Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падсудны ў «справе „Вясны“» Салаўёў: «Нават у Кітаі, у М’янме нобэлеўскія ляўрэаты выходзілі на волю»


Зьміцер Салаўёў, архіўнае фота
Зьміцер Салаўёў, архіўнае фота

Зьміцер Салаўёў, чацьвёрты абвінавачаны ў справе праваабаронцаў «Вясны», які знаходзіцца за межамі Беларусі і якога судзяць завочна, пракамэнтаваў Свабодзе пачатак працэсу.

Зьміцер Салаўёў заявіў, што абвінавачаньні супраць яго і ягоных калег цалкам фальшывыя і абсурдныя:

«Бандыты робяць сваю бандыцкую справу. Сьвет павінен крычаць: «Што ж гэта адбываецца?» Нават у Кітаі, у Мʼянме нобэлеўскія ляўрэаты выходзілі на волю».

Зьміцер Салаўёў эвакуаваўся зь Беларусі яшчэ ў 2021 годзе. Інтарэсы Зьмітра, якога судзяць завочна, фармальна прадстаўляе прызначаны сьледзтвам адвакат.

«Адваката, які прадстаўляе мае інтарэсы ў судзе, я нават ня ведаю, хто гэта. Я ніякіх адвакатаў не наймаў, дамовы не падпісваў, нікому не даваў паўнамоцтваў прадстаўляць мае інтарэсы.

Я не давяраю гэтаму суду і таму, што там адбываецца. Гэта фэйкавы працэс. У Беларусі няма ніякага закону, правасудзьдзя, гэты працэс цалкам інсьпіраваны бандыцкай уладай. Гэта і судом назваць цяжка, гэта тэатар для таго, каб проста запалохаць людзей, ізаляваць лідэраў праваабарончага руху, у тым ліку нобэлеўскага ляўрэата».

Зьміцер Салаўёў расказаў, што здарылася перад яго эвакуацыяй:

«На маю хату пад выглядам ператрусу быў бандыцкі напад у 7 гадзін раніцы 16 лютага 2021 году. Мяне пачалі біць, жонку і 11-гадовую дачку запалохвалі, паклалі тварам у падлогу. Жонцы пачалі пагражаць, што дачку адправяць у дзіцячы дом, калі яна ня дасьць пароль ад тэлефона.

Людзі ў чорным і масках білі мяне. Аднаго я здолеў ідэнтыфікаваць, падпалкоўніка ГУБАЗіКа Валерыя Валадзько, які ўсім кіраваў і біў мяне ў жывот і па галаве. Я знайшоў і іншых людзей, якіх ён біў падчас такіх штурмаў. Калі я запатрабаваў копію пратаколу ператрусу, мяне пабілі зноўку.

Пасьля 12 дзён арышту і абсьледаваньня ў мэдцэнтры, якое выявіла чэрапна-мазгавую траўму, мне было патрэбнае далейшае абсьледаваньне. Я спрабаваў выехаць на лячэньне за мяжу, накіраваўся ў менскі аэрапорт, але там мяне зноў незаконна затрымалі ўжо пасьля перасячэньня мяжы.

Пазьней Сьледчы камітэт завёў на мяне крымінальную справу і прымусіў даць падпіску пра нявыезд. Але пазьней мне ўдалося эвакуавацца зь Беларусі».

Разгляд справы старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, ягонага намесьніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімера Лабковіча пачаўся 5 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Менску. Нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі і ягоныя калегі-праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 году — ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зьняволеньня. Зьмітра Салаўёва, які знаходзіцца за мяжой, судзяць завочна.

Справу вясноўцаў у судзе Ленінскага раёну Менску разглядае судзьдзя Марына Запасьнік. Пракурор — Аляксандар Кароль.

У чым вінавацяць лідэраў «Вясны»

Праваабаронцаў абвінавачваюць у «кантрабандзе арганізаванай групай» (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 2 арт. 342 КК).

У прыватнасьці, праваабаронцам ставяцца ў віну:

  • аплаты штрафаў за некаторых асоб, «прыцягнутых на падставе судовых рашэньняў, якія набылі законную моц, да адказнасьці за адміністрацыйныя правапарушэньні, зьвязаныя з парушэньнем грамадзкага парадку і вызначанага на тэрыторыі краіны парадку кіраваньня; іншыя правапарушэньні, учыненыя ў сувязі з выказваньнем пратэсту на дзеяньні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь»;
  • выплаты такім асобам грашовых кампэнсацый за сродкі, затрачаныя імі на аплату штрафаў;
  • аплаты замест некаторых асоб, «якія ўчынілі названыя адміністрацыйныя правапарушэньні, рахункаў за харчаваньне ў месцах адбыцьця спагнаньняў у выглядзе адміністрацыйных арыштаў»;
  • аплаты працы адвакатаў, «у тым ліку за абарону ў крымінальных працэсах шэрагу асоб, прызнаных падазраванымі і пасьля прыцягнутых у якасьці абвінавачаных у крымінальных справах, зьвязаных з грубым парушэньнем грамадзкага парадку, выказваньнем пратэсту на дзеяньні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь».

«Для інфармацыйнага суправаджэньня сваёй дзейнасьці яны выкарыстоўвалі інтэрнэт-рэсурсы ПЦ „Вясна“ ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах», — гаворыцца ў абвінавачаньні.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня.


Выйшла на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG