Як сказаў намесьнік старшыні СК Анатоль Васільеў у інтэрвію газэце «СБ. Беларусь сегодня», Сьледчы камітэт расьсьледаваў звыш 30 крымінальных спраў паводле артыкулу «Акт тэрарызму», частка зь іх зараз знаходзіцца ў вытворчасьці ў сьледчых, у частцы прынята рашэньне і яны накіраваныя ў пракуратуру для наступнага разгляду ў судзе.
«У шэрагу крымінальных спраў ужо набыў законную моц абвінаваўчы прысуд. У прыватнасьці, размова ідзе аб тэрактах на чыгуначных і аўтамабільных шляхах».
Паводле яго, справы заведзеныя паводле артыкулаў «Акт тэрарызму» і «Здрада дзяржаве».
Адна са справаў тычыцца 40-гадовага жыхара Менскага раёну, які спаліў рэлейную шафу, чым выклікаў затрымку 22 грузавых і 17 пасажырскіх цягнікоў. Пры сабе мужчына нібыта меў пісталет, гэтым у СК апраўдваюць тое, што ў затрыманага стралялі.
Васільеў назваў «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы «рассаднікам злачыннай дзейнасьці», а тым, хто ахвяраваў грошы фондам дапамогі і іншым падобным арганізацыям, прадстаўнік СК парэкамэндаваў зьявіцца з раскаяньнем.
Наконт ахвяраваньняў з замежных банкаўскіх картак сілавік заявіў, што ў Беларусі ёсьць «замежныя партнэры», якім Сьледчы камітэт «накіроўвае просьбы аб аказаньні міжнароднай прававой дапамогі».
Тысячы беларусаў падпалі пад рэпрэсіі і гвалт у сувязі з пратэстам супраць вайны ва Ўкраіне. Беларускія «рэйкавыя партызаны» ўчынілі дзясяткі дывэрсій на чыгунцы, а кібэрпартызаны на два тыдні парушылі працу абсталяваньня, якое забясьпечвае аўтаматычную працу беларускай чыгункі, каб не дапусьціць перасоўваньня расейскай вайсковай тэхнікі. І гэта ва ўмовах дзяржаўнага тэрору супраць любога іншадумства.