Яна агучыла прыярытэты працы на 2023 год і спосабы падтрымкі Беларусі на міжнародным узроўні. Zerkalo падсумавала асноўнае зь яе прамовы.
— Сытуацыя пагаршаецца. Мы змагаемся за само існаваньне нашай краіны: рэжым робіць больш жорсткімі рэпрэсіі, расейская прысутнасьць павялічваецца ў краіне, — адзначыла лідэрка беларускіх дэмакратычных сіл на самым пачатку свайго выступу.
Па словах Ціханоўскай, першы прыярытэт на новы год — прадухіліць удзел Беларусі ў вайне ва Ўкраіне. Для гэтага дэмсілы плянуюць больш інтэнсіўна дабівацца ўзмацненьня санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Ціханоўская настойвае на далейшай палітыцы непрызнаньня Лукашэнкі, а таксама на дакумэнтаваньні злачынстваў ягонай сыстэмы.
Пры гэтым паралельна яна настойвае на падтрымцы беларусаў у самой Беларусі і за яе межамі.
— Мы павінны падтрымліваць беларусаў, каб яны не адчувалі сябе пакінутымі. Так, другі прыярытэт — працягваць стварэньне фондаў у падтрымку рэпрэсаваных і іх сем’яў, а таксама для рэабілітацыі экс-палітвязьняў, якія выходзяць на волю, — лічыць Ціханоўская. — Падтрымка патрэбная і тым, хто працуе ў выгнаньні, НДА, СМІ. Шмат візавых пытаньняў узьнікае. Трэба паскорыць візавую палітыку, выдаваць візы ў тым ліку ў Беларусі — гэта пытаньне жыцьця і сьмерці для многіх. Мы таксама шукаем рашэньня для тых, каго могуць пазбавіць беларускага грамадзянства.
Яшчэ адным прыярытэтам на новы год лідэрка дэмсілаў называе ўзмацненьне ўплыву дэмсілаў унутры Беларусі і абмеркаваньне беларускага пытаньня на ўсіх узроўнях за мяжой. Дэмакратычныя сілы, паводле яе слоў, павінны прызнавацца як сапраўдныя прадстаўнікі Беларусі.
Таксама Сьвятлана Ціханоўская зазначыла, што важна пашыраць адукацыйныя, культурныя, асьветніцкія праекты, накіраваныя на прасоўваньне беларускай мовы, гісторыі.
— Беларусь — гэта частка Эўропы, а не «русского мира», — падкрэсьліла яна.
Па словах Ціханоўскай, дэмсілы ўжо напісалі праект Канстытуцыі. І актыўна працуюць над рэформамі ў сфэрах эканомікі, палітыкі, ствараюць рэзэрву кадраў і рыхтуюць прафэсіяналаў, якія пасьля будуць працаваць у дэмакратычнай Беларусі.
На пытаньне, як дагрукацца да людзей, якія застаюцца ў Беларусі, лідэрка дэмсілаў адказала, што рэгулярная сувязь з гэтымі беларусамі застаецца праз СМІ, плятформы салідарнасьці, валянтэраў, структуры прадстаўнікоў Абʼяднанага кабінэта.
— Гэта, вядома, складана, улічваючы небясьпеку для іх. Але мы імкнёмся шукаць новыя спосабы данясеньня нашых пасылаў. Мы павінны таксама размаўляць і з «нэўтральнымі» беларусамі, і з тымі, хто на баку рэжыму. Каб растлумачыць, што адбываецца, якія будуць наступствы, хто вінаваты, што санкцыі ўведзеныя, — дадала Ціханоўская.
Падчас вэбінару выступіў таксама міністар замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу. Паводле яго слоў, найперш трэба пазьбягаць далейшага ўцягваньня беларусаў у вайну ва Ўкраіне і аказваць падтрымку дэмакратычным сілам.
— Мы павінны працягваць палітычную ізаляцыю рэжыму Лукашэнкі, а таксама на ўсіх форумах захоўваць прадстаўленасьць беларускага пытаньня. Важна ўводзіць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і пазьбягаць лякун у гэтым пытаньні. Неабходна працягваць кантакты з дэмакратычным рухам, у тым ліку што да будучыні Беларусі і пляну аднаўленьня пасьля падзеньня рэжыму Лукашэнкі. Павінна быць гатовая праграма, — сказаў Рэйнсалу.
Ён дадаў, што пасьля таго, як Сьвятлана Ціханоўская стала членам афіцыйнай эстонскай дэлегацыі, гэта гарантавала ёй доступ у штаб-кватэру ААН. Між тым Эстонія вырашыла вылучыць у беларускі дэмакратычны рух свайго прадстаўніка. Ён будзе знаходзіцца ў Вільні ад пачатку лютага.
— Я спадзяюся, гэта будзе практычным зьвяном паміж Эстоніяй і беларускімі дэмакратычнымі сіламі для далейшай дзейнасьці. Мы павінны таксама старацца, каб на кожнай канфэрэнцыі, дзе ёсьць прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі, таксама прысутнічалі прадстаўнікі пераходнага ўраду, — сказаў Рэйнсалу.