Рэдакцыя аднаго з галоўных слоўнікаў ангельскай мовы Merriam-Webster выбрала «слова году» — gaslighting. Яно абазначае маніпулятарскі прыём, калі чалавека прымушаюць верыць не сваім вачам, а таму, што яму навязваюць. Іншы вядомы ангельскі слоўнік, Collins, таксама абраў сваё «слова году» — Permacrisis, гэта значыць жыцьцё ў пэрманэнтным, сталым крызісе.
Тэрмін «газляйтынг» апошнім часам намаганьнямі публіцыстаў і псыхолягаў распаўсюдзіўся ва ўсіх мовах. У ангельскую ж ён прыйшоў у 1944 годзе пасьля выхаду трылера «Газавы сьвет», галоўную ролю ў якім адыграла Інгрыд Бэргман (за гэтую ролю яна атрымала «Оскара»). Паводле сюжэту фільма, маладая жанчына заўважае, што асьвятленьне ў яе хаце становіцца цьмяным, калі яе муж кудысьці сыходзіць. Муж пераконвае яе, што гэта ёй толькі здаецца, што ў яе галюцынацыі і псыхічнае расстройства, і жанчына верыць у гэта. Як высьвятляецца пазьней, муж — злачынец, мэтай якога было абвясьціць жонку вар'яткай, адправіць у лякарню і завалодаць яе спадчынай. Для гэтага ён прыглушаў сьвятло ў хаце, а жонцы даводзіў, што перапады асьвятленьня – плод яе хворага ўяўленьня.
Цяпер слова gaslighting у ангельскай шырока выкарыстоўваецца для абазначэньня псыхалягічных маніпуляцый: напрыклад, калі палітыкі ці СМІ імкнуцца пераканаць грамадзян, што верыць трэба іхным словам, а ня ўласным вачам, вушам і думкам. Складальнікі слоўніка Merriam-Webster лічаць, што гэты тэрмін як нельга лепш падыходзіць для апісаньня цяперашняй сытуацыі ў сьвеце і ў інфармацыйнай прасторы.
«У наша стагодзьдзе дэзынфармацыі – фэйкавых навін, тэорый змовы, троляў у інтэрнэце і дыпфэйкаў — gaslighting стала словам нашага часу», – адзначае рэдакцыя Merriam-Webster.
У той жа час іншы аўтарытэтны слоўнік англійскай мовы, Collins, абвясьціў словам 2022 Permacrisis – гэта значыць «пэрманжнтны крызіс», стан жыцьця ў пастаянным крызісе. На думку рэдакцыі, гэты тэрмін апісвае жыцьцё чалавецтва ў 2022 годзе. Не пасьпелі мы прыйсьці да нормы пасьля пандэміі каранавірусу, як на нас наваліліся вайна ва Ўкраіне, глябальныя энэргетычны і эканамічны крызісы, кліматычная пагроза і нестабільнасьць улады ў Вялікабрытаніі.
Іншымі галоўнымі словамі 2022 году, прынамсі для англамоўных людзей, Collins лічыць, напрыклад, Partygate – «вечарынкагэйт», палітычны скандал з прычыны нелегальных вечарынак падчас пандэміі, якія прывялі да адстаўкі прэмʼер-міністра Вялікабрытаніі Барыса Джонсана; Warmbank – «пункт абагрэву» для людзей, якія вымушаныя ва ўмовах высокіх коштаў на камунальныя паслугі эканоміць на ацяпленьні ўласных кватэр; Carolean – «Карлаўскі», гэта значыць які адносіцца да новага караля Вялікабрытаніі Карла III; і не патрабуе перакладу слова Kyiv – Кіеў, назва сталіцы Ўкраіны.
- Летась словам года па вэрсіі слоўніка Merriam-Webster было «вакцына», па вэрсіі Collins – «NFT»: крыптаграфічныя інтэрнэт-абʼекты, якія атрымалі шырокую папулярнасьць.
- Радыё Свабода штогод абірае Беларускае слова году. Чытачы сацыяльных сетак разам з экспэртамі — журналістамі і мовазнаўцамі — прапануюць словы, а потым выбіраюць пераможцу галасаваньнем у Фэйсбуку, Інстаграме, Тэлеграме, Ютубе. Такое галасаваньне адбудзецца і сёлета.
Даведка пра „Слова году“
„Слова году“ традыцыйна выбіраюць для розных моваў. Упершыню гэта зрабіла Таварыства нямецкай мовы (Die Gesellschaft für deutsche Sprache, Вісбадэн) у 1971 годзе. У ангельскамоўным сьвеце цяпер слова году вызначаюць некалькі аўтарытэтных навуковых, выдавецкіх і журналісцкіх асяродкаў. Крытэры ў розных журы крыху адрозныя. Бальшыня не вымагае, каб слова было зусім новым (хоць гэта пажадана), але яно мае быць частым і важным у адпаведным годзе (слоўнікавыя інтэрнэт-рэсурсы лічаць колькасьць запытаў) або істотна памяняць значэньне.
„Беларускія словы году“
Упершыню „Беларускае слова году“ выбрала Беларуская служба Радыё Свабода ў 2014 годзе. Спачатку выбіралі некалькі запрошаных экспэртаў, потым экспэртная камісія складалася з журналістаў і мовазнаўцаў, а з 2017 году сьпіс для галасаваньня складаюць як экспэрты, так і чытачы сацыяльных сетак. Апошнія і галасуюць за найбольш папулярнае слова.
„Беларускімі словамі году“ былі:
2014 — вышымайка
2015 — набэлістка
2016 — беларусафоб
2017 — дармаед
2018 — БНР
2019 — Каліноўскі
2020 — Жыве!
2021 — чабор
2022 — вайна