Пра затрыманьне Анатоля Шумчанкі паведаміла газэта «Народная воля». Паводле зьвестак выданьня, 21 лістапада ён паехаў на допыт у Баранавічы, аднак адтуль не вярнуўся.
Анатоль Шумчанка — арганізатар правядзеньня пратэсту прадпрымальнікаў, ініцыятар перамоў і сустрэч прадпрымальнікаў з уладамі.
Шумчанка доўгі час быў лідэрам арганізацыі «Пэрспэктыва», якая прадстаўляла інтарэсы індывідуальных прадпрымальнікаў.
Арганізацыя зьявілася ў сьнежні 2002 пасьля масавых акцый пратэсту прадпрымальнікаў улетку і ўвосень таго году. Прадпрымальнікі выступілі супраць уціску з боку дзяржавы іх эканамічных правоў. На хвалі акцый пратэсту лідэры розных арганізацый прадпрымальнікаў дамовіліся аб супрацоўніцтве.
Летась у верасьні Вярхоўны суд зьліквідаваў аб’яднаньне «Пэрспэктыва». Усяго яно праіснавала 15 гадоў.
Сам Шумчанка за сваю дзейнасьць доўгі час цярпеў перасьлед з боку ўладаў. Агулам адбыў 70 дзён арышту за акцыі пратэсту. Міжнародная арганізацыя Amnesty International у 2005 годзе прызнавала яго вязьнем сумленьня.