Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб выжыць, давялося папрадаваць інструмэнты». Вялікае інтэрвію з музыкам Паўлам Аракелянам


Павал Аракелян. 28 лістапада 2022 г.
Павал Аракелян. 28 лістапада 2022 г.

Музыка выехаў зь Беларусі толькі некалькі тыдняў таму. У размове са Свабодай ён расказвае аб прычынах такога рашэньня, а таксама дзеліцца сваім разуменьнем будучыні краіны.

Саксафаніст, удзельнік гурту «Крамбамбуля» Павал Аракелян пераехаў зь Беларусі ў Вільню. Музыка да апошняга заставаўся ў Менску, хоць працы там не было, а каб выжываць, мусіў распрадаць свае інструмэнты. У размове са Свабодай Павал расказаў, чым сёньня жыве Менск, якія пэрспэктывы ў рэжыму і чаму ўсё ж ён рашыўся на пераезд у іншую краіну.

Павал Аракелян на сцэне. Архіўнае фота
Павал Аракелян на сцэне. Архіўнае фота

«Цябе яшчэ не пасадзілі?»

— Што вы адчувалі, будучы два апошнія гады ў Менску?

— Гэта атмасфэра канцлягеру, вельмі цяжкая, людзі прыгнечаныя. І я адчуваў тое самае, што астатнія.

— Што ратавала ў такой сытуацыі?

— Коцік. Асабліва больш нічога не ратуе. Я б сказаў, што гэта такая безнадзёга. Калі размаўляеш з кімсьці, хто ня змог з розных прычын выехаць, то пазыцыя такая: «Ай, гары яно ўсё гарам». Гарызонт плянаваньня зьменшыўся літаральна да пары гадзінаў, і самае прыкрае, што да гэтага прызвычайваесься.

Павал Аракелян з коцікам
Павал Аракелян з коцікам

— Ранкам прыслухоўваліся да рухаў у пад’езьдзе, ці не ідзе хто па вас?

— Безумоўна. Цяпер жа такая сытуацыя, калі і ня трэба нічога рабіць, каб па цябе прыйшлі. Кожны чалавек разумее, што па яго могуць прыйсьці. Так і кажуць: «А я калісьці дзесьці лайк паставіў». І могуць жа за любую падабайку, за рэпост з Tut.by пяцігадовай даўніны, за што заўгодна. Кожны чалавек, які застаўся, кажа, што ведае, чаму па яго могуць прыйсьці. Зразумела, кожны ранак прачынаесься з чаканьнем, што могуць сёньня завітаць да цябе. І галоўнае, ты ведаеш, што людзі вакол прачынаюцца з такім самым адчуваньнем. Самае частае, што я чуў у Менску: «Цябе яшчэ не пасадзілі?»

Музыка Павал Аракелян, 28 лістапада 2022 г.
Музыка Павал Аракелян, 28 лістапада 2022 г.

— Культурнае жыцьцё ў Менску цяпер ёсьць?

— Ніякага. Ёсьць невялікія спробы. У Менску культурнае жыцьцё ніколі не было асабліва багатым, а цяпер засталіся адны парэшткі. Падпольнага ўжо даўно нічога ня робіцца. Ёсьць сьпісы дазволеных музыкаў і мастакоў, якія яшчэ нешта спрабуюць рабіць, але цікавага нічога няма, з майго пункту гледжаньня.

— Калі глядзіш відэа з Зыбіцкай, то ўражаньне, што людзей там усё яшчэ шмат.

— Я на Зыбіцкай не бываў і ў лепшыя часіны, мне цяжка за гэта адказаць. Але мне здаецца, што і ў Аўшвіцы былі канцэрты і хтосьці там тусаваўся. Безумоўна, Менск не выглядае, як зь фільмаў жахаў з вокам Мордару, але нешта кепскае відавочна адбываецца. Разумееце, у нацысцкай Нямеччыне была праслойка людзей, якім усё было пофіг. Магчыма, гэта якраз такая гісторыя, я ня ведаю.

«На карпаратывах увялі „чорныя сьпісы“»

— Вам сапраўды давялося прадаваць свае інструмэнты, каб былі грошы на жыцьцё? Раскажыце гэтую гісторыю.

— Так. Я не нагружаны жонкай і дзецьмі, але ў мяне таксама ёсьць пажылая матуля і хворы коцік, жыць за штосьці трэба. Спачатку праца прыпынілася ў ковідныя часы, а потым праз палітычныя падзеі. У Менску заробак ішоў праз прыватныя імпрэзы ў асноўным: карпаратывы, вясельлі. «Чорныя сьпісы» існавалі заўсёды, але ў прыватную сфэру яны ня лезьлі, а цяпер усё падкруцілі і тут. Каб выступіць на дні нараджэньня ў кавярні пад Маладэчнам на 20 чалавек, мяне павінны зацьвярджаць. У выніку кажуць: «Нельга-нельга». Амаль тры гады сядзеў бяз працы.

Джазмэн Павал Аракелян на сцэне. Архіўнае фота
Джазмэн Павал Аракелян на сцэне. Архіўнае фота

— У вас цяпер няма саксафона?

— У мяне застаўся адзін сапрана-саксафон, які я ня здолеў прадаць. Я прадаў барытон, тэнар, флюгельгорн, клявішы. Нястача грошай адчувалася, зразумела. Але ў мяне заставаліся сябры, якія ня зьехалі, я нічога іх не прасіў, але хтосьці купіць прадукты, нехта рахункі аплоціць, на тэлефон закіне. Такога, каб галадаў, вядома, не было. Расходы да хваробы коціка (у яго цукровы дыябэт) былі не такімі вялікімі. Я лічыў, што пасьля продажу інструмэнтаў мне хапіла б сродкаў на 6-9 месяцаў. Харчаваўся, чым было, моднікам ніколі ня быў.

— Калі вы гралі апошні раз у Беларусі?

— Мне здаецца, што зімой 2021 году — гэта была прыватная ІТ-кампанія. Яны мяне клікалі на свае падзеі тры-чатыры разы, пакуль яшчэ было магчыма.

«Адчуваў сябе басістам Deep Purple»

— У вас было адчуваньне забытасьці?

— Не адчуваньне, а разуменьне, што гэта натуральны працэс. Так працуе шоў-біз. У канцы 2020 году ў Менску на вуліцах мяне ведалі, я сябе крыху адчуваў басістам Deep Purple. Гэта было зразумела, бо толькі вулічнымі канцэртамі мы ахапілі сотні тысяч чалавек. Але час ідзе. У мэдыя засталіся толькі тыя, хто выехаў. А пра тых, хто застаўся, забыліся. Гэта нармальна, у мяне крыўдаў на гэта няма.

— Колькі вы ў 2020 годзе далі вулічных канцэртаў?

— Калі мы спрабавалі падлічыць, то атрымлівалася каля сотні. Падлічыць больш дакладна цяжка, бо быў вялізны тэмп. У нядзелю быў марш. Панядзелак — выходны, і я цэлы дзень сядзеў за кампутарам і плянаваў графік на тыдзень. Я кепска арыентуюся ў прасторы, глядзеў мапу, каб па дарозе зачапіць як мага болей лякацыяў. Здаецца, рэкорд быў сем канцэртаў за дзень. Памятаю, прыяжджаеш дамоў, адкрываеш Telegram, і адчуваньне, што толькі пра цябе і пішуць: там відос, тут відос.

Музыка Павал Аракелян, 28 лістапада 2022 г.
Музыка Павал Аракелян, 28 лістапада 2022 г.

— Што вы тады адчувалі?

— Што я на сваім месцы. Пасьля я рэфлексаваў, што можна было зрабіць інакш, і прыйшоў да высновы — нічога. Нават ведаючы, чым усё гэта скончыцца. У мяне быў нядоўгі пэрыяд эўфарыі, ён пачаўся і скончыўся 16 жніўня. Я пабачыў, што народ нарэшце выйшаў. І калі я вярнуўся дамоў, то эўфарыя скончылася. Я казаў калісьці (ня памятаю, ці было ў мэдыя), у перадвыбарчай кампаніі я ніяк ня ўдзельнічаў, мяне гэта моцна раздражняла, як і шмат каго, хто даўно ў тэме. Са скрыпам у сэрцы я пайшоў на выбары і паставіў галачку за Ціханоўскую, хоць было і няпроста гэта зрабіць. Але калі я пабачыў, што мой народ выйшаў на вуліцы, то я вырашыў, што буду зь ім, куды б ён ні пайшоў. Цяпер бы я зрабіў усё роўна тое самае, выбару не было.

Павал Аракелян на сцэне. Архіўнае фота
Павал Аракелян на сцэне. Архіўнае фота

«Не хапіла працы зь сілавікамі»

— Вы разумееце, чаго тады не хапіла для перамогі?

