Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка павіншаваў «народ Польшчы» са сьвятам Незалежнасьці. Што ён не згадаў у віншаваньні


Аляксандар Лукашэнка размаўляе зь мігрантамі ў транспартна-лягістычным цэнтры пад Брузгамі, 26 лістапада 2021 году
Аляксандар Лукашэнка размаўляе зь мігрантамі ў транспартна-лягістычным цэнтры пад Брузгамі, 26 лістапада 2021 году

Аляксандар Лукашэнка «ад імя шматнацыянальнага беларускага народу» адправіў народу Польшчы віншаваньне са сьвятам Незалежнасьці.

Ягоную тэлеграму апублікавала 11 лістапада прэс-служба Лукашэнкі.

«У цяперашні вельмі складаны і супярэчлівы час становіцца асабліва зразумелым, як важна берагчы самастойнасьць і незалежнасьць сваёй краіны, захоўваць мір, умацоўваць хрысьціянскія каштоўнасьці і ўзаемную адкрытасьць», — гаворыцца ў віншаваньні Лукашэнкі палякам.

Ён падкрэсьліў, што Беларусь імкнецца да гарманічнага разьвіцьця двухбаковых сувязяў, дэманструе гатоўнасьць будаваць масты дружбы, а не пагранічныя сьцены з калючым дротам.

«На жаль, за грубыя памылкі адыёзных польскіх палітыкаў сёньня мусяць расплачвацца звычайныя грамадзяне вашай краіны. Штучна створаныя хлусьлівыя вобразы ворагаў у асобе Беларусі і Расеі прывялі да пагаршэньня ўзроўню жыцьця ўсіх эўрапейцаў, падарвалі давер у міжнародных адносінах і вымусілі пакутаваць мільёны людзей», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Ён заявіў, што жыхары за Бугам гэта разумеюць і «зробяць правільны выбар падчас палітычнай кампаніі, якая павінна адбыцца».

Лукашэнка таксама запэўніў палякаў, што «ад духоўна і культурна вельмі блізкіх беларусаў ніколі не зыходзіла пагроза».

«Як правільна адзначыў польскі клясык, Беларусь нікога не рабавала і не забівала, з павагай ставілася да гасьцей, была гатовая падзяліцца нават апошнім акрайцам жытняга хлеба. Гэтыя словы і сёньня захоўваюць актуальнасьць», — напісаў Лукашэнка.

Ён выказаў надзею наладзіць канструктыўныя адносіны з палякамі і пажадаў ім «мірнага неба, салідарнасьці і незалежнага выбару».

Польска-беларускі канфлікт

Тым часам у Беларусі актыўна разгортваецца антыпольская праганда і працягваецца мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі і Польшчы, інсьпіраваны ўладамі ў Менску.

  • Сярод іншага, сёлета ў чэрвені ўлады Беларусі пачалі «акцыю» зьнішчэньня польскіх пахаваньняў і памятных мясьцін у Беларусі. Вядома пра шэраг разбурэньняў магілаў ваяроў Арміі Краёвай, якія ваявалі на беларускай зямлі супраць гітлераўскіх акупантаў і таксама ўступалі ў баі з савецкімі войскамі, асьцерагаючыся камуністычнай акупацыі.
  • Агулам, паводле зьвестак МЗС Польшчы на 28 кастрычніка, у Беларусі з ініцыятывы ўладаў зьнішчана або апаганена 13 месцаў памяці палякаў, у тым ліку вйсковых пахаваньняў, помнікаў і памятных знакаў.
  • Варшава ня раз заклікала ўлады ў Менску «неадкладна спыніць акты вандалізму на могілках, выявіць і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых». Польшча «рашуча патрабуе павагі магілаў і памяці аб памерлых».
  • Таксама не спыняецца перасьлед польскай меншасьці ў Беларусі — улады закрылі польскія школы, зьнішчылі польскія выданьні і грамадзкія арганізацыі, працягваюць трымаць у зьняволеньні фігуранта «польскай справы» журналіста Анджэя Пачобута.
  • На напружанасьць стасункаў Варшавы і Менску паўплываў і міграцыйны крызіс, які пачаўся летась вясной. Тады Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Спачатку шматразовы рост колькасьці нелегальных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нерэгулярных мігрантаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.
  • У кастрычніку 2021 году Варшава заявіла, што трактуе паводзіны ўлады ў Менску як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • У выніку падчас міграцыйнага крызісу ў студзені польскія ўлады абвясьцілі пачатак будовы пяцімэтровай мэталічнай агароджы на мяжы Польшчы і Беларусі. Апошнія працы дзеля ўзьвядзеньня загароды даўжынёй амаль 187 кілямэтраў скончыліся 30 чэрвеня.
  • Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну менскі рэжым дазволіў расейцам выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для нападу на поўнач Украіны. 10 кастрычніка Лукашэнка і Пуцін заявілі аб разгортваньні сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў. Лукашэнка таксама паведаміў, што некалькі тысяч расейскіх вайскоўцаў прыбудуць у Беларусь.
    Пры гэтым Лукашэнка ня раз абвінавачваў краіны ЭЗ, у тым ліку Польшчу, у рыхтаваньні нападу на Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG