Дзьве не зьвязаныя адна з адной крыніцы ў адной з буйных ІТ-кампаніяў паведамілі выданьню Dev.by, што кіраўніцтва праводзіць гутаркі з супрацоўнікамі, якія данатылі ў фонды, у прыватнасьці, у ByPol і BySol.
Па словах суразмоўцаў, з адміністрацыі Парку высокіх тэхналёгіяў у кампанію нібыта даслалі сьпісы такіх супрацоўнікаў.
— Толькі з нашай кампаніі ў гэтым сьпісе аказалася некалькі сотняў чалавек, — распавяла адна з крыніц. — Кіраўніцтву прапанавана правесьці з усімі супрацоўнікамі са сьпісу асабістую гутарку і прапанаваць ім пагутарыць з прадстаўнікамі спэцслужбаў. Потым заданаціць у 10 разоў больш у фонд, які скажуць. У гэтым выпадку абяцаюць не пачынаць крымінальны перасьлед.
Па словах крыніцы, па выніку гутаркі кампанія павінна паведаміць, ці плянуе супрацоўнік пайсьці на сустрэчу. «Нехта з супрацоўнікаў пасьля асабістай гутаркі з кіраўніком пагадзіўся ісьці, нехта яшчэ думае».
— Што раіць кампанія? Пакуль нічога. Будзем чакаць першых вынікаў. Пра што будуць размаўляць з супрацоўнікамі КДБ, ніхто не ведае. Пра наступствы таксама нічога сказаць нельга. І нічога не вядома аб фондзе, у які прапануюць заданаціць.