Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два гады пасьля адкрыцьця Астравецкай АЭС: станцыя прастойвала амаль 55% часу


Астравецкая АЭС
Астравецкая АЭС

Роўна два гады таму ў Астраўцы ўрачыста запусьцілі першы энэргаблёк БелАЭС. За два гады працы БелАЭС выпрацавала крыху больш за палову аб’ёму электраэнэргіі, заплянаванага на адзін год.

Па традыцыі, якая цягнецца з савецкіх часоў, адкрыцьцё важных аб’ектаў у Беларусі прымяркоўваюць да афіцыйных сьвятаў. Ня быў выключэньнем старт працы першага энэргаблёку БелАЭС, які ўрачыста запусьцілі 7 лістапада 2020 году пры ўдзеле Лукашэнкі, які тады заявіў, што гэта «гістарычны момант — краіна становіцца ядзернай дзяржавай». Хоць насамрэч атамная станцыя зусім не азначае зьяўленьня ў дзяржаве ядзернай зброі, піша Zerkalo.

Міністар энэргетыкі Віктар Каранкевіч у той жа дзень заявіў, што БелАЭС будзе вырабляць каля 18 млрд. кВт/г электраэнэргіі. Чакалася, што яна дазволіць скараціць спажываньне газу на 4,5 млрд. кубамэтраў у год. Гэта зьнізіла б валютную нагрузку на бюджэт больш як на 500 млн даляраў. Але праз два гады гэтыя пляны так і засталіся на паперы.

Да энэргасыстэмы краіны станцыю падключылі 3 лістапада 2020 году. 7 лістапада станцыю ўрачыста адкрылі, але ўжо праз два дні яна перастала выпрацоўваць электраэнэргію. Адключэньні энэргаблёку бывалі даволі часта ў пэрыяд выхаду на поўную магутнасьць.

Гэта нармальная практыка: магутнасьць выпрацаваньня электраэнэргіі павялічваюць, потым энэргаблёк спыняюць і правяраюць усе сыстэмы. Калі ёсьць няспраўнасьці ці збоі, іх ухіляюць. Пасьля магутнасьць зноў павялічваюць і паўтараюць увесь працэс і так да дасягненьня 100% магутнасьці.

Але паўзы не спыніліся ні пасьля вываду энэргаблёку на поўную магутнасьць у студзені 2021 году, ні нават пасьля яго ўводу ў прамысловую эксплюатацыю 10 чэрвеня 2021 году.

У выніку з моманту ўключэньня першага энэргаблёку ў энэргетычную сыстэму прастояў набегла на 363 дні (бяз двух дзён цэлы год) або на 47,7% часу. А з моманту ўвядзеньня ў прамысловую эксплюатацыю, гэта значыць з чэрвеня мінулага году, станцыя прастойвала 54,8% часу.

Улетку сёлета Каранкевіч даў справаздачу: з моманту ўключэньня першага энэргаблёку БелАЭС у энэргасыстэму выпрацавана 9,3 млрд квт/г электраэнэргіі, што дазволіла зэканоміць 2,4 млрд кубамэтраў прыроднага газу. З увагі на тое, што з таго часу станцыя не працавала, вынікае, што за два гады працы першы энэргаблёк аб’ёмам выпрацаванай электраэнэргіі ледзь перавысіў палову гадавога пляну.

Апошні раз АЭС перастала падаваць энэргію ў сетку сёлета ў канцы красавіка, калі першы энэргаблёк спынілі на плянавы рамонт. Запрацаваць ён меў у ліпені, аднак гэтага ня здарылася. У жніўні чыноўнікі заявілі, што плянава-папераджальны рамонт завершаны. Але станцыя не запрацавала. У кастрычніку ў Мінэнэрга раптам паведамілі, што «плянавы» рамонт падоўжаны.

Паводле непацьверджанай інфармацыі, у жніўні на станцыі адбылася няштатная сытуацыя — згарэў ротар генэратару. Гэта азначае, што першы энэргаблёк запусьцяць толькі пасьля яго замены, нібыта ў канцы лістапада. Але ў Мінэнэрга гэтую інфармацыю зьняпраўджваюць.

«Плянавы рамонт працягнулі, бо патрабуюцца дадатковыя працы для падвышэньня надзейнасьці турбін. Праводзяцца дадатковыя выпрабаваньні з улікам досьведу эксплюатацыі аналягічнага абсталяваньня на іншых АЭС — у Варонескай і Ленінградзкай вобласьцях Расеі», — заяўляў намесьнік міністра энэргетыкі Міхаіл Міхадзюк.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG