На афіцыйным сайце цэнтру паведамляецца, што «ЧВК Вагнер Центр» — гэта комплекс будынкаў, у якім знаходзяцца месцы для бясплатнага разьмяшчэньня вынаходнікаў, праектантаў, IT-спэцыялістаў, экспэрымэнтальнай вытворчасьці і стартап-прастораў.
Заяўлена, што місія «ЧВК Вагнер Центра» — «забесьпячэньне камфортнага асяродзьдзя для генэрацыі новых ідэй з мэтай павышэньня абараназдольнасьці Расеі, у тым ліку інфармацыйнай».
- ПВК «Вагнэр» — расейскае неафіцыйнае вайсковае падразьдзяленьне, якое ня значыцца на балянсе вайсковых ведамстваў і ў рэестры юрыдычных асобаў, аднак яго байцы, па зьвестках шматлікіх журналісцкіх расьсьледаваньняў, бяруць удзел у наземных апэрацыях РФ у Сырыі, Афрыцы і ў вайне ва Ўкраіне.
- ПВК «Вагнэр» лічыцца адным з найбольш баяздольных падразьдзяленьняў, якія ўдзельнічаюць у баях на ўкраінскіх тэрыторыях. Паводле зьвестак расьсьледніцкай групы Bellingcat, байцы «Вагнэра» маюць дачыненьне да шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Паводле шматлікіх зьвестак, якія зьяўляліся ў расейскіх СМІ, у апошнія месяцы на вайну ва Ўкраіну вэрбавалі і зьняволеных у расейскіх калёніях. Паведамлялася, што прыяжджаў туды асабіста расейскі бізнэсмэн, уладальнік «Вагнэра» Яўген Прыгожын, якога лічаць цесна зьвязаным з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Загінулым на вайне ён абяцаў дастойнае пахаваньне. Тым, хто адваяваў паўгода, абяцае памілаваньне, ахвотным — далейшую працу ў ПВК.
- Яўген Прыгожын доўгі час адмаўляў як сваю сувязь з ПВК, так і вэрбаваньне зьняволеных. Аднак напрыканцы верасьня 2022 году ён пацьвердзіў, што зьяўляецца заснавальнікам прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». Адпаведнае прызнаньне зьмяшчалася ў адказе прэс-службы зьвязанай з Прыгожыным кампаніі «Канкорд» на запыт выданьня «Блокнот», апублікаваным у панядзелак, 26 верасьня, у расейскіх інтэрнэт-СМІ. У сваім адказе Прыгожын паведамляе, што стварыў ваенізаванае фармаваньне ў траўні 2014 году для падтрымкі сэпаратыстаў Данбасу.