Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 24 лістапада: 3 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэсьце; затрыманы грэка-каталіцкі сьвятар


Пратэст у Менску ў жніўні 2020. Ілюстрацыйнае фота
Пратэст у Менску ў жніўні 2020. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі супраць беларусаў працягваюцца.

Затрымалі грэка-каталіцкага сьвятара Віталя Быстрова

Віталь Быстроў служыць грэка-католікам парафіі Маці Божай Жыровіцкай у Івацэвічах, паведамляе «Вясна».

Айца Віталя ўжо затрымлівалі ў лістападзе 2020 г. Тады ён атрымаў прысуд 10 дзён арышту паводле арт. 23.34 КаАП.

За ўдзел у пасьлявыбарнай акцыі пратэсту ў Менску асудзілі жыхарку Сьветлагорску

У судзе Партызанскага раёну Менску 11 лістапада скончыўся разгляд справы жыхаркі Сьветлагорску Натальлі Зорынай. Яе абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

У судзе высьветлілася, што Натальля Зорына не ад самага пачатку далучылася да пратэстоўцаў і ня мела пры сабе пратэставай сымболікі. Адвакат настойваў на тым, што Натальля выпадкова трапіла на акцыю. Аднак, насуперак довадам абаронцы, Зорына прызнала віну ў поўным аб’ёме выстаўленага ёй абвінавачаньня.

Судзьдзя Міхаіл Макарэвіч пакараў жанчыну 3 гадамі «хатняй хіміі».

Яе выпусьцілі з залі суду з падпіскай аб нявыезьдзе.

Натальля Зорына, якой у кастрычніку споўнілася 28 гадоў, да затрыманьня працавала ў Менску вядучым спэцыялістам у закупках у камэрцыйнай фірме, часова жыла ў сталіцы.

У Менску пачаўся суд над палітзьняволеным бацькам сямёх дзяцей

У Менскім гарадзкім судзе пачынаецца разгляд справы палітвязьня Максіма Лацунцэвіча.

Яго абвінавачваюць паводле арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці»)і арт. 369 («абраза прадстаўніка ўлады») Крымінальнага кодэксу, піша «Вясна».

Максіма затрымалі 29 верасьня 2021 году ў межах «справы Зельцара».

Справу разглядае судзьдзя Алена Касьцюкевіч.

Затрымалі прадстаўніка IT-індустрыі

Праваабаронцы з спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне распрацоўніка студыі ICON GAMES Валерыя Буйвідовіча.

Паводле сілавікоў, мужчына ўдзельнічаў у пасьлявыбарных акцыях пратэсту, а таксама пакідаў «абразьлівыя камэнтары». На «пакаяльным відэа» Валерыя прымушаюць назваць свой заробак.

Берасьцейца асудзілі на 3 гады калёніі за камэнтар пра Лукашэнку і перадачу фатаздымку бюлетэню з рэфэрэндуму

У Берасьцейскім абласным судзе 21 лістапада асудзілі Сяргея Нікіцюка паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 1 арт. 361-4 («спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Судзьдзя Дзьмітры Куроўскі прызначыў Сяргею 3 гады калёніі агульнага рэжыму.

Сяргею паставілі ў віну два эпізоды. Як паведамляе «Вясна», 19 траўня 2021 году мужчына ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце» пад допісам на старонцы «Белсат TV» пакінуў камэнтар «Трепло» ў адрас Лукашэнкі. Суд палічыў камэнтар публічнай абразай.

А 27 лютага 2022 году Сяргей у межах акцыі «Перакрэсьлі рэфэрэндум, перакрэсьлі беззаконьне», даслаў у тэлеграм-бот рэдакцыі NEXTA фота бюлетэню рэфэрэндуму аб унясеньні зьменаў у Канстытуцыю Беларусі. Абвінавачаньне кваліфікавала гэта як «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Мужчына цалкам прызнаў віну.

Сяргею Нікіцюку 33 гады, ён вучыўся ў Валынскім нацыянальным унівэрсытэце імя Лесі Украінкі. Жыве ў Жабінцы Берасьцейскай вобласьці. Мае непаўналетняе дзіця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG