Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская выведка выявіла, што іранскія дроны пастаўлялі ў Расею пасьля 24 лютага. У іх дэталі з ЗША і Эўразьвязу. ФОТА


Іранскі дрон Mohajer-6, які прызямлілі ва Ўкраіне. Расея выкарыстоўвае гэтыя дроны для атак на мірных жыхароў Украіны і аб’екты крытычнай інфраструктуры
Іранскі дрон Mohajer-6, які прызямлілі ва Ўкраіне. Расея выкарыстоўвае гэтыя дроны для атак на мірных жыхароў Украіны і аб’екты крытычнай інфраструктуры

Іран прызнаў, што перадаваў дроны Расеі, але гэта нібыта было за некалькі месяцаў да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведаміла першыя вынікі вывучэньня іранскіх бесьпілётнікаў «Shahed-136», «Shahed-131» і «Mohajer-6», якімі Расея атакуе мірных жыхароў Украіны і аб’екты крытычнай інфраструктуры.

Рэшткі іранскага дрону, які знаходзіцца на расейскім узбраеньні, знойдзеныя ва Ўкраіне
Рэшткі іранскага дрону, які знаходзіцца на расейскім узбраеньні, знойдзеныя ва Ўкраіне

Прадстаўнікі вайсковай выведкі знайшлі зьвесткі, якія могуць сьведчыць, што іранскія бесьпілётнікі пастаўлялі ў Расею пасьля 24 лютага 2022 году, калі расейскія войскі поўнамаштабна ўварваліся на тэрыторыю Ўкраіны.

Супрацоўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны апавядае пра дэталі, усталяваныя на іранскім дроне Mohajer-6. Такія дроны Расея выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны
Супрацоўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны апавядае пра дэталі, усталяваныя на іранскім дроне Mohajer-6. Такія дроны Расея выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны

«Прапэлер бесьпілётніка „Mohajer-6“ выраблены сёлета ў лютым. Гэта толькі выраблены, а яшчэ патрэбны час, каб даставіць яго ў Расейскую Фэдэрацыю. То бок яны былі пастаўленыя сёлета», — паведаміў Васіль, прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі.

Паводле яго, гэты тып бесьпілётніка зьбіраюць з дэталяў, зробленых у розных краінах. Большасьць дэталяў з ЗША, рухавік — з Аўстрыі, камэра — зь Японіі.

Супрацоўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны апавядае пра дэталі, усталяваныя на іранскім дроне Mohajer-6. Такія дроны Расея выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны
Супрацоўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны апавядае пра дэталі, усталяваныя на іранскім дроне Mohajer-6. Такія дроны Расея выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны

«Ніводнага расейскага элемэнту мы тут не знайшлі. На адным элемэнце ёсьць надпіс і на фарсі. Камэра бачнага дыяпазону — Японія. Лазэрны далямер кітайскай вытворчасьці. Авіябомба іранскай вытворчасьці», — удакладніў прадстаўнік украінскай выведкі.

Бесьпілётнік Shahed-136 таксама зроблены з дэталяў ЗША, Кітаю, Нямеччыны і Японіі.

Украінскае выданьне «Суспільне» паведаміла, што Ўкраіна перадала краінам-партнэрам усю інфармацыю, уключаючы сэрыйныя нумары дэталяў і зьвесткі пра вытворцаў дэталяў.

Расея з 13 верасьня пачала выкарыстоўваць у вайне з Украінай іранскія дроны-камікадзэ, запускаючы іх і зь беларускай тэрыторыі. Украінская выведка паведаміла, што дроны перадае Іран, а на акупаваных тэрыторыях і ў Беларусі працуюць іранскія апэратары бесьпілётнікаў.

6 лістапада Іран прызнаў, што перадаваў дроны Расеі, але гэта нібыта было за некалькі месяцаў да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
4 лістапада міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў паведаміў, што ў першай партыі завезеных іранскіх бесьпілётнікаў было 300 адзінак, але Расея іх ужо выкарыстала. Паводле яго, іранскі бок абавязаўся перадаць Расеі яшчэ ад 1,5 да 2,4 тысячы бесьпілётнікаў.

«[Такую колькасьць] іранскі бок абавязаўся перадаць. Але, улічваючы тое, што Іран пастаўляе гэтыя дроны яшчэ і іншым краінам для баявых дзеяньняў, і зараз у іх там у саміх ня вельмі спакойна [сытуацыя] разьвіваецца, маю надзею, што ня ўсе гэтыя абавязаньні перад Расеяй іранскі бок зможа выканаць», — патлумачыў міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG