Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыктатуру — захаваць, пераемніка — не прызначаць? Лукашэнка сваімі рукамі закладае міну пад уласную сыстэму


Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Сусьветны досьвед паказвае, што ў пэрсаналісцкіх рэжымах сыход дыктатара, як правіла, выклікае палітычны крызіс. Бо няма мэханізмаў перадачы ўлады. Лукашэнка хоча пакінуць пасьля сябе дыктатуру, але — без аднаасобнага дыктатара. Ці магчыма гэта?

Сьцісла:

  • Паводле задумы Лукашэнкі, будучы палітычны рэжым не павінен быць рэжымам асабістай улады.
  • Але, зь іншага боку, аддаваць уладу народу, каб грамадзяне выбіралі кіроўныя органы на свабодных выбарах, Лукашэнка таксама ня хоча.
  • Гэта павінен быць нейкі гібрыдны рэжым, улада ў якім бы належала не аднаму чалавеку, як цяпер, а была расьцярушана паміж рознымі структурамі, ніяк не залежнымі ад народу.
  • У палітычных сыстэмах, падобных да беларускай, не працуюць асноўныя дзяржаўныя інстытуты. І разьлічваць на тое, што ў выпадку сыходу Лукашэнкі яны раптам запрацуюць, даволі наіўна.
  • І вось у гэтую непрацаздольную канструкцыю Лукашэнка запускае дэстабілізуючы элемэнт у выглядзе Ўсебеларускага народнага сходу.


8 лістапада Лукашэнка правёў нараду наконт законапраектаў, якія прадугледжваюць карэкціроўку сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня. Ёй спадарожнічалі доўгія і блытаныя развагі кіраўніка дзяржавы, у якіх ён спрабаваў растлумачыць, у чым сэнс навацый, чаго ён хоча дасягнуць. З гэтых супярэчлівых, ня вельмі канкрэтных заяваў даволі цяжка было ўлавіць зьмест ягоных задумаў. Можна толькі здагадацца, што Лукашэнка імкнецца захаваць у працаздольным стане аўтарытарную сыстэму пасьля свайго сыходу.

Вось ён тлумачыць: «Сёньня мы ёсьць. Можа, мы і заўтра будзем. Але пасьлязаўтра нас сапраўды ня будзе. А аснову, стабільнасьць гэтую мы павінны стварыць... Каб сыстэма была ўстойлівая і яе ніхто ня мог расхістаць. Зарука нашай будучыні. Мы адыдзем ад актыўнага жыцьця, але будзем яшчэ жыць і бачыць, як будзе разьвівацца краіна... Мая задача — пакінуць новаму пакаленьню ў спадчыну нармальную сыстэму кіраваньня грамадзтвам і дзяржавай. Вось у чым сэнс».

Паводле яго задумы, будучы палітычны рэжым не павінен быць рэжымам асабістай улады. Таму паводле новай Канстытуцыі ў выпадку сыходу прэзыдэнта ягоныя паўнамоцтвы перадаюцца не прэм’ер-міністру, а старшыні Савету рэспублікі. Бо, на ягоную думку, кіраўнік ураду можа ўзурпаваць уладу. Лукашэнка кажа: «Уявіце, прэм’ер-міністар у выпадку адыходу прэзыдэнта праводзіць прэзыдэнцкія выбары (ён павінен арганізаваць як выканаўца абавязкаў прэзыдэнта). Бюджэт, эканоміка, фінансы і іншае аказваюцца ў адных руках. Так? Гэтак. Вынік амаль наканаваны пры любой дэмакратыі... Гэта, мусіць, не зусім правільна. Усё-ткі сыстэма стрымак-процівагаў. Павінны быць процівагі».

Але, зь іншага боку, аддаваць уладу народу, каб грамадзяне выбіралі кіроўныя органы на свабодных выбарах Лукашэнка таксама ня хоча. І таму прыдумаў у якасьці галоўнага дзяржаўнага інстытуту Ўсебеларускі народны сход (УНС) — абсалютна нявыбарны орган.

То бок гэта павінен быць нейкі гібрыдны рэжым, улада ў якім належала б не аднаму чалавеку, як цяпер, а кіроўнай намэнклятуры, была б расьцярушана паміж рознымі структурамі, ніяк не залежнымі ад народу. Гэта значыць, будзе дыктатура, але — без аднаасобнага дыктатара.

Задача складаная і наўрад ці вырашальная. Бо адразу ўзьнікае шэраг праблем.

Найперш, сусьветны досьвед паказвае, што ў пэрсаналісцкіх рэжымах сыход дыктатара, як правіла, выклікае палітычны крызіс. Бо няма мэханізмаў перадачы ўлады.

Галоўная праблема ў тым, што ў такіх сыстэмах не працуюць асноўныя дзяржаўныя інстытуты. Напрыклад, у сёньняшняй Беларусі Нацыянальны сход са сваімі дзьвюма палатамі, Канстытуцыйны суд і звычайныя суды, мясцовыя саветы існуюць толькі ў выглядзе імітацыі. Тое самае можна сказаць і пра УНС. Дый урад функцыянуе роўна ў тых вузкіх рамках, якія вызначыў Лукашэнка. Эфэктыўна працуюць толькі карныя органы. І разьлічваць на тое, што ў выпадку сыходу Лукашэнкі гэтыя атрафаваныя інстытуты раптам ажывуць, запрацуюць, даволі наіўна.

І вось у гэтую непрацаздольную канструкцыю Лукашэнка запускае яшчэ адзін дадатковы элемэнт у выглядзе Ўсебеларускага народнага сходу. Такім чынам, простая як аглобля сыстэма аднаасобнай улады празьмерна ўскладняецца. Аўтарытарная сыстэма кіраваньня па самой сваёй прыродзе ня можа быць складанай. Гэта дэмакратычныя сыстэмы складаныя, шматслойныя, шматузроўневыя, плюралістычныя. А аўтарытарызм павінен быць аднародным, адназначным, са зручнымі для кіраваньня жорсткімі мэханізмамі, якія грунтуюцца на слогане «я начальнік — ты дурань».

Трэба адзначыць, што УНС у прынцыпе не прызначаны для дзяржаўнага кіраваньня. 1200 чалавек, сабраўшыся на паседжаньне раз на год, ня ў стане ня толькі прыняць нейкія важныя рашэньні, але нават абмеркаваць сур’ёзныя праблемы дзяржаўнай палітыкі. Усе шэсьць УНС толькі штампавалі падрыхтаваныя загадзя дакумэнты. Ператварыць імітацыйны інстытут у рэальны орган дзяржаўнага кіраваньня немагчыма паводле вызначэньня. Адзінае, што ў стане зрабіць УНС у новым статусе, гэта канчаткова разбалянсаваць сыстэму кіраваньня, якая і так акажацца разбалянсаванай, калі будзе выдалены галоўны яе стрыжань — аднаасобны ўладар.

Тут дарэчы ўзгадаць досьвед гарбачоўскай перабудовы. У стройную і простую савецкую сыстэму былі ўнесены разбуральныя для яе элемэнты. У плянавую эканоміку запусьцілі вірус самаакупнасьці, самафінансаваньня, самакіраваньня прадпрыемстваў. У таталітарную палітычную сыстэму з кіроўнай роляй КПСС быў запушчаны вірус галоснасьці. Здавалася б, на сёньняшні погляд, бяскрыўдныя рэчы. Аднак у выніку праз кароткі час сыстэма пайшла ўразнос.

То бок, мяркуючы па ўсім, Лукашэнка ўласнымі рукамі закладае ў сваю сыстэму міну. Застаецца чакаць, хто на яе першым наступіць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG