«Ужо традыцыйна пачынаем у пятніцу (18.11) ад моцнага ўдару ў выглядзе кароткага і геніяльнага падручніка для небеларусаў „Handbook“ Паўла Можара, каб пасьля паплыць упершыню ў Польшчы ў падарожжа з „Марай“ выдатнай рэжысэрскі і апэратаркі Сашы Кулак», — адзначаюць арганізатары фэстывалю.
Героям фэстывальнай суботы (19.11) будзе Менск, за якім сумуюць тысячы беларусаў на вымушанай эміграцыі, гаворыцца ў анонсе фэстывалю.
Напрыканцы кінасуботы будуць прадстаўлены фільмы рэжысэра-дакумэнталіста Андрэя Куцілы — «Над Нёманам» і «Хрышчэньне Гасподняе».
«Нядзеля — дзень беларускага эміграцыйнага кіно. Адбудзецца прэзэнтацыя адукацыйнага праекта Film Bridge Wajda School з удзелам беларускіх маладых рэжысэраў», — паведамляюць арганізатары.
У гэты дзень адбудзецца паказ кароткаметражнага фільму «У жывым эфіры», заснаванага на гісторыі журналістак Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай, рэжысэркі Мары Тамковіч, якая толькі пачынае свой міжнародны фэстывальны шлях.
На нядзелю таксама заплянаваная сустрэча з рэжысэрам Аляксеем Палуянам, які жыве ў Нямеччыне. Упершыню ў Польшчы пройдзе паказ яго фільму «Возера радасьці», а пасьля — вядомага ўжо польскім глядачам дакумэнту «Кураж».
Апошні фільм фэстывалю — карціна «Менск», якая была зьнятая пасьля пасьлявыбарных пратэстаў у 2020 годзе. Фільм ужо выклікаў шмат розных эмоцыі ў беларусаў, таму будзе добрай нагодай да дыскусіі з польскімі і беларускімі кінакрытыкамі, заяўляюць арганізатары BULBAMOVIE.
Падрабязную праграму фэстывалю можна паглядзець на яго афіцыйным сайце.
Гісторыя фэстываля
Бульбамувi ці «Bulbamovie» — фэстываль беларускіх відэа- і кінафільмаў, які пачаў праводзіцца з 2011 году па ініцыятыве часткі беларускіх кінэматаграфістаў і культуролягаў як альтэрнатыва дзяржаўным кінафэстывалям у Рэспубліцы Беларусь. Зьяўляецца пляцоўкай для сустрэч вытворцаў прыватнага беларускага кіно і кінакрытыкаў, зацікаўленых у асэнсаваньні стану і шляхоў разьвіцьця сучаснага беларускага кінамастацтва. Сымбалем фэстываля зьяўляецца бульба.
Заснавальнікам і арганізатарам (дырэктарам) кінафэстывалю стаў Януш Гаўрылюк, грамадзянін Рэспублікі Польшча, выпускнік факультэта беларускай філялёгіі ў Варшаўскім унівэрсытэце, журналіст тэлеканала «Белсат», які выказаўся, што хоча гэтым дапамагчы разьвіцьцю беларускага кіно.
Фестывалі 2011, 2012, 2013 і 2014 гг. праходзілі ў Варшаве (Польшча). У 2015 годзе фэстываль прайшоў у дзьвюх краінах — Беларусі і Польшчы.
З 2012 году пераможцы конкурсу пачалі атрымліваць прызы: статуэтка «бронзавая бульба» і грашовыя прэміі.