Як паведамляе Бі-Бі-Сі, судна адправілася ў падарожжа з Новай Зэляндыі 26 сьнежня. З таго часу ягоныя пасажыры не выходзілі на бераг: яму адмовілі ў швартоўках, якія былі прадугледжаныя маршрутам. На корпусе быў выяўлены біянарост — навала мікраарганізмаў, расьлін, багавіньня і дробных жывёл, якія могуць аказацца небясьпечнымі для мясцовага асяродзьдзя.
У дэпартамэнце рыбалоўства Аўстраліі заявілі, што корпус судна павінен быць ачышчаны перад заходам у тэрытарыяльныя воды краіны. Там таксама падкрэсьлілі, што выдаленьне біянаростаў — «звычайная практыка».
Капітан карабля 30 сьнежня напісаў пасажырам ліст. У ім ён папрасіў прабачэньня за тое, што «круіз не адпавядае іх чаканьням», і паведаміў, што ў бліжэйшыя дні ім прапануюць кампэнсацыю.
У Аўстраліі шмат унікальных прадстаўнікоў флёры і фаўны, якія цярпяць ад узьдзеяньня інвазійных відаў. Улады краіны спрабуюць зьнішчыць папуляцыю ўвезеных эўрапейцамі трусоў, чырвоных лісаў, трысьняговых жаб, зьдзічэлых катоў, чмялёў і восаў.
У краіне строга кантралюецца ўвоз жывёл, расьлін і прадуктаў харчаваньня. Напрыклад, увоз хатніх хамякоў можа быць пакараны турэмным тэрмінам да пяці год.