Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да канца XXI стагодзьдзя ў сьвеце можа зьнікнуць кожны дзясяты від жывёл і расьлін, — дасьледаваньне


Да канца цяперашняга стагодзьдзя на Зямлі можа зьнікнуць кожны дзясяты від жывёл і расьлін. Пра гэта гаворыцца ў дасьледаваньні, у якім прынялі ўдзел больш за тры тысячы навукоўцаў, піша The Guardian.

Прычыны скарачэньня біялягічнай разнастайнасьці на плянэце — кліматычны крызіс і чалавечы фактар. Біёлягі зьвярнуліся да сусьветных урадаў з патрабаваньнем прыняць меры па абароне экасыстэмы.

Як гаворыцца ў дакладзе, апублікаваным у навуковым часопісе Science, да 2100 году Зямля можа страціць больш за 17% усіх пазваночных, што на 184% перавышае звычайныя сцэнары зьменаў фаўны.

Навукоўцы сьцьвярджаюць, што плянэта ўвайшла ў шостую эпоху масавага выміраньня. Папярэднія выпадкі масавай страты біялягічных відаў — як, напрыклад, выміраньне дыназаўраў, — былі абумоўленыя прыроднымі фактарамі, аднак цяперашні выпадак, на думку біёлягаў, залежыць ад дзейнасьці чалавека. Галоўныя фактары, якія шкодзяць прыродзе — гэта выкіды парніковых газаў, з прычыны якіх адбываецца глябальнае пацяпленьне, і засваеньне людзьмі ўсё большых тэрыторый: высечка лясоў і засваеньне стэпаў і лугоў пад ральлю, пашы і прамысловасьць.

Праз чалавечую дзейнасьць, падкрэсьліваюць навукоўцы, выміраньне жывёл і расьлін выбудоўваецца ва ўзаемазлучаныя ланцужкі: у драпежнікаў становіцца менш здабычы, паразытуючых відаў — менш жывёл-гаспадароў, а глябальнае павышэньне тэмпэратуры пагражае ўсім жывым арганізмам. Цяпер у сусьветную Чырвоную кнігу ўнесеныя больш за 150 тысяч відаў расьлін і жывёл, зь іх 42 тысячы знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня.

Паводле падлікаў біёлягаў, пры лепшым сцэнары — калі чалавецтва будзе пасьпяхова кантраляваць выкіды газаў — да 2100 году на Зямлі зьнікнуць каля 13% відаў жывёл і расьлін. У горшым выпадку безадказных чалавечых паводзінаў — да 27%.

Больш за 3 тысячы дасьледчыкаў падпісалі адкрыты ліст, зьвернуты да ўрадаў усіх краінаў сьвету. У ім яны патрабуюць ужо да 2030 году прыняць меры па скарачэньні забруджваньня навакольнага асяродзьдзя і захаваньні біялягічнай разнастайнасьці Зямлі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG