Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У арганізьме Саакашвілі знойдзеныя сьляды цяжкіх мэталаў, яго маглі атруціць у турме — заключэньне таксыколяга з ЗША


Журналісты CNN параўналі выгляд Міхэіла Сакашвілі падчас судовага паседжаньня 23 сьнежня 2022 году
Журналісты CNN параўналі выгляд Міхэіла Сакашвілі падчас судовага паседжаньня 23 сьнежня 2022 году

У арганізьме грузінскага палітыка, экс-прэзыдэнта Міхэіла Саакашвілі знойдзеныя сьляды цяжкіх мэталаў: ён мог атрымаць атручэньне ў турме. Пра гэта 29 сьнежня на судовым паседжаньні ў Тбілісі заявіў амэрыканскі таксіколяг і нарколяг Дэвід Сьміт.

Менавіта ён склаў таксыкалягічнае заключэньне аб стане здароўя экс-прэзыдэнта Грузіі на аснове вынікаў яго аналізаў і тэстаў, атрыманых у тым ліку амэрыканскімі лекарамі. Гэтае заключэньне ёсьць у распараджэньні тэлеканалу «Настоящее время».

Саакашвілі вярнуўся ў Грузію 29 верасьня 2021 году нелегальна і тут жа быў затрыманы, а неўзабаве і асуджаны на шэсьць гадоў турмы: цяпер адбывае пакараньне па дзьвюх крымінальных справах, зьвязаных са злоўжываньнем паўнамоцтвамі. Адна зьвязаная з жорсткім разгонам мітынгу апазыцыі, другая — з захопам незалежнай тэлекампаніі «Імеды» ў 2007 годзе. Таксама Саакашвілі былі прад’яўленыя абвінавачаньні ў растраце дзяржаўных сродкаў у асабліва буйным памеры і ў незаконным перасячэньні дзяржаўнай мяжы летась, гэтыя справы яшчэ разглядаюцца ў судах.

Доктар Сьміт распавёў у судзе, што ва ўзорах пазногцяў і валасоў палітыка пасьля яго знаходжаньня ў турме былі знойдзеныя сьляды такіх цяжкіх мэталаў, такіх як ртуць, мыш’як і барый. Пры гэтым амэрыканскі спэцыяліст падкрэсьліў, што гэтыя рэчывы не маглі прымяняцца ў якасьці лячэбных прэпаратаў у шпіталі, куды Саакашвілі быў сем месяцаў таму пераведзены з турмы паводле стану здароўя і дзе ён знаходзіцца да гэтага часу.

Разам з тым Сьміт заявіў, што толькі лябараторныя тэсты не даюць яму падстаў паставіць дакладны дыягназ аб атручэньні. Для гэтага, паводле яго слоў, трэба зьвязаць даныя лябараторных дасьледаваньняў з актуальнымі паталягічнымі праявамі. Таксама не зразумела, як менавіта атрутныя рэчывы патрапілі ў арганізм палітыка. Затое ў заключэньні гаворыцца, што палітыка лячылі прэпаратамі, не ухваленымі САЗ і Упраўленьнем па санітарным наглядзе за якасьцю харчовых прадуктаў і мэдыкамэнтаў ЗША (FDA). У прыватнасьці, гэта прэпараты Noofen, ен жа Phenibut, і Neiromidin. У заключэньні гаворыцца, што Phenibut зьяўляецца наркатычным лекавым сродкам і выклікае залежнасьць, і што падобныя прэпараты могуць прывесьці да падвышанай рызыкі захворваньня і сьмяротнасьці пацыента.

Родныя, блізкія і паплечнікі Саакашвілі ўжо некалькі месяцаў гавораць аб тым, што палітыка атруцілі ў турме.

У лістападзе яго адвакат Шалва Хачапурыдзэ заявіў, што ў арганізьме Саакашвілі выявілі мыш’як. Пра дзіўныя сымптомы Саакашвілі расказвала і Хатыя Дэканоідзэ, кіраўнік фракцыі партыі «Адзіны нацыянальны рух», якая наведвала Саакашвілі ў шпітальнай палаце. Яна падкрэсьлівала, што ўжо два месяцы ў палітыка трымаецца тэмпэратура ў 39°C, ён страціў шмат вагі і ня можа трымацца самастойна на нагах. Нядаўна Саакашвілі прыняў удзел у паседжаньні па відэасувязі з лякарні, і шмат каго ў Грузіі жахнуў яго стан.

«Гаворка не пра «магчымае» атручэньне. Гэта — атручэньне, якое пацьверджана ў Каліфарнійскай лябараторыі, а таксама гэта пацьвердзіў вельмі вядомы таксыколяг. Што значыць «магчымае атручэньне?» — падкрэсьлівае Гіулі Аласанія, маці Міхаіла Саакашвілі.

Аднак у мэдычным дэпартамэнце Спэцыяльнай пэнітэнцыярнай службы Грузіі заяўлялі, што атрутных рэчываў у арганізьме Саакашвілі не было знойдзена. Цяпер у ведамстве выказваюць гатоўнасьць правесьці паўторную экспэртызу, але ўлады Грузіі па-ранейшаму не прызнаюць, што стан Саакашвілі зьяўляецца цяжкім. Прадстаўнікі кіруючай партыі «Грузінская мара» нават сьцьвярджаюць, што экс-прэзыдэнт сымулюе і займаецца членашкодніцтвам, каб дабіцца датэрміновага вызваленьня.

Незалежная камісія лекараў з грузінскага цэнтру «Эмпатыя» паставіла Саакашвілі пасьля пераводу з турмы ў шпіталь каля 20 дыягназаў, але яны не раскрываюцца. Адвакаты і сям’я палітыка настойваюць на тым, што яго трэба тэрмінова вывезьці з грузінскай бальніцы і лячыць за мяжой, рашэньне аб гэтым можа быць прынятае ў найбліжэйшыя тыдні, у студзені наступнага году.

«Міша на працягу 9 гадоў быў прэзыдэнтам Грузіі, быў тварам Грузіі. І гэта сапраўды ганьба, што ён вось так памірае ў клініцы „Вівамэдзі“, — кажа Георгій Саакашвілі, брат палітыка. — Зразумела, я кожнай сям’і хачу сказаць: так, магчыма, у свой час ім былі дапушчаныя нейкія памылкі, але трэба раз і назаўжды спыніць такое стаўленьне адзін да аднаго! У нас адна краіна. Мы павінны аб’яднацца і паказаць усім, што мы — узорная краіна!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG