Іранскія ўлады абвінавацілі Францыю ў блюзьнерстве і заявілі, што перагледзяць сваё стаўленьне да культурнага супрацоўніцтва з Францыяй. Амбасадар Францыі ў Тэгеране выкліканы ў іранскі МЗС.
Часопіс Charlie Hebdo, вядомы зьедлівай сатырай на палітычныя тэмы, у сьнежні абвясьціў сярод чытачоў конкурс карыкатур на аяталу Хамэнэі. Рэдакцыя дадала, што робіць гэта ў падтрымку іранцаў, якія змагаюцца за свабоду, і хоча «засьмяяць гэтага рэлігійнага лідэра зь іншай эпохі, каб адправіць яго на звалку гісторыі».
4 студзеня ў новым нумары часопіса былі апублікаваныя малюнкі пераможцаў конкурсу. Сярод аўтараў былі і іранскія грамадзяне, і людзі іранскага паходжаньня, якія жывуць у іншых краінах.
Публікацыя выклікала гнеў у іранскіх уладаў. Прадстаўнік МЗС Ірану Насэр Канаані заявіў, што Францыя ня мае права абражаць нацыянальныя і рэлігійныя каштоўнасьці мусульманаў на падставе свабоды самавыяўленьня. МЗС таксама заявіў, што закрыцьцё Францускага інстытуту — толькі «першы крок», які Іран робіць у адказ на публікацыю ў Charlie Hebdo, і што гэтая публікацыя была інсьпіраваная сіяністамі.
Францускі гумарыстычны часопіс Charlie Hebdo выходзіць з 1970 году. Ён вядомы сваімі жорсткімі карыкатурамі на грамадзка-палітычную тэматыку. 7 студзеня 2015 году ў выніку нападу на рэдакцыю часопіса загінулі 12 чалавек, у тым ліку яго вядомыя аўтары. Напад учынілі радыкальныя ісламісты, асноўным матывам стала незадаволенасьць карыкатурамі на прарока Мухамада.