Улады чатырох нямецкіх фэдэральных земляў выступілі супраць будаўніцтва АЭС у Польшчы.
«Няшмат пытаньняў, якія могуць аб’яднаць бязьмежна варагуючыя палітычныя лягеры ў Польшчы. Чатыры нямецкія зямлі — Бэрлін, Брандэнбург, Саксонія і Мэкленбург-Пярэдняя Памэранія — зрабілі гэта менш чым за год да ўсеагульных выбараў восеньню 2023 году; выклікалі абурэньне ўсіх польскіх палітычных партый», — напісана ў нядзельным нумары Die Welt — Welt am Sonntag, газэту цытуе DW.
У той час як Нямеччына катэгарычна адмаўляецца ад атамнай энэргетыкі, Польшча мае намер будаваць АЭС хуткімі тэмпамі. У польскім грамадзтве ёсьць вялікая падтрымка атамнай энэргетыкі — 86 %. Такім чынам Польшча хоча стаць незалежнай ад сыравіны з Расеі.
Чатыры ўсходненямецкія зямлі запатрабавалі праверкі праекту на адпаведнасьць прынцыпам аховы навакольнага асяродзьдзя. Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя Брандэнбургу заклікала польскі бок адмовіцца ад ядзернай энэргетыкі «ў інтарэсах жыхароў і навакольнага асяродзьдзя краінаў, якія ляжаць на Балтыйскім моры».
Такія заявы нямецкага боку сустрэліся вострымі выказваньнямі польскія апазыцыйныя палітыкі, напрыклад, прадстаўнік Польскай народнай партыі (PSL) Ўладзіслаў Касіняк-Камыш і «Грамадзянскай плятформы» (PO) Павал Коваль. Яны адзначылі, што рэнамэ Нямеччыны ў Польшчы зараз «вельмі кепскае» з-за залежнасьці Нямеччыны ад расейскай сыравіны і марудлівасьці ў пастаўках зброі ва Ўкраіну.
«Таму Польшчу асабліва раздражняе, што крытычныя галасы супраць плянаванага выкарыстаньня атамнай энэргіі гучаць з традыцыйна прыязных да Расеі земляў усходняй Нямеччыны, у тым ліку з Мэкленбургу-Пярэдняй Памэраніі», — піша Welt am Sonntag.
Палякі не разумеюць нямецкіх пярэчаньняў
Для большасьці палякаў нямецкая апазыцыя тым больш незразумелая, што разьмяшчэньне плянаванага рэактару (Капаліна) знаходзіцца больш чым за 250 км ад польска-нямецкай мяжы. У Чэхіі, Славаччыне і Францыі, якія знаходзяцца на такой жа адлегласьці ад мяжы зь Нямеччынай, а то і бліжэй, ёсьць мноства атамных электрастанцый.
Польскія дыпляматы да нядаўняга часу хвалілі нямецкі ўрад за тое, што ён не пратэставаў супраць будаўніцтва рэактараў у Польшчы і такім чынам не адкрыў новага поля спрэчак, якія і так прысутнічаюць у напружаных польска-нямецкіх дачыненьнях.
«Пратэст земляў зьнішчыў надзею на мір. Урад у Варшаве ахвотна бярэцца за любую тэму, якая можа распаліць антынямецкія настроі», — лічыць аўтар артыкулу, нямецкі журналіст Філіп Фрыц.
Паводле яго, нямецкія землі ня могуць спыніць польскія пляны ў рамках працэдуры экалягічнай экспэртызы. Аднак яны могуць пазмагацца за права сумеснага прыняцьця рашэньняў на ўзроўні Эўразьвязу, калі праект палічаць трансгранічным.