Вырак студэнту юрыдычнага факультэту
Студэнта юрыдычнага факультэта БДУ Ўладзімера Запольскіх асудзілі да 2 гадоў калёніі і штрафу па пратэставых артыкулах, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
Яго абвінавацілі ў «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці» (ч.1 арт. 130 КК), «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх» (ч. 1 арт 342 КК) і «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК). Працэс вяла судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка.
22-гадовы хлопец быў затрыманы 29 верасьня 2021 году ў крымінальнай справе, пачатай за камэнтары ў Інтэрнэце пасьля гібелі супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і it-спэцыяліста Андрэя Зельцара.
Таксама Запольскіх павінен будзе выплаціць штраф у памеры 200 базавых велічынь (6400 рублёў, па сёньняшнім курсе гэта звыш 2,5 тысяч даляраў).
У Менску вынесьлі прысуд сакратару Свабоднага прафсаюзу мэталістаў
Суд Першамайскага раёну Менску вынес прысуд палітзьняволенаму прафсаюзнаму актывісту Міхаілу Громаву.
Як паведамляе «Вясна», суд, які доўжыўся з 3 лістапада, прызнаў Громава вінаватым і вынес пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады і шэсьць месяцаў («хатняя хімія»).
Справу разглядала судзьдзя Сьвятлана Чараповіч.
Громава абвінавачвалі паводле крымінальнага артыкулу пра арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак, альбо ў актыўны ўдзел у такіх дзеяньнях.
Громаў — былы намесьнік старшыні прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці, потым сакратар Свабоднага прафсаюзу мэталістаў, які быў ліквідаваны ўладамі Беларусі ў ліпені гэтага году. Яго затрымалі 19 красавіка разам з многімі актывістамі незалежных прафсаюзаў.