— Разумею. Ёсьць два варыянты: мы павінны былі выйсьці і больш не сыходзіць (быў пэрыяд, калі б гэта дало плён), альбо пяцьсот узброеных людзей наперадзе маршаў. Я дакладна ведаю, што розныя сілавікі ў тыя дні сядзелі на клуначках і былі гатовыя ўцякаць празь мяжу ў Расею. Ведаю два-тры такія выпадкі, але трэба ведаць псыхалёгію гэтых «малпаў», каб разумець, што і астатнія такія самыя. Было відэа, калі людзі ідуць з балёнікамі, а яны крычаць: «Быстрее, на подмогу, на нас идут». А калі б наперадзе ішлі ўзброеныя людзі, то там бы ўжо нікога не было, усе разьбегліся. Немагчыма гопніка ў цёмным завугольлі словамі пераканаць не забіраць у цябе грошы.

Але быў варыянт страйку яшчэ 11–12 жніўня: не выходзіць на працу, разьбіраць на цагліны Валадарку. Не хапіла працы з нармальнымі супрацоўнікамі органаў. Мы ведаем, што сышлі каля 30% сілавікоў, і яны падрыхтаваныя, умеюць карыстацца зброяй (афіцыйнага, як і неафіцыйнага, пацьверджаньня гэтай інфармацыі няма. — РС). Мы заўжды казалі: «Ёсьць жа нармальныя людзі ў сыстэме». Але іх ніхто не арганізаваў. Замест гэтага наш Штаб-Офіс-Кабінэт займаўся сусьветнымі гастролямі. Варыянты рэальна былі. «Вялікі стратэг» Пуцін, хутчэй за ўсё, сядзеў бы роўна на месцы і потым праглынуў бы тое, што адбылося ў краіне. А нават каб і зайшлі расейцы, то ўзялі б зброю і сталі класьці гэты пскоўскі АМАП. Я не хачу падацца вялікім героем, бо ўпэўнены, што мяне б першага паклалі...

— Раней вы казалі, што гатовыя былі паміраць.

— Я гатовы. Але я не жаўнер, я ня ўмею страляць нават. Проста свабода інакш не здабываецца, за яе трэба плаціць. Інакш не атрымліваецца.

Музыка Павал Аракелян, 28 лістапада 2022 г.
Музыка Павал Аракелян, 28 лістапада 2022 г.

«Нянавісьці няма, ёсьць агіда»

— Ці ёсьць у вас цяпер нейкія спадзяваньні на будучыню, калі частка пасіянарыяў сядзіць, а яшчэ больш зьехалі з краіны?

— СССР павінен даразваліцца. Пуцін вайной ва Ўкраіне паскорыў працэс. Але мы павінны разумець, што канец Пуціна ня значыць канец Лукашэнкі. Другое, нават калі Лукашэнка сапраўды падзе сьледам за Пуціным, то ўладу няма каму браць. Мы маем з аднаго боку людажэраў Лукашэнкі, а з другога — шапіто Ціханоўскай. Яшчэ трэба разумець, што будзе шмат працы, але шмат хто ўжо ня вернецца ў Беларусь, і гэта нармальна. Я ня ведаю, колькі гэта ўсё яшчэ будзе працягвацца — год, два, пяць, дзесяць, я не аналітык. На маю думку, адлік ідзе яшчэ на гады, але ўжо не на дзесяцігодзьдзі. Так ці інакш усё гэта пасыплецца.

— Вы ўзьненавідзелі дзяржаўную сыстэму?

— Я яе ніколі і не любіў. Я зь дзяцінства вельмі свабодалюбівы, быў кепска інтэграваны. У 2010 годзе я зразумеў, што гэта зло, д’ябал, зь якім трэба змагацца. Нянавісьці, можа, і сёньня няма, але ёсьць агіда і брыдота. Калі ты паважаеш суперніка, то гэта адно, а тут супраць нас брыдота. Ад іх нават тэрарысты адрыхшчваюцца, бо яны могуць катаваць тваіх сваякоў, дзетак проста дзеля свайго задавальненьня. Яны маньякі, і сыстэма іх такая самая. У слоўніку напісана, што чалавек, які адзін раз забіў, — гэта забойца; чалавек, які адзін раз згвалтаваў, — гэта гвалтаўнік. Нельга чакаць, што ну вось цяпер усё стане інакш, — бо ён ужо забойца і гвалтаўнік.

— Калі вам далі магчымасьць выступаць, то не было спадзяваньняў, што сыстэма зьменіцца знутры?

