Улады абмеркавалі пытаньне 8 сьнежня на паседжаньні рэспубліканскай рады гістарычнай палітыкі. Цяпер сталі вядомыя пэўныя падрабязнасьці.
У інтэрнэт трапіў дакумэнт, які сьведчыць, што ўлады ўсё ж разглядаюць магчымасьць адмовіцца ад трансьлітарацыі на аснове лацінкі, піша Zerkalo.io. Дакумэнт апублікавалі ў адным з тэлеграм-каналаў, гэта дакладная запіска аб выкананьні даручэньня Лукашэнкі. Паводле крыніцы, аналягічныя дакумэнты рассылаюць у розныя дзяржаўныя ўстановы, у тым ліку школы, якія павінны даць справаздачу аб выкананьні, гэта значыць аб «выключэньні практыкі прымяненьня лацінкі».
Як гаворыцца ў дакумэнце, пасьля паседжаньня рэспубліканскай рады гістарычнай палітыкі пры адміністрацыі прэзыдэнта яе кіраўнік Ігар Сергеенка накіраваў Аляксандру Лукашэнку дакладную запіску, дзе пазначыў некалькі пунктаў:
- лацінка з дыякрытычнымі (надрадковымі) знакамі выкарыстоўваецца паводле закону ў адпаведнасьці з пастановай Дзяржаўнага камітэту зямельных рэсурсаў, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2000 г. № 15 «Аб зацьвярджэньні Інструкцыі аб трансьлітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага альфабэту»;
- вулічныя паказальнікі і таблічкі з надпісамі на лацінцы зьявіліся ў асноўным у Менску ў 2014 годзе перад чэмпіянатам сьвету ў хакеі (прыводзяцца фота такіх паказальнікаў);
- «апошнім часам выкарыстаньне такога напісаньня выклікае крытыку з боку навуковай супольнасьці, патрыятычна настроеных грамадзян, грамадзкіх актывістаў і блогераў»;
- у зваротах у дзяржаўныя органы такія асобы канстатуюць «навязваньне з дапамогай лацінізацыі беларускай мовы заходніх лібэральных каштоўнасьцяў і культурных традыцый», адзначаюць «складанасьць успрыманьня» лацінкі і беларусамі, і іншаземцамі, а таксама тое, што паказальнікі на лацінцы «перагружаюць гарадзкое асяродзьдзе».
Як піша далей кіраўнік адміністрацыі, на паседжаньні рады гістарычнай палітыкі ўсе ўдзельнікі, абгаварыўшы пытаньне, пагадзіліся, што лацінка на паказальніках «ускладняе ўспрыманьне інфармацыі і ўскладняе арыентаваньне».
«Пры гэтым было адзначана, што ў яе аснову пакладзены польскі варыянт лацінскай графікі, які з XVI стагодзьдзя выкарыстоўваўся ў мэтах палянізацыі беларусаў разам з навязваньнем каталіцтва», — гаворыцца ў дакладной запісцы Сергеенкі.
У выніку, піша Сергеенка, рада прыняла рашэньне адмовіцца ад лацінкі.
«З улікам неабходнасьці ўмацаваньня гісторыка-культурнай агульнасьці беларускага народу, недапушчэньня прасоўваньня чужых пісьмовых традыцый і культурных каштоўнасьцяў Рэспубліканскай радай у гістарычнай палітыцы прынята рашэньне рэкамэндаваць мясцовым органам улады выключыць практыку прымяненьня лацінкі ў найменьнях вуліц і іншых тапаграфічных аб’ектаў і паступова вывесьці толькі дзяржаўныя мовы», — гаворыцца ў дакумэнце.
Дакладная запіска Сяргеенкі датуецца 14 сьнежня. Мяркуючы па апублікаваным дакумэнце, пасьля атрыманьня гэтай запіскі, 16 сьнежня, Аляксандар Лукашэнка падпісаў даручэньне № 10/87, якое наказвае дзяржаўным органам выключыць ужываньне лацінкі. І тыя прынялі даручэньне да выкананьня.
Арыгінальную інструкцыю для трансьлітарацыі геаграфічных назваў, тую самую пастанову Дзяржаўнага камітэту зямельных рэсурсаў, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2000 г. № 15, зараз практычна немагчыма знайсьці ў адкрытым доступе ў актуальным выглядзе. З сайту Дзяржаўнага камітэту маёмасьці, які загадвае пытаньнямі картаграфіі, яе ўжо выдалілі.