Праваабарончы цэнтар «Вясна» быў заснаваны ў 1996 годзе Алесем Бяляцкім. Зь першага дня ўтварэньня Бяляцкі — нязьменны старшыня «Вясны». За гэтыя 26 гадоў вясноўцы аказалі юрыдычную, кансультацыйную і фінансавую дапамогу тысячам чалавек. Дапамагалі яны ня толькі ў палітычных справах, але і ў крымінальных, эканамічных, грамадзянскіх.
«Маральны аўтарытэт, чые каштоўнасьці бясспрэчныя»
25 верасьня старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму споўнілася 60 гадоў. Чарговы юбілей ён сустрэў у СІЗА на «Валадарцы». Як і 50-годзьдзе, калі Алесь адбываў пакараньне ў бабруйскай турме. У 2011 годзе ён быў асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за «ўхіленьне ад выплаты падаткаў».
Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць Бяляцкі прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў.
7 кастрычніка 2022 году Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру, якую ўручылі ў Дзень правоў чалавека ягонай жонцы Натальлі Пінчук. На ўрачыстай цырымоніі ў Осла Натальля выступіла з кранальнай прамовай.
«Ня толькі Алесь у турме — тысячы беларусаў, дзясяткі тысяч рэпрэсаваных, зьняволеных за сваю грамадзянскую пазыцыю знаходзяцца там. Сотні тысяч вымушаныя ўцякаць з краіны толькі таму, што хацелі жыць у дэмакратычнай дзяржаве. У Беларусі, на жаль, ужо гадамі працягваецца вайна ўлады супраць уласнага народу, мовы, гісторыі, супраць дэмакратычных каштоўнасьцяў», — прамовіла Натальля Пінчук.
Яе прамова была складзеная з фрагмэнтаў ранейшых выказваньняў Алеся Бяляцкага, цытат зь ягоных твораў, разваг, думак пра мінуўшчыну і будучыню Беларусі, аб правах чалавека, аб лёсах міру і свабоды. У канцы выступу Натальля працытавала Алеся: «Я веру, бо ведаю, што пасьля зімы прыйдзе вясна».
Выпадкаў, каб Нобэлеўскую прэмію міру прысуджалі ў той час, калі сам ляўрэат за кратамі, дагэтуль было толькі два: Карл фон Асецкі (Нямеччына, 1935) і Лю Сяобо (Кітай, 2010). Трэцім стаў беларус Алесь Бяляцкі.
За 26 гадоў сваёй дзейнасьці Бяляцкі быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону», «Тульпан правоў чалавека 2022», заснаванай урадам Нідэрляндаў, ды іншымі.
Алесь Бяляцкі — таленавіты пісьменьнік, аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі». Цяпер за кратамі Алесь Бяляцкі працуе над новай кнігай — успамінамі пра літаратурны музэй Багдановіча, дырэктарам якога ён быў.
Вучаніца Бяляцкага, маладая праваабаронца Дар’я Ўрублеўская расказвала, як моладзь успрымала Алеся на прэзэнтацыях ягоных кніг: «Людзі глядзелі на яго як на маральны аўтарытэт, чые ўнутраныя каштоўнасьці проста бясспрэчныя».
«Валянцін Стэфановіч — эталён праваабаронцы»
Валянцін Стэфановіч у 1990-я гады пасьля заканчэньня ВНУ працаваў юрыстам на Менскім падшыпнікавым заводзе. Неяк ён завітаў у грамадзкую прыёмную праваабарончага цэнтру «Вясна». Старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі заўважыў маладога юрыста, прынцыповага, упартага. «Валік, ты граматны, дасьведчаны юрыст, таму павінен дапамагаць людзям, а не праціраць штаны ў кабінэце на заводзе», — сказаў тады Алесь Бяляцкі.
«У „Вясьне“ мы прымалі людзей з рознымі праблемамі, дапамагалі пісаць скаргі, выступалі на працэсах як грамадзкія абаронцы (тады гэта дазвалялася законам. — РС). Памятаю, выступалі абаронцамі нават у крымінальных працэсах. Напрыклад, дапамаглі апраўдаць Уладзімера Плешчанку, якога абвінавачвалі ў тым, што ён у Віцебску скраў бюст Суворава», — узгадваў Валянцін, як працавалі праваабаронцы ў 1990-я гады.
Валянцін Стэфановіч быў намесьнікам старшыні «Вясны». Ён фактычна ўзяў на сябе кіраўніцтва «Вясной» у 2011 годзе, калі арыштавалі і асудзілі на 4,5 года старшыню праваабарончага цэнтру Алеся Бяляцкага.
У 2012 годзе Валянцін трапіў у «чорныя сьпісы» тых, каго не выпускалі за мяжу. Падставай былі нібыта праблемы з прызывам у войска, хоць Валянцін на той момант ужо 20 гадоў як адслужыў.
Алег Гулак, калега Стэфановіча па праваабарончай дзейнасьці, старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту, які нядаўна пайшоў у лепшы сьвет, у апошнім інтэрвію Свабодзе сказаў:
«Валянцін Стэфановіч у маім разуменьні — гэта эталён праваабаронцы. Ён спалучае чалавечыя якасьці і гарачае сэрца: можа, з аднаго боку, быць вельмі суровым, патрабавальным, і ў той жа час ён такі рамантык у душы! Гэта абуральна, што праваабаронцам выстаўляюць такія абсурдныя абвінавачаньні. Гэта незаконна, несправядліва.
А Нобэлеўская прэмія міру, якой нядаўна цалкам заслужана ўзнагародзілі старшыню „Вясны“ Алеся Бяляцкага, належыць усім вясноўцам, і Валянціну Стэфановічу таксама», — казаў былы старшыня БХК Алег Гулак.
14 кастрычніка Валянцін Стэфановіч сустрэў сваё 50-годзьдзе ў СІЗА — на «Валадарцы».
27 кастрычніка на 41-м Кангрэсе Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH) беларускі праваабаронца-палітвязень Валянцін Стэфановіч, віцэ-прэзыдэнт FIDH, быў пераабраны на гэтую пасаду. З-за кратаў ён перадаў свой зварот да Кангрэсу FIDH.
У сям’і Валянціна і Аліны Стэфановічаў трое дзяцей.
Уладзімер Лабковіч: «Праваабарона — гэта змаганьне за людзей і дапамога людзям»
Праваабаронцу Ўладзімеру Лабковічу 44 гады. У актыўнай грамадзкай дзейнасьці ён з 1996 году — быў стваральнікам «Маладога Фронту». У 1998-м Уладзь як валянтэр далучыўся да працы «Вясны». Скончыў юрыдычны факультэт недзяржаўнага Інстытуту сучасных ведаў. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году зьвязаў сваю працу з праваабарончай дзейнасьцю.
«Аднойчы паміж мной і Алесем Бяляцкім адбылася дыскусія адносна таго, што ёсьць праваабарончая дзейнасьць. Я тады адказаў, што для мяне гэта адна з формаў змаганьня з тым рэжымам, які існуе ў Беларусі... На гэта Бяляцкі зазначыў, што раней таксама так лічыў, але зараз ён разумее, што праваабарона ёсьць значна шырэй: гэта ня толькі змаганьне з уладай, гэта змаганьне за людзей і дапамога людзям. Гэта спроба і жаданьне быць карысным людзям. Зараз я думаю, што ён абсалютна правы, і цяпер гэта асноўны матыў маёй дзейнасьці», — згадваў Уладзь Лабковіч.
14 ліпеня 2021 года Ўладзімера затрымалі разам з жонкай Нінай. На той момант яна была дырэктаркай аб’яднаньня інвэстараў Angels Band. Іх зьмясьцілі ў ІЧУ, потым перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Дома ў Лабковічаў засталіся трое непаўналетніх дзяцей. Праз 10 дзён Ніну адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Праз 14 месяцаў — пасьля шматлікіх допытаў, выклікаў у Сьледчы камітэт і яшчэ аднаго ператрусу — абвінавачаньні зь Ніны Лабковіч зьнялі.
Праз крымінальны перасьлед жонкі Ўладзь вельмі хваляваўся і нэрваваўся. У яго значна пагоршылася здароўе: скардзіцца на частыя галаўныя болі і на бяссоньне. Таксама ў яго вельмі пагоршыўся зрок. Жонка Ніна некалі дзялілася ў сябе на старонцы ў фэйсбуку навінамі пра мужа:
«Цытуе ў лістах мне вершы Бродзкага па памяці, піша дзецям казку як падарунак на дзень нараджэньня і кранальныя лісты маме і дачцэ, яго прынцэсе. Вельмі сумуе па сям’і».
Сёлета Ўладзімера вылучылі ў Прэміі праваабарончай супольнасьці Беларусі ў намінацыі «Праваабаронца году – 2022». Ляўрэатаў абвесьцяць 11 студзеня.
«Толькі нам вядома, што такое „Вясна“. Гэта не назавеш сям’ёй, бо гэта не паглынае ўсю сутнасьць нашай каманды. Калі пасадзілі Алеся Бяляцкага, я позна ўначы, вярнуўшыся дадому, толькі тады зразумеў, што „Вясна“ — гэта той унутраны сьвет, які ёсьць у кожнага з нас. „Вясна“ — гэта мы», — разважаў некалі Ўладзімер Лабковіч.
Зьміцер Салаўёў: «Яны будуць рабіць тое, што ім пажадаецца»
Праваабаронцу Зьмітра Салаўёва будуць судзіць завочна, бо ён пакінуў Беларусь.
Салаўёва ў Беларусі некалькі разоў затрымлівалі. Падчас масавага нападу на праваабаронцаў і журналістаў 16 лютага 2021 у дом Зьмітра Салаўёва пад Менскам уварваліся АМАП і ГУБАЗіК, сілавікі правялі ператрус, канфіскавалі тэхніку. Праваабаронцу затрымалі.
18 лютага Салаўёва асудзілі на 12 дзён арышту паводле арт. 23.34 КаАП. На ягоным доме ўбудаваны бэтонны барэльеф з «Пагоняй», і судзьдзя суду Менскага раёна Анжаліка Казлова палічыла гэта пікетаваньнем. 28 лютага яго вызвалілі з ІЧУ.
Увечары 1 сакавіка ў Менску яго зноў затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце, чацьвёра невядомых у форме памежнікаў выцягнулі яго пасьля праходжаньня мытнага і памежнага кантролю, ужо з пасадкі. Пасьля допыту ў Сьледчым камітэце Зьмітра адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. 22 чэрвеня ў Салаўёва сілавікі правялі другі ператрус у межах крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 342 КК. На момант ператрусу Зьмітра Салаўёва дома не было. 29 верасьня СК пачаў «спэцыяльнае вядзеньне» ў дачыненьні да праваабаронцы «Вясны». Сам Салаўёў так пракамэнтаваў сваю справу:
«Усе абвінавачаньні — цалкам хлусьня. Усе ведаюць, што праваабарончы цэнтар „Вясна“ не займаецца ніякай кантрабандай, не фінансуе пратэсты, а дапамагае людзям бараніць свае правы.
Думаю, што яны зробяць пацешны суд — такое шапіто, фэйкавае паседжаньне, дзе яны будуць рабіць тое, што ім пажадаецца. У рэжыме „троек“ 1937-га: вось „вораг народу“, „замежны шпіён“ і кшталту таго. Падобнае можна пачытаць у архівах па гісторыі Савецкага Саюзу».
Вясноўцам пагражае ад 7 да 12 гадоў турмы
Вясноўцаў Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча абвінавачваюць у кантрабандзе (незаконным перамяшчэньні праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэксу і фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу.
У прыватнасьці, праваабаронцам ставіцца ў віну:
- аплата штрафаў за некаторых асоб, «прыцягнутых на падставе судовых рашэньняў, якія набылі законную моц, да адказнасьці за адміністрацыйныя правапарушэньні, зьвязаныя з парушэньнем грамадзкага парадку і вызначанага на тэрыторыі краіны парадку кіраваньня; іншыя правапарушэньні, учыненыя ў сувязі з выказваньнем пратэсту на дзеяньні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь;
- выплата такім асобам грашовых кампэнсацый за сродкі, затрачаныя імі на аплату штрафаў;
- аплата замест некаторых асоб, «якія ўчынілі названыя адміністрацыйныя правапарушэньні, рахункаў за харчаваньне ў месцах адбыцьця спагнаньняў у выглядзе адміністрацыйных арыштаў»;
- аплата працы адвакатаў, «у тым ліку за абарону ў крымінальных працэсах шэрагу асоб, прызнаных падазраванымі і пасьля прыцягнутых у якасьці абвінавачаных у крымінальных справах, зьвязаных з грубым парушэньнем грамадзкага парадку, выказваньнем пратэсту на дзеяньні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь».
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
Выйшлі на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.