Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Алея зь бел-чырвона-белых яблыняў». Беларусы сабраліся абнавіць мэмарыял аўтара нацыянальнага сьцяга ў Коўне


Магіла Кляўдуша Дуж-Душэўскага
Магіла Кляўдуша Дуж-Душэўскага

Беларуская супольнасьць Коўна абвесьціла збор сродкаў на аднаўленьне пахаваньня Кляўдуша Дуж-Душэўскага. Зьбіраюцца ўсталяваць новую табліцу з надпісам па-беларуску, мачты для бела-чырвона-белага сьцяга і «Пагоні», адрэстаўраваць надмагільныя пліты.

Адноўлены мэмарыял мяркуюць урачыста адкрыць у Дзень Волі, 25 сакавіка 2023 году. Сродкі зьбіраюць праз краўдфандынг, расказала кіраўніца суполкі «Коўна беларускае» Ніка Выгоўская.

«Мяне вельмі натхняе, што ўжо назьбіралі траціну ад мінімальна неабходнай сумы. Вельмі прыемна, што людзі адгукаюцца. Вельмі грэюць грашовыя пераводы па 5 эўра. Такі знак: „Я з вамі, але грошай няма“. І вось гэтае „я з вамі“ так натхняе! Адчуваецца такая салідарнасьць зь беларускага боку, што, нягледзячы на тое, што мы існуем у нейкім лічбавым сусьвеце, мы — нацыя. Пакуль мэта — назьбіраць 2,5 тысячы на шыльду, мачты, аднаўленьне помніка. Але хацелася б пасадзіць і алею Дуж-Душэўскага зь яблыняў — бел-чырвона-белую. Калі назьбіраем больш, ажыцьцявім і гэту частку праекту», — кажа спадарыня Выгоўская.

«Я была зьдзіўленая, што няма нават надпісу па-беларуску, няма згадкі, што ён адраджаў нашу сымболіку»

Сама Ніка больш за год таму пераехала ў Коўна, якраз перад Дзядамі. І вельмі расстроілася, што ня зможа наведаць «свае» магілы ў Беларусі.

«Я стала шукаць, хто пахаваны тут, у Коўне. Убачыла, што на Петрашунскіх могілках пахаваны выбітны чалавек — Кляўдуш Дуж-Душэўскі. Я была зьдзіўленая, што няма нават надпісу па-беларуску, не пазначана, што ён адрадзіў нашу нацыянальную сымболіку.

Я пайшла шукаць дакумэнты, даведалася, што ён выбітны архітэктар, пабудаваў амаль палову Коўна, усе выбітныя будынкі гораду міжваеннага часу, сярод ягоных працаў — Ковенскі драматычны тэатар. Дуж-Душэўскі стаяў ля вытокаў архітэктурнага стылю, які атрымаў назву «ковенскі мадэрнізм».

Ніка апавядае і вельмі кранальную гісторыю пра тое, як Кляўдуш Дуж-Душэўскі выратаваў з ковенскага гета габрэйскую дзяўчынку Марыну Расіцкене. Ён сядзеў у турме зь яе бацькам, якога закатавалі да сьмерці. Дуж-Душэўскі паабяцаў гэтаму чалавеку, што выратуе дзяўчынку, хаваў яе, потым удачарыў. Марына Расіцкене таксама пахаваная на гэтых могілках.

«Вельмі прыемна, што людзі згаджаюцца працаваць для гісторыі, для беларускай справы»

Даведаўшыся пра ўсё гэта, Ніка пачала шукаць сродкі на аднаўленьне магілы Дуж-Душэўскага, зьвярнулася да Рады беларускай культуры, народных амбасадаў.

«Грошай не было. Я ня вельмі люблю краўдфандынг, бо гэта клапатлівая справа. Тут зьявіліся яшчэ беларускія сем’і, якія пераехалі, і мы вырашылі, што разам пацягнем.

Да распрацоўкі дызайну шыльды і надмагільнай прасторы хацелі залучыць беларускіх дызайнэраў і мастакоў. І літаральна сёньня знайшоўся выбітны беларускі мастак, які далучыўся да нашай ініцыятыўнай групы.

Вельмі прыемна, што людзі згаджаюцца працаваць для гісторыі, для беларускай справы. Калі я запыталася, колькі ён возьме грошай, мастак адказаў, што робіць гэта для душы. Я ня ведаю, ці ён у Беларусі. Але прасіў імя яго пакуль не называць», — кажа Ніка Выгоўская.

Ковенскія беларусы знайшлі і дасьледніка жыцьця і творчасьці Дуж-Душэўскага гісторыка Тамаша Блашчака (Tomasz Błaszczak), заплянавалі зладзіць зь ім сустрэчу. Сустракаліся яны і з Нобэлеўскай ляўрэаткай Сьвятланай Алексіевіч, паэткай і перакладницай Вандай Марцінш душ Рэйш, працягвае Ніка.

«Да нас прыяжджала Аліна Коўшык (прадстаўніца Пераходнага кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай. — РС), патэлефанавала мне, папрасіла звадзіць яе на гэтыя могілкі. Вельмі важна — падтрымліваць гэтую сувязь з каранямі. Нават дрэва, калі яго перанесьці ў іншую зямлю, але з каранямі, будзе жыць. Таму гэтую сувязь мы павінны падтрымаць», — кажа беларуска Ніка Выгоўская.

  • Кляўдуш Дуж-Душэўскі нарадзіўся ў 1891 годзе ў Глыбокім. Вучыўся ў Пецярбурскім горным інстытуце. У 1917 годзе распрацоўвае праект нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга, які прымаецца як эталён. З восені 1919 году быў дыпляматычным прадстаўніком ураду БНР у дзяржавах Балтыі, а таксама займаў пасаду дзяржаўнага сакратара ўва ўрадзе Вацлава Ластоўскага. У 1921 годзе пераяжджае ў Літву.
  • Яго тройчы арыштоўвалі савецкія ўлады (у 1940, 1946 і 1952 гадах).
  • За дапамогу габрэям падчас Другой сусьветнай вайны ўзнагароджаны прэзыдэнтам Літвы (пасьмяротна).
  • Працаваў архітэктарам у праектным інстытуце «Lietstatprojektas» і дацэнтам Ковенскага ўнівэрсытэту.
  • Памёр у 1959 годзе, пахаваны на Петрашунскіх могілках у Коўне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG