносін паміж афіцыйным Менскам і Захадам у 2008 і 2015–2016 гадах суправаджаліся менавіта такімі абменамі. У выніку палітвязьні выходзілі на волю.

Другая важная тэза ліста — гэта яго галоўны адрасат: «Мы заклікаем лідэраў свабоднага сьвету да больш рашучых дзеяньняў у вызваленьні палітвязьняў». Галоўны адрасат — Захад, а не дэмакратычныя сілы. Па-першае, таму, што дэмакратычным сілам, па вялікім рахунку, няма чаго прапанаваць у абмен на палітвязьняў; па-другое, таму, што найбольш уплывовая частка дэмакратычных сілаў даволі крытычна і скептычна ставіцца да ідэі падобнага абмену.

Днямі Сьвятлана Ціханоўская агучыла прыярытэты дэмсілаў на 2023 год: «Дэмсілы плянуюць больш інтэнсіўна дабівацца ўзмацненьня санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Ціханоўская настойвае на далейшай палітыцы непрызнаньня Лукашэнкі».

Дык а чым Захад мог бы, нават тэарэтычна, таргавацца з рэжымам Лукашэнкі, што прапанаваць у абмен на вызваленьне палітвязьняў? Ды толькі адваротным таму, што Ціханоўская агучыла ў якасьці прыярытэтаў — аслабленьнем, зьмякчэньнем, непашырэньнем санкцый і нейкімі формамі ці хаця б жэстамі прызнаньня рэжыму.

Тыя нешматлікія выпадкі вызваленьня палітвязьняў, якія мелі месца з 2020 году, і былі вынікам жэстаў прызнаньня, хай ускоснага і ўмоўнага: у 2020 годзе Лукашэнку патэлефанаваў тагачасны дзяржсакратар Майк Пампэо — і на волю выйшаў Віталь Шкляраў; летась Лукашэнку ўручыла даверчыя граматы амбасадарка Швайцарыі — і ў выніку была вызваленая Натальля Хершэ.

Калі экстрапаляваць досьвед гэтых двух асобных выпадкаў, то для вызваленьня сотняў, відаць, спатрэбяцца больш шырокія і выразныя жэсты прызнаньня рэжыму.

Што могуць санкцыі?

Можна бачыць іншы шлях ва ўзмацненьні санкцый, ва ўжываньні «пугі», а ня «перніка». Але санкцыі, і дастаткова жорсткія, дзейнічаюць ужо даволі працяглы час. Пакуль да абрынаньня рэжыму, да яго гатоўнасьці ісьці на саступкі яны не прывялі. Ізноў жа варта прыгадаць уласны гістарычны досьвед. Санкцыі, якія ўводзіліся пасьля 2006 і 2010 году, былі дзейснымі ў тым сэнсе, што ўрэшце рэшт далі магчымасьць заключыць з рэжымам угоду, часткай якой было вызваленьне палітвязьняў. Досьвед паказвае, што, па сутнасьці, у сэнсе ўнутранай палітыкі гэта адзінае, на што можна абмяняць скасаваньне санкцый. Дык ці не надышоў гэты момант ізноў?

Насамрэч гэта вялікая палітычная праблема. Можна папракнуць Ціханоўскую, што яна са сваіх палітычных меркаваньняў ня хоча, каб Захад надта шмат саступаў Лукашэнку за вызваленьне палітвязьняў. Але дзіўна папракаць палітыка тым, што ён зыходзіць з палітычных матываў. Яе палітычныя матывы — яны ж ня толькі яе асабістыя. Якая частка беларускага грамадзтва гатовая на такі абмен, на істотнае скасаваньне санкцый і на прызнаньне рэжыму ў той ці іншай форме, на тое, каб «перагарнуць старонку»? Трэба ўсьведамляць, што цана вызваленьня палітвязьняў — яна вось такая. І Ціханоўская зусім не самотная ў тым, што ня згодная, каб такую цану плацілі.

Але ці не ключавы момант гэтай беларускай спрэчкі — тое, што яе вырашэньне толькі ўскосна і часткова залежыць ад беларускіх бакоў. Стаўкамі ў гэтым гіпатэтычным гандлі валодаюць толькі Захад і рэжым. І ўгода паміж імі будзе заключаная ў залежнасьці ад суадносін іх інтарэсаў. А гэтыя інтарэсы не супадаюць ні з інтарэсамі дэмакратычных сілаў, ні з інтарэсамі сваякоў палітвязьняў. Ня тое што супярэчаць, але не супадаюць.

У чым інтарэсы Захаду і рэжыму?

Вось паведамленьне сёньняшняга дня — выцечка з кулюараў Эўразьвязу, што Беларусь не ўключалі ў апошнія пакеты санкцый на просьбу Ўкраіны. Матывацыя зразумелая — Украіна ня хоча, каб беларускае войска ўступіла ў вайну, і лічыць, што гэта да пэўнай ступені залежыць ад Лукашэнкі. Мо і памыляецца, але ЭЗ гэтыя яе трывогі прыняў да ўвагі.

А цяпер старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен абвяшчае, што ў наступны пакет санкцый Беларусь трапіць. Чаму? Таму што інтарэсы Эўразьвязу, сукупнасьць фактараў, якія ён бярэ пад увагу, склаліся вось так, інакш, чым пры прыняцьці папярэдніх пакетаў.

І падазраю, што заклікі як сваякоў палітвязьняў — аўтараў ліста, гэтак і пазыцыя Ціханоўскай аказалі на гэтыя рашэньні мінімальны ўплыў.

Зь іншага боку, абсалютна не відавочна, што рэжым зараз гатовы хоць на якую ўгоду з Захадам. У 2008 і ў 2015–2016 гадах ён быў зацікаўлены ў паляпшэньні стасункаў з Захадам. Цяпер жа дэманструецца як жаданьне пашыраць рэпрэсіі, гэтак і курс на аўтаркію.

Ніякія меркаваньні бясьпекі не патрабуюць, каб нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі сядзеў на судзе ў клетцы ў кайданках. Не перадушыў бы ён ахоўнікаў, калі б сядзеў без кайданкоў. І СМІ ўсяго сьвету друкуюць гэтыя фота ляўрэата ў кайданках. А на тое і разьлік — так, вось такія мы таксычныя, такі мы Мордар, такія пачвары.

Ну, а нядаўнія законы аб канфіскацыі маёмасьці замежных кампаній і фактычным скасаваньні інстытуту інтэлектуальнай уласнасьці для «недружалюбных» дзяржаў — гэта шлях наўпрост да самаізаляцыі, да аўтаркіі.

Іншымі словамі, выглядае, што прапанова «паўзіце на каленях» — гэта формула «прымірэньня» ня толькі з палітычнымі ўцекачамі, але і з Захадам. Для пераважнай большасьці ўцекачоў яна непрымальная; для Захаду — тым больш. На пэўныя саступкі ў выглядзе паўзы ў новых санкцыях ён пайсьці, зыходзячы са сваіх інтарэсаў, гатовы. На большае — наўрад ці, нават калі Ціханоўская будзе яго да гэтага заклікаць.

У чым інтарэс беларускага грамадзтва?

Але тэарэтычна ўмовы могуць зьмяніцца. Інтарэсы Захаду і рэжыму могуць аказацца ўзгадняльнымі, як тое было ў прыгаданыя пэрыяды паляпшэньня адносін. Пры гэтым падаецца, што калі гэта і адбудзецца, дык з прычыны ваеннай сытуацыі, а не зыходзячы са становішча беларускіх палітвязьняў.

Вызваленьне палітвязьняў можа быць пабочным эфэктам угоды наконт пытаньняў вайны і міру. І, як мне падаецца, дэмакратычным сілам ня варта ўстаўляць палкі ў колы гэтага працэсу.

Ліст сваякоў палітвязьняў — гэта пачатак грамадзкай дыскусіі на тэму, які ж інтарэс беларускага грамадзтва ў гэтай гіпатэтычнай угодзе. Раней падобныя думкі выказвалі збольшага асобныя экспэрты. Цяпер гэта пазыцыя пэўнай калі не палітычнай, то ўжо грамадзкай сілы.

І тут пытаньне ня ў тым, што нехта ў гэтай спрэчцы мае рацыю, а нехта — не. Але менавіта ў гэтай дыскусіі і высьветліцца, які цяпер беларускі нацыянальны інтарэс у гэтым пытаньні.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG