Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка: Пашырэньне санкцый не наблізіць, а аддаліць уступленьне Менску ў вайну


Павал Латушка
Павал Латушка

Намесьнік старшыні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва (НАК) Павал Латушка лічыць памылковай думку, што ўзмацненьне жорсткасьці санкцый з боку Захаду супраць афіцыйнага Менску «можа штурхнуць Лукашэнку да поўнамаштабнай вайны» з Украінай.

Паводле ягоных слоў, падобную пазыцыю «часта даводзіцца чуць ад партнэраў у ЭЗ».

«Ні раней, ні тым больш цяпер Лукашэнка ня ў стане дзейнічаць насуперак волі Пуціна па любых пытаньнях, якія тычацца вайскоўцаў — нават калі той, напрыклад, запатрабуе доступу да цывільных аэрапортаў для вядзеньня вайны», — заявіў палітык у відэазвароце, апублікаваным 2 студзеня.

У якасьці аргумэнту ён дадаў, што «ўсё вайсковае камандаваньне ў Менску «прадстаўлена выпускнікамі расейскіх вайсковых інстытутаў і акадэмій».

«Лукашэнку патрэбная Расея: безь яе эканомікі ягонаму рэжыму ня выжыць. Віной таму зусім ня санкцыі, а шматгадовая інтэграцыйная палітыка дыктатара, якая вылілася ў неканкурэнтаздольнасьць беларускіх прамысловых прадпрыемстваў», — лічыць палітык.

Латушка падкрэсьліў, што яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны прадпрыемствы ВПК у Беларусі працавалі на патрэбы Мінабароны Расеі, «выпускаючы крытычна важныя камплектуючыя: танкавыя прычэпы, колавыя і гусенічныя шасі для бранятэхнікі і элемэнты электронных сыстэм».

«Усімі сіламі адкупляючыся ад магчымага патрабаваньня Пуціна адправіць на забой малалікую і непадрыхтаваную беларускую армію, Лукашэнка рэгулярна пастаўляе Расеі абсталяваньне і запчасткі для рамонту падбітай тэхнікі, якая кожны дзень забівае ўкраінцаў, забясьпечвае адзеньнем, прадуктамі і абсталяваньнем, якое падвышае баяздольнасьць расейскіх акупацыйных сіл на фронце», — сказаў экс-дыплямат.

Аднак, на думку Латушкі, калі рэсурс «гэтага меркаванага „кантракту“ будзе вычарпаны, Лукашэнка не пазьбегне ўступленьня ў вайну наўпрост, як толькі Крамлю гэта спатрэбіцца, незалежна ад таго, будуць уведзеныя новыя санкцыі ці не».

Расея і Беларусь, падкрэсьліў ён, «даўно абыходзяць абмежаваньні з прычыны няўзгодненасьці іх пакетаў», паколькі «на Захадзе лічаць: рэжым Лукашэнкі, хоць і зьяўляецца суагрэсарам у вайне, не заслугоўвае быць пакараным у той жа ступені, што і Крэмль».

«Як вынік, ВПК Расеі і рэжыму разам выкарыстоўваюць беларускія межы з ЭЗ для абыходу сэктаральных санкцый, а бясконцыя выключэньні і перагляды пакетаў пакідаюць усё больш прасторы для даходаў ад кантрабанды набліжаных да Лукашэнкі бізнэсаў», — мяркуе палітык.

На думку Латушкі, Лукашэнка з 2020 году трымаецца ва ўладзе «выключна за кошт гвалту і падтрымкі Масквы»: «Імавернасьць выкарыстаньня беларускага войска за мяжой была б вышэйшай, адчувай сябе дыктатар упэўнена. Ва ўмовах складанай палітычнай абстаноўкі ў Беларусі Лукашэнку камфортней трымаць баяздольныя сілы бліжэй да ўласнага цела».

«Пералічаныя прычыны ўплываюць на рэжым і імавернасьць яго ўступленьня ў вайну куды мацней за новыя санкцыі. Наадварот, усе новыя пакеты эфэктыўных абмежаваньняў хутчэй адцягнуць такі зыход і будуць аслабляць лукашэнкаўскі рэжым, пакуль не прывядуць да яго каляпсу і ня створаць умовы для дэмакратычных пераменаў у Беларусі», — сказаў на заканчэньне кіраўнік НАК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG