Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стварыць працоўны прататып дзяржавы». Яраслаў Ліхачэўскі пра «Новую Беларусь» у мабільным тэлефоне


Яраслаў Ліхачэўскі, адзін са стваральнікаў мабільнай аплікацыі «Новая Беларусь», каляж
Яраслаў Ліхачэўскі, адзін са стваральнікаў мабільнай аплікацыі «Новая Беларусь», каляж

IT-прадпрымальнік Яраслаў Ліхачэўскі — адзін са стваральнікаў мабільнай аплікацыі «Новая Беларусь», якая днямі зьявілася ў Google Play Store і Apple App Store. Ён расказаў, што ўжо можна рабіць з дапамогай гэтай праграмы, наколькі яна бясьпечная для людзей унутры Беларусі і чаму лічбавая дзяржава, на ягоную думку, ня ўтопія, а надзённая патрэба для беларусаў.

«Сьцерці мяжу паміж беларусамі»

— Мы ствараем лічбавую плятформу, і гэта яшчэ нават ня першая вэрсія, а бэта-вэрсія. Наша мэта прайсьціся па трох пластах жыцьця беларускага грамадзтва — сацыякультурным, эканамічным і палітычным.

У гэтай вэрсіі палітычнага пласта яшчэ няма, ёсьць сацыякультурны і эканамічны. Шмат што тычыцца беларускай культуры — музыкі, кіно, кніг, сустрэч беларусаў адно з адным, беларускай адукацыі. Таксама на плятформе можна знайсьці эканамічныя сэрвісы, тое, што тычыцца здароўя, юрыдычнай дапамогі, пакуль што дробных і сярэдніх беларускіх бізнэсаў, беларускіх мэдыя.

— Гэтая плятформа будзе карыснай беларусам незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца. Наша мэта — сьцерці мяжу паміж беларусамі, дзе б яны ні знаходзіліся і якімі б яны ні былі.

Але будзе справядліва сказаць, што для беларусаў унутры краіны шмат якія віды дзейнасьці ня ёсьць бясьпечнымі. Мы адкрыта кажам, што калі не надаваць належнай увагі бясьпецы, выкарыстаньне плятформы можа несьці рызыкі.

«Бясьпека — першы прыярытэт»

— Ёсьць вялікая рызыка, што рана ці позна плятформу прызнаюць «экстрэмісцкай». Мы ўсьведамляем, што карыстаньне плятформай унутры Беларусі можа быць рызыкоўным, і для нас бясьпека беларусаў — першы прыярытэт. Таму выкарыстоўваем найлепшыя тэхналягічныя практыкі, якія сёньня існуюць у сьвеце, каб гарантаваць бясьпеку карыстальнікаў унутры Беларусі.

Але шмат будзе залежаць і ад саміх карыстальнікаў. Мы будзем ствараць і распаўсюджваць адукацыйныя матэрыялы і будзем вучыць беларусаў, як бясьпечна карыстацца онлайн- і інтэрнэт-сэрвісамі.

«Няма цэнтралізаванай базы зьвестак»

— Кейс з «Чорнай кнігай Беларусі» нас шмат чаму вучыць. Мы разумеем, што калі ёсьць магчымасьць нешта ўзламаць, рана ці позна гэта можа адбыцца. Таму мы ад пачатку канструявалі плятформу так, каб у нас не было ніякай цэнтралізаванай базы зьвестак.

Гэта значыць, што ніякія хакеры, ніякі ААЦ ня можа ўзламаць нейкую базу зьвестак і паглядзець, хто ў ёй ёсьць. Такой базы не існуе, і таму ніхто зь сяброў каманды ня можа зайсьці і паглядзець, хто там знаходзіцца.

— Цяпер мы ўвогуле не зьбіраем ніякай сэнзытыўнай прыватнай інфармацыі — то бок немагчыма вызначыць, хто карыстальнік плятформы. Зьбіраем некаторыя мэтададзеныя, якія могуць падказваць рэгіён, у якім чалавек знаходзіцца ці якімі сэрвісамі карыстаецца. Але мы ня ведаем, што гэта за чалавек, дзе ён, як яго знайсьці.

Мы не атрымоўваем унікальнага IP-адрасу і яго не захоўваем. Заўсёды ёсьць рызыка, што яго можна адсачыць унутры краіны празь лякальныя сэрвэры, але гэта нашмат складаней зрабіць з мабільнымі аплікацыямі, адрозна ад звычайных вэб-сэрвісаў.

Мы таксама працуем над тым, каб людзі выкарыстоўвалі proxy і VPN, калі яны карыстаюцца вэб-сэрвісамі, а не мабільнай аплікацыяй, і каб хавалі свае лічбавыя сьляды.

«Даць усім агульную пляцоўку»

— У нас ёсьць мапа беларускіх бізнэсаў — сэрвіс, які называецца «баймапка». Ён інтэграваны ў нашую плятформу, але ён існуе і асобна, ім можна карыстацца без плятформы.

Калі зайсьці ў аплікацыю, адкрыць закладку з мапай і націснуць на іконку «баймапка», дык адкрыецца старонка, дзе ёсьць кнопка «прапанаваць свой бізнэс» Там ёсьць форма заяўкі, якую можна пакінуць. Мадэратары правяраюць гэты бізнэс і дадаюць яго.

— Я ня ведаю падрабязнасьцяў пра тое, як адбываецца вэрыфікацыя, але мы ў гэтым супрацоўнічаем з ABBA — Асацыяцыяй беларускага бізнэсу за мяжой. У іх адладжаны працэс вэрыфікацыі бізнэсаў. ABBA цяпер працуе ў асноўным у Польшчы і краінах Балтыі.

Тут важна падкрэсьліць, што «Новая Беларусь» — гэта менавіта плятформа. Мы ня маем жаданьня і мэты рабіць усё ўласнаруч. Мы хочам інтэграваць розныя беларускія ініцыятывы, якія робяць вельмі шмат чаго карыснага. І хочам даць усім агульную пляцоўку, дзе ўсе змогуць адно з адным эфэктыўна ўзаемадзейнічаць і беларускай талакой разам рабіць карысныя рэчы.

«Зьнізіць рызыку для бізнэсаў унутры Беларусі»

— Нашыя партнэры – мэдычная плятформа «еЗдароўе». Там, натуральна, ёсьць і дактары, і пацыенты. І сярод дактароў, і сярод пацыентаў ёсьць людзі ўнутры краіны і тыя, хто зьехаў.

Ня маю дакладных лічбаў, але прыблізна 80-90 адсоткаў пацыентаў знаходзяцца ўнутры Беларусі. Асабліва гэта цяпер папулярна ў невялікіх гарадах, дзе складана знайсьці кваліфікаванага доктара ці да яго трэба ехаць далёка, у абласны цэнтар.

Варта працягваць шукаць, як зьнізіць рызыку для бізнэсаў унутры Беларусі. Мы разумеем памер рызыкі, але таксама разумеем, што калі беларускія бізнэсы і беларускія спажыўцы ня будуць камунікаваць адно з адным і карыстацца паслугамі адно аднаго, у нас ня будзе ніякага росту і ніякіх пэрспэктываў.

— Нават у цяперашніх умовах трэба знайсьці шлях, на якім беларускія бізнэсы, у першую чаргу малыя, змогуць бясьпечна працаваць зь беларускімі спажыўцамі. Прасьцей за ўсё гэта рабіць сэрвісным бізнэсам, якія могуць надаваць свае паслугі онлайн і праз інтэрнэт, — рэпэтытары, усё, што тычыцца IT, капірайтэры, дызайнэры.

Будзем таксама шукаць шляхі, як у гэтым змогуць удзельнічаць дробныя офлайнавыя бізнэсы, — кавярні, цырульні, СТА. Як накіраваць да іх спажыўца і дапамагчы ім расьці. Як зрабіць гэта бясьпечна, хоць мы заўсёды памятаем, што пакуль у Беларусі застаецца цяперашняя сытуацыя, там будзе падвышаная рызыка.

«Падтрымліваць беларусаў унутры краіны»

— Сёньня ёсьць прыклады рэпэтытараў — настаўнікаў ангельскай мовы, матэматыкі, гісторыі — і тых самых дактароў, якія, знаходзячыся ўнутры Беларусі, могуць надаваць свае паслугі.

На нашай плятформе ёсьць сэрвіс «Паслуга» — гэта таксама нашыя партнэры. Ён канцэнтруецца найперш на тым, каб беларусы ўнутры краіны маглі прадаваць свае паслугі тым беларусам, якія цяпер зьехалі ці даўно жывуць у дыяспары. Гэтак можна падтрымліваць беларусаў унутры краіны і рабіць іх менш залежнымі ад цяперашняй улады ў эканамічным і фінансавым пляне.

«90 адсоткаў мэдыцыны і адукацыі можна перанесьці онлайн»

— Хацелася б, каб урэшце ў нас была паўнавартасная, нялічбавая беларуская дзяржава зь беларускай тэрыторыяй, але зь лічбавымі элемэнтамі кіраваньня. Гэтыя элемэнты спрашчаюць камунікацыю паміж грамадзянамі і дзяржаўнымі службамі.

Але ўжо сёньня вельмі шмат што можна рабіць у лічбавай прасторы. Ужо 90 адсоткаў мэдыцыны — гэта кансультацыі, а толькі 10 адсоткаў — нейкае фізычнае ўзьдзеяньне. А значыць, гэтыя 90 адсоткаў можна перанесьці онлайн, там, дзе гэта магчыма. З адукацыяй яшчэ больш можна перанесьці онлайн.

«Зьбіраць рэсурсы ў лічбавай прасторы»

— Дзяржава — гэта калі супольнасьць людзей разам вырашае нейкія вялікія праблемы, якія яны ня могуць вырашыць на лякальным узроўні: сям’і, кампаніі, працоўнага калектыву, царквы, мясцовага самакіраваньня. Грамадзяне робяць унёсак тым, што яны плацяць падаткі, і яны маюць мэханізмы ўдзелу ў сыстэме прыняцьця рашэньняў.