— Ніколі, яна ня можа зьмяніцца. Трэба аддаць належнае Лукашэнку, які 28 гадоў, пакуль мы сварыліся і нешта дзялілі, будаваў сваю сыстэму. Падбіраў сабе людзей, максымальна ляяльных і тупых. Ён пабудаваў сабе маналіт такі.

Музыка Павал Аракелян, 28 лістапада 2022, Вільня, Літва
Музыка Павал Аракелян, 28 лістапада 2022, Вільня, Літва

«У Беларусі скончыўся інсулін для коціка»

— Якая матывацыя ў вас была да апошняга заставацца ў Беларусі?

— Я ня мог кінуць сваю сям’ю, пра іх жа ніхто не парупіцца. Але калі я зразумеў, што зараз сяду ў турму і пра іх ужо дакладна ніхто не паклапоціцца, то мы ўсе разам зьехалі.

— Што было апошняй кропляй?

— Я з 2021 году ведаў, што на мяне ёсьць крымінальная справа. Са мной зьвязаўся чалавек, які калісьці там (сілавыя органы. — РС) працаваў і сказаў, што ёсьць матэрыялы на мяне, без падрабязнасьцяў. Апошнім часам для майго коціка прапалі лекі, інсулін, а таксама адмысловы корм. Я вырашыў, што ўжо час ехаць і паклапаціцца пра сваіх блізкіх.

— Цяжка рашэньне прымалася?

— Так, я такі дамасед, як той самы коцік. І па-ранейшаму «хворы» на Беларусь.

«Я ня мог працаваць»

— У Вільні вы ўжо браліся за інструмэнт?

— Мне пашанцавала, у Вільні я маю сяброўку Эву Баранаўскайце, мы зь ёй удзельнічалі ў адным праекце калісьці. Яна вельмі перажывала за мой лёс. Калі пачула, што я пераяжджаю ў Вільню, то яна стала маім анёлам-ахоўнікам, узяла мяне пад ручку і стала паўсюль вадзіць, дапамагла знайсьці часова вельмі танную хату. Пачала вадзіць на розныя джаз-сэшны. Я два гады без практыкі, цяжка вельмі, трэба ўзнаўляць форму. Мясцовыя музыкі вельмі пазытыўна паставіліся да мяне, прапануюць розную дапамогу. Я ня ведаю, ці можна будзе тут зарабляць. Музыку, каб адаптавацца ў іншай краіне, патрэбен дзесьці год. Тут больш добрых музыкаў, чым у Беларусі.

— Працу трэнэрам у трэнажэрнай залі ў Беларусі вы таксама закінулі?

— Я ўсё закінуў. Толькі апошнія паўгода вадзіў матулю ў залю, бо ёй трэба для здароўя. Гэта такая заля на ўскрайку Менску, калі я прыйшоў туды, то трэнэраў не было ўвогуле. Я крыху дапамагаў, тлумачыў, каб ніхто не пакалечыўся. Але гэта не заробак быў. Я ня мог працаваць, у мяне не падымаліся рукі проста.

— Можа, гэта дэпрэсія?

— Не, вядома. Дэпрэсія — гэта клінічны стан, у мяне такога не было. Я ня мог жыць нармальным жыцьцём, я і цяпер не магу да канца: колькі маіх сяброў сядзіць, колькі яшчэ сядзе, колькі катуюць. Гэта ўсё супраць прынцыпаў чалавечнасьці. Адкрытая вайна мне была б прасьцей.

— Неяк чытаў, што ваша здароўе пасьля «сутак» у 2020 годзе троху пагоршылася. Як цяпер?

— Я там упершыню захварэў на ковід, і гэта моцна дало па сэрцы. І я тады гэтага нават не разумеў, што гэта наступствы ковіду. Памятаю, як задыхаўся, калі трэба было падняцца на адзін пралёт лесьвіцы, сэрца калацілася. Неяк пяць паверхаў да студыі падымаўся ці не паўгадзіны. Цяпер узнавіўся.

Павал Аракелян
Павал Аракелян

— Раней вы нэгатыўна рэагавалі на людзей, якія пакідаюць краіну.

— Калі яны пачалі гэта ў 2020 годзе, калі нічога моцна не пагражала, проста пасьля ўдзелу ў маршах, — гэта было адно. Была такая плынь, што людзі зьяжджалі, іншыя на іх глядзелі і рабілі тое самае. Але былі такія, што сядзелі па 4-5 разоў, але заставаліся. У 2020 годзе мне ішла позва за позвай, я проста туды не хадзіў, хоць, мабыць, мог зьехаць. Я ня ехаў прынцыпова: нічога іншага зрабіць ня мог, проста заставаўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG