Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Джэрэмі Лоўрэнса.
«Мы сурʼёзна занепакоеныя судом над ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім, які пачаўся ў Беларусі ў чацьвер. Бяляцкаму пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Яшчэ двум прадстаўнікам яго праваабарончага цэнтру „Вясна“ таксама пагражае турэмнае зьняволеньне», — адзначаецца ў заяве.
У ААН заклікалі зьняць абвінавачаньні зь «вясноўцаў» і неадкладна вызваліць іх з-пад варты.
«Паколькі ў гэтым годзе мы адзначаем 75-ю гадавіну Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, Вярхоўны камісар заклікаў раз і назаўжды пакласьці канец адвольным затрыманьням», — падкрэсьліваюць у ААН.
Таксама «палітычна матываваны паказальны працэс» над Бяляцкім, Стэфановічам і Лабковічам асудзіла МЗС Нямеччыны. «Яны знаходзяцца пад судом толькі з прычыны сваёй прыхільнасьці правам чалавека і грамадзянскім правам», — заявілі ў ведамстве і запатрабавалі, каб беларускія ўлады вызвалілі ўсіх палітвязьняў.
Нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі і ягоныя калегі-праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 году — ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зьняволеньня. Зьмітра Салаўёва, які знаходзіцца за мяжой, судзяць завочна, ягоныя інтарэсы прадстаўляе прызначаны сьледзтвам адвакат. Праваабаронцаў абвінавачваюць у «кантрабандзе арганізаванай групай» (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 2 арт. 342 КК).
Справу «вясноўцаў» у судзе Ленінскага раёну Менску разглядае судзьдзя Марына Запасьнік. 5 студзеня, падчас першага судовага паседжаньня, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч не прызналі віны па ніводным з артыкулаў Крымінальнага кодэксу, што фігуравалі ў абвінавачаньні.