Яны вырашаюць, якія менавіта праекты будуць рэалізаваныя ў першую чаргу за той бюджэт, які на сёньня даступны. І гэтыя функцыі сёньня магчыма рабіць цалкам у лічбавай прасторы. Мы можам зьбіраць рэсурсы ў лічбавай прасторы і будаваць інструмэнты кіраваньня ўсім гэтым.

«Лічбавыя грамадзяне маюць вагары ўплыву на лічбавую дзяржаву»

— Буйныя лічбавыя плятформы сёньня маюць вялікі ўплыў. Возьмем прыклад, калі Твітэр быў вялікай пляцоўкай для Трампа, каб распаўсюджваць свае ідэі, а кіраўніцтва Твітэру забрала гэтую пляцоўку.

Тое, як мы будуем лічбавую Беларусь, будзе ствараць узаемадзеяньне паміж індывідуальнымі асобамі — можам назваць іх лічбавымі грамадзянамі — і сэрвісамі, якія будуць на плятформе. І яшчэ мы мусім пабудаваць нейкі палітычны пласт, які будзе выконваць функцыю арбітражу.

Прынамсі ўнутры гэтай лічбавай прасторы можна будзе вырашаць спрэчкі паміж сэрвісам і карыстальнікам, а таксама паміж карыстальнікамі. У нас будзе магчымасьць ствараць суды і разьвязваць спрэчныя моманты ў лічбавай прасторы. Гэта могуць быць штрафы, гэта можа быць умоўны бан на пэўны час.

— Уявім, што ёсьць прадпрымальнік, які карыстаецца плятформай, зарабляе грошы і несумленна выконвае свае абавязкі. Пляцоўка можа яго пакараць — выпісаць штраф ці на пэўны час забараніць зарабляць на гэтай пляцоўцы. Гэтаксама можна ўзьдзейнічаць і на асобных карыстальнікаў.

Але ў лічбавых грамадзян ёсьць вагары ўплыву і на саму дзяржаву, калі яна нешта робіць ня так. Лічбавая дзяржава ня можа дручком прымушаць заплаціць падаткі. Таму яна будзе залежаць ад таго, ці будуць хацець карыстальнікі плаціць гэтыя ўмоўныя ўнёскі ці падаткі. Калі такая дзяржава не задавальняе інтарэсаў і не выконвае функцыяў, якіх грамадзтва ад яе чакае, грамадзтва можа кожны момант перакрыць фінансаваньне.

«Адстойваць інтарэсы нават супраць дыктатараў і тыранаў»

— Нават калі ідэя лічбавай дэмакратыі і лічбавай дзяржавы можа сёньня выглядаць крыху ўтапічна, мы знаходзімся ва ўнікальнай сытуацыі. Беларускі народ мае вялікую патрэбу стварыць пляцоўку, якая будзе абʼядноўваць беларусаў і даваць ім магчымасьць разьвіцьця — магчыма, найперш палітычную, але таксама эканамічную і сацыякультурную.

Наша вялікая мара і мэта — з дапамогай гэтай пляцоўкі пачаць адно з адным размаўляць, дамаўляцца і рабіць больш карысных рэчаў разам. У рэчышчы беларускай культуры і адукацыі, у рэчышчы таго, каб больш зарабляць і жыць больш годна, каб мець дэмакратычную пляцоўку, дзе мы ўсе чуем адно аднаго і пакрысе вучымся дамаўляцца і паважаць іншыя думкі.

Гэткім чынам мы робім беларускую супольнасьць нашмат больш устойлівай і моцнай. Моцнай настолькі, што яна можа адстойваць свае інтарэсы нават супраць дыктатараў і тыранаў, якога б памеру яны ні былі.

«Зацягнуць у сваю арбіту ўсё беларускае грамадзтва»

— Мне б хацелася, каб у наш тэставы пэрыяд, цягам наступных 3–6 месяцаў, да нас далучалася як мага больш актыўных і апантаных беларусаў з сваімі ідэямі, сваімі бізнэсамі, сваімі сэрвісамі, сваёй энэргіяй. І мы пакуль невялікай колькасьцю паспрабавалі б зрабіць такі працоўны прататып дзяржавы.

Калі нам гэта ўдасца, потым мы зможам пашырыць гэта на значна большае грамадзкае кола. І гэта дасьць нам шанец рана ці позна зацягнуць у сваю арбіту ўсё беларускае грамадзтва.

— Можам дакладна сказаць, што колькасьць нашых карыстальнікаў за першыя дні перавысіла 10 тысяч чалавек. Мы лічым гэта сурʼёзным посьпехам, бо нашая мэта — дасягнуць 25-30 тысяч чалавек да канца тэставага пэрыяду. Пакуль што мы ідзём вельмі добра.

Надалей, асабліва ў тым, што тычыцца палітычнага слою, нам патрэбен удзел беларускага грамадзтва. Бо толькі грамадзтва можа стварыць такую палітычную сыстэму. Ніякая ініцыятывы, каманда ці лідэры паасобку ня створаць такога без удзелу беларускага грамадзтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG