Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы пачынаецца міжнародны кінафэстываль. У праграме два фільмы пра Беларусь


Лягатып фэстывалю «Watch Docs Belarus», цяпер пастаўленага на паўзу
Лягатып фэстывалю «Watch Docs Belarus», цяпер пастаўленага на паўзу

Фэстываль «Watch Docs. Правы чалавека ў кіно» пачынаецца ў Варшаве сёньня і працягнецца да 11 сьнежня.

На 22-м міжнародным кінафэстывалі «Watch Docs. Правы чалавека ў кіно» пакажуць польскі фільм «Маладая Беларусь», яго рэжысэры — Лукаш Руціньскі і Патрык Шчэпаняк. Фільм расказвае пра маладых беларусаў, якія пасьля ўцёкаў з краіны шукаюць сваё месца ў сьвеце — паміж вясёлым баўленьнем часу і настальгіяй, пачуцьцём безнадзейнасьці і кепскімі навінамі з радзімы.

Таксама пакажуць фільм «Мара. Беларускі сон» Сашы Кулак, які стаў пераможцам беларускага конкурсу «Паўночнага зьзяньня». «Мара» расказвае пра сьведку прэзыдэнцкіх выбараў і пратэстаў у Беларусі. У стужцы хроніка зьмешваецца з пастановачнымі кадрамі — снамі, у якія ўцякае ад рэальнасьці галоўная гераіня.

Рэжысэрка фільму Саша Кулак зьехала зь Беларусі ў свае 16 гадоў, а ў 2020 годзе вярнулася на радзіму, каб удзельнічаць у лёсе краіны. Яна кажа, што для яе гэты фільм —дасьледаваньне страху.

На «Watch Docs» будзе паказана больш за 50 дакумэнтальных фільмаў сусьветнага ўзроўню. Тэмы розныя: ваенныя злачынствы ва Ўкраіне і пераадоленьне траўмы ваеннага часу; расьсьледаваньне забойства славацкага журналіста; мэтады фашысцкай прапаганды, актуальныя і сёньня; чылійская гісторыя вулічнага паўстаньня; назіраньне за працай рэпартэраў аднаго з апошніх у Індыі незалежных тэлеканалаў; запіс апошніх момантаў перад падзеньнем Кабулу ў жніўні 2021. Асобны разьдзел праграмы прысьвечаны пытаньням узаемаадносінаў жывёл і людзей.

Пасьля заканчэньня фэстывалю, 12–31 сьнежня, на плятформе player.pl можна бясплатна паглядзець фільмы з адмысловай калекцыі WATCH DOCS, якая ўключае ў сябе выбраныя стужкі з папярэдніх выпускаў фэстывалю і фільмы, паказаныя на прэм’еры.

  • «Watch Docs. Правы чалавека ў кіно» быў партнэрам беларускага фэстывалю «Watch Docs Belarus», цяпер пастаўленага на паўзу, нагадвае reform-by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG