Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паводле задумы аўтара, павінен быў граць арган, аркестар гішпанцаў і ксыляфон з костак (маіх)». Сьвета Бень падзялілася новымі песьнямі


Сьвятлана Бень
Сьвятлана Бень

Творчы дуэт Сьветы Бень і Галі Чыкіс падзяліўся з публікай першымі песьнямі з новага альбому «Прыём!» напярэдадні яго выхаду.

Новы альбом дуэта Сьветы Бень і Галі Чыкіс «Прыём!» мусіць выйсьці сёлета ў снежні. «Чорныя бідоны» – стрыжнявая кампазыцыя альбома. Песьня навеяная падзеямі апошняга часу ў Беларусі. Пранізьлівы тэкст і мінімалістычная музыка ствараюць вобраз чорнай беспаветранай прасторы. Настрой аўтарак пасьля 2020 году апісвае страфа:

Чтобы выжить мне надо все это забыть
Мне надо все это забыть
Чтоб никого не убить
Мне надо, мне надо все это забыть чтобы выжить

«Песьня нарадзілася ўвесну 2021 году і гучала ў маёй галаве як рэчытатыў, як заклінаньне. Галя зрабіла гэтае таемнае мармытаньне чутным, агорнутым у музыку і рытм», – расказвае Сьвета Бень пра нараджэньне песьні.

Другі сынгал, які толькі што быў выкладзены ў сеціва, мае назоў «Не печалуйся!»

На сваёй старонцы ў Facebook Сьвета Бень падзялілася гісторыяй стварэньня песьні:

«[Песьня] была даўно напісаная. Калі больш дакладна, я пачала яе складаць вельмі даўно. Мне хацелася падбадзёрыць сябе ў адчайнай сытуацыі, і думка пра тое, што губляць няма чаго – усё і так страчана, дзіўным чынам разьвесяліла мяне, – напісала вядомая выканаўца і музыка. – Ну, і бадзёрыла думка аб канечнасьці быцьця сярод усіх гэтых бясконцых жахаў сьвету.

Дапісаць да канца песьню ўдалося пару гадоў таму. Там, паводле задумы аўтара, павінен быў граць арган, аркестар гішпанцаў і ксыляфон з костак (маіх). Але гэта быў цяжкарэалізавальны плян. Прыйшлося граць проста пад гармонік. Сытуацыю выратавала Галя. Песьня набыла гучаньне – прыгожае і нахабнае. Якое мне стылістычна цяжка апісаць, але яно дадае да ўсяго вышэйсказанага новы падсэнс. Самая цудоўная з страт – гэта страта жалю да сябе. Вось і добра!»

Новы альбом Сьветы Бень і Галі Чыкіс выходзіць 16 снежня.

  • Сьвятлана Бень – беларуская музыка, сьпявачка, тэатральная рэжысэрка, паэтка. Была лідэркай фрык-кабарэ-бэнду «Срэбнае вясельле» («Серебряная свадьба»). У творчым дуэце Сьветы Бень і Галі Чыкіс Сьвета адказвае за тэксты і песьні, а Галя – за аранжыроўкі і саўнд-прадакшн.
  • У кастрычніку 2020 Сьвятлана Бень у ліку 800 музыкаў, мастакоў, актораў, выкладчыкаў, рэжысэраў, літаратараў і іншых дзеячоў і актывістаў з культурных колаў падпісалі Адкрыты ліст з патрабаваньнямі перагледзець вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, спыніць гвалт, адмяніць «чорныя сьпісы» і не чыніць ціск на майстроў культуры, ня згодных з палітыкай беларускіх уладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG