На думку экспэртаў PAC Group, цікавасьць да city-тураў у Беларусі расьце ў сувязі зь лягістыкай тураў у Эўропу, якая цяпер моцна ўскладнілася.
Цяпер фармат кароткай паездкі ў Беларусь дазваляе расейцам ня толькі адпачыць, але і «вырашыць спадарожныя надзённыя задачы», сярод якіх шопінг у брэндавых крамах, якія пакінулі расейскі рынак, ці афармленьне банкаўскай карткі беларускага банку, якой усё яшчэ можна расплачвацца за мяжой, адзначае выданьне.
Аналітыкі падкрэсьлілі, што расейцы сталі часьцей выбіраць гатэлі ў Менску са SPA-паслугамі: кошт на іх ніжэйшы, чым у Маскве.
Па ацэнках удзельнікаў рынку, усплёск навагодніх продажаў тураў у Беларусь адбудзецца ў наступныя 10-14 дзён.
«Беларусь карыстаецца добрым попытам на сьвяты дзякуючы таму, што гэта блізка, нядорага, бясьпечна і нагадвае любімую многімі Эўропу», — рэзюмуюць спэцыялісты турапэратара «Рускі Экспрэс».
Дэфіцыт месцаў на Новы год непазьбежны ў недарагіх гатэлях і санаторыях, прагназуюць турапэратары. У першую чаргу разьбіраюць нумары катэгорыі «стандарт».
У адным зь вядучых турапэратараў «Мультитур» адзначылі, што Беларусь зьяўляецца ў іх самым папулярным напрамкам зімовых продажаў — на яе прыпадае да 10% набытых тураў, тады як на астатнія краіны ня больш за 3-5%.
Ня моцна на гэты момант вырасьлі і цэны: у параўнаньні зь мінулым годам разьмяшчэньне ў Беларусі ў навагодні пэрыяд падаражэла толькі на 5-10%.
Паводле турапэратараў, цана на навагоднія экскурсійныя туры ў Беларусь на 3-4 дні стартуе ад 38-40 тыс. расейскіх рублёў на дваіх (без дарогі).