Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вугоршчыне работнікі асьветы абвясьцілі ўсеагульны страйк


Пратэст настаўнікаў у Вугоршчыне, 3 сьнежня 2022
Пратэст настаўнікаў у Вугоршчыне, 3 сьнежня 2022

Дэмакратычны прафсаюз настаўнікаў Вугоршчыны, які апошнія месяцы ладзіў акцыі пратэсту супраць уладаў з-за звальненьняў работнікаў адукацыі і нізкага ўзроўню іх заробкаў, абвясьціў усеагульны страйк.

Страйк павінен пачацца ў чацьвер, 8 сьнежня. Пра гэта піша Magyar Hang.

«Няхай будзе агульнае спыненьне нацыянальнай адукацыі, назавем гэта страйкам або акцыяй грамадзянскага непадпарадкаваньня. Настаўнікі, арганізуйцеся! Бацькі, будзьце з намі! Ня трэба заахвочваць студэнтаў», — заявіла на акцыі пратэсту 3 сьнежня прадстаўніца прафсаюзаў Элізабэт Надзь.

Арганізатары папрасілі бацькоў па магчымасьці не адпраўляць дзяцей у школу ці садок у дзень страйку, бо ў гэты час там нікога не будзе. Калі навучаньне не праводзіцца, бацькам ня трэба будзе даказваць адсутнасьць дзяцей на занятках.

Акрамя таго, студэнцкая арганізацыя «Адзіны студэнцкі фронт» анансавала на 9 сьнежня акцыю пратэсту ў абарону адукацыі. Акцыя пройдзе каля будынку вугорскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі MTVA, якую просяць даць студэнтам эфірны час, каб расказаць пра апошнія пратэсты і іх прычыны.

Настаўнікі ў Вугоршчыне на працягу апошніх некалькіх месяцаў сыстэматычна патрабуюць павышэньня заробкаў і паляпшэньня ўмоў працы. Пры гэтым вугорскі ўрад фактычна забараніў настаўнікам баставаць, прыняўшы адпаведны ўказ яшчэ ў лютым. З таго часу, аднак, сотні настаўнікаў па ўсёй краіне паўдзельнічалі ў акцыях «грамадзянскага непадпарадкаваньня». Некаторых зь іх за гэта звольнілі, што выклікала яшчэ большы пратэст сярод пэдагогаў і студэнтаў.

Прафсаюзы настаўнікаў Вугоршчыны ўжо заявілі, што будуць падаваць на свой урад пазоў у Эўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу.

Раней паведамлялася, што Эўракамісія рэкамэндавала «замарозіць» выдзяленьне Вугоршчыне 7,5 млрд эўра з фондаў ЭЗ з-за праблемаў зь вяршэнствам закону і неправядзеньнем адпаведных рэформаў. У дзяржаве ў выніку кіраваньня ўраду на чале зь Віктарам Орбанам ёсьць праблемы і са свабодай прэсы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG