Кампанію па зборы сродкаў на аўдыёкнігу Ўладзімера Мацкевіча, які цяпер за кратамі, распачалі яго аднадумцы і калегі яшчэ ўлетку. Учора на старонцы філёзафа ў сацсетках зьявілася паведамленьне, што праца над праектам скончаная і зборнік эсэ цяпер даступны для праслухоўваньня на плятформе SoundCloud, піша Reform.by.
«Свабода і мысьленьне: эсэ пра грамадзянскую супольнасьць» — зборнік эсэ Ўладзімера Мацкевіча, які быў напісаны ў сьнежні 2019 — студзені 2020-га. У ім аўтар аналізуе асновы грамадзянскай супольнасьці і ролю ў яе разьвіцьці і існаваньні такіх зьяваў, як грамадзкая думка, мэдыя і дзяржава. Таксама ён разьбірае, як суадносіцца грамадзянская супольнасьць з нацыяй, разнастайнымі дзеяньнямі і практыкамі грамадзкага ўдзелу.
Кніга, на думку філязофскага кола, дапаможа асэнсаваць тыя падзеі, якія адбыліся ў Беларусі ў 2020 годзе, а таксама актуальную сытуацыю.
Рэдактарам на праекце працаваў культуроляг, публіцыст, актывіст Максім Жбанкоў. «Голас» кнігі — актор-«купалавец» Алег Гарбуз.
- Уладзімер Мацкевіч — грамадзка-палітычны дзеяч, тэлевядоўца, заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналёгій, першы старшыня Рады міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь», заснавальнік «Лятучага ўнівэрсытэту» і член асноўнага складу Каардынацыйнай рады.
- Яго затрымалі 4 жніўня 2021 году.
- У лютым 2022 году, праз паўгода зьняволеньня, ён трымаў галадоўку 13 дзён з патрабаваньнем перадаць ягоную справу ў суд і прызначыць дату судовага разбору. Гэта выклікала шырокі грамадзкі рэзананс, у падтрымку Мацкевіча выказаліся сотні навукоўцаў, літаратараў, філёзафаў з усяго сьвету.
- 23 чэрвеня 2022 году Ўладзімера Мацкевіча асудзілі на 5 гадоў калёніі, прызнаўшы яго вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня) і ч. 1 арт. 368 (абраза прэзыдэнта). Працэс адбываўся з 9 чэрвеня ў закрытым рэжыме.
- Цяпер філёзаф знаходзіцца ў папраўчай калёніі № 17 у Шклове. У кастрычніку яго імя дадалі ў сьпіс «экстрэмістаў» МУС.
- У жніўні гэтага году сябры і калегі стварылі сайт Уладзімера Мацкевіча, дзе можна пазнаёміцца зь ягонымі творамі.