Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі таемна прынялі закон аб канфіскацыі маёмасьці за «недружалюбныя дзеяньні» супраць краіны


Эканамічны суд Менску. Ілюстрацыйнае фота
Эканамічны суд Менску. Ілюстрацыйнае фота

Закон «Аб канфіскацыі маёмасьці», прыняты Нацыянальным сходам 21 сьнежня, апублікаваны на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале.

Аб прыняцьці закону «Аб канфіскацыі маёмасьці» раней афіцыйна не паведамлялі. Апублікавалі яго ў ноч на 6 студзеня.

У законе ўказана, што ён прыняты «з улікам неабходнасьці неадкладнага і эфэктыўнага рэагаваньня на існыя пагрозы нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусі ў рэжыме спэцыяльных абмежавальных мераў» і накіраваны на «гарантаваньне нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусі, яе эканамічнай стабільнасьці, абарону правоў і законных інтарэсаў беларускіх юрыдычных і (або) фізычных асобаў, інтарэсаў грамадзтва і дзяржавы».

Адабраньне маёмасьці будзе адбывацца «па матывах грамадзкай неабходнасьці».

Рашэньне аб прыняцьці меры ў адказ з дапамогай канфіскацыі аб’ектаў права ўласнасьці прымае Савет Міністраў Рэспублікі Беларусі, гаворыцца ў дакумэнце. Пасьля гэтага Дзяржаўны камітэт маёмасьці мае зьвярнуцца ў эканамічны суд Менску з заявай. Яна мае быць разгледжана цягам месяца. Рашэньне суду можна будзе абскардзіць ва «ўстаноўленым законам парадку».

Сканфіскаваныя аб’екты права ўласнасьці павінны паступаць ва ўласнасьць Рэспублікі Беларусі, грашовыя сродкі — пералічвацца ў рэспубліканскі бюджэт.

Пры гэтым у законе дакладна не раскрываецца паняцьце «недружалюбных дзеяньняў». Таксама незразумела, як вызначыць, ці знаходзіцца асоба «пад кантролем замежных асобаў».

У дакумэнце вызначаюцца наступныя тэрміны:

  • афіліяваныя асобы — тыя, хто «проста і (ці) ускосна (празь іншых юрыдычных і (ці) фізычных асобаў) вызначылі рашэньне аб зьдзяйсьненьні недружалюбных дзеяньняў або аказалі ўплыў на прыняцьце такога рашэньня замежнымі дзяржавамі, а таксама юрыдычныя і (ці ) фізычныя асобы, якія залежаць ад рашэньняў асобаў з такіх дзяржаваў і ўключаныя ў пералік, вызначаны Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусі»;
  • Да асобаў з замежных дзяржаў, якія зьдзяйсьняюць недружалюбныя дзеяньні, адносяцца «замежныя асобы, зьвязаныя з замежнымі дзяржавамі, якія зьдзяйсняюць недружалюбныя дзеяньні ў дачыненьні да беларускіх юрыдычных і (ці) фізычных асобаў і асобы, якія знаходзяцца пад кантролем названых замежных асобаў, незалежна ад месца іх рэгістрацыі ці месца пераважнага вядзення імі гаспадарчай дзейнасьці».

Сьцьвярджаецца, што канфіскацыя маёмасьці будзе адбывацца «выключна ў якасьці меры ў адказ пры ўчыненьні ў адносінах да Рэспублікі Беларусі, яе юрыдычных і (ці) фізычных асобаў недружалюбных дзеяньняў».

Закон уступае ў сілу праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікаваньня. Але ўрад мае паўгода на прыняцьцё мераў для яго рэалізